В Кореличах прошел конкурс профессионального мастерства «Лучший социальный работник-2023»

У Цэнтры сацыяльнага аблугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна праведзены раённы конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы сацыяльны работнік-2023 года».

Загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму пажылым грамадзянам і інвалідам Алена Арцюх назвала конкурс добрай традыцыяй, сацыяльных работнікаў — людзьмі вялікай душы, якім талентаў не займаць.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш адзначыла вялікую ролю сацыяльнага работніка і жаданне дапамагаць пажылым людзям. Кожны з іх з’яўляецца прафесіяналам сваёй справы, на конкурсе яго ўдзельнікі змогуць прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства.

Конкурс складаўся з трох тураў. У першым пад назвай «Маё прызванне — сацыяльная работа» яго ўдзельнікі адкрыта і шчыра расказвалі аб сабе, працы, навыках, захапленнях. Другі тур «Я — прафесіянал сваёй справы» ўключаў 10 пытанняў, на якія трэба было даць адказы, напрыклад: «Якія дакументы неабходны для залічэння на надомнае абслугоўванне?», «Абавязкі сацыяльнага работніка, дакументацыя» і іншыя. У трэцім туры конкурсу «Творчая майстэрня» ўдзельнікі дэманстравалі свае ўменні: спявалі песні, чыталі вершы, ставілі п’есу, расказвалі аб захапленнях.

Члены журы далі высокую адзнаку ўбачанаму. Яго старшыня Іна Богуш адзначыла, што давялося ўбачыць майстроў, мадэльераў, мастакоў, каструктараў, блогераў, і ўсё гэта было выканана з любоўю, пачуццём, павагай. На ўсё і заўсёды ў сацыяльных работнікаў ёсць сілы, цярпенне, уменне. Яны ўдзяляюць увагу пажылым людзям і сваёй сям’і. Паказаны рабочыя моманты, уменне сябраваць, дарыць радасць.

Іна Аляксандраўна назвала конкурс нялёгкім, але сацыяльныя работнікі справіліся паспяхова. Пераможцам выйшла Наталля Ясюля. Дыплом другой ступені ўручаны Анастасіі Жалезкай. Марыя Станкевіч і Таццяна Манько атрымалі Дыпломы 3-й ступені. Дарэчы, Марыі Станкевіч аддадзены і «Прыз глядацкіх сімпатый».
Увагу прыцягнула выстава работ «Рукі не ведаюць суму».

Прадстаўлены распрацоўкі і малюнкі рабочага адзення сацработніка.

Пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства Наталля Ясюля адзначае:

— Сацыяльны работнік — не толькі прафесія і работа, а родны і блізкі чалавек. Яму пажылыя людзі давяраюць самыя важныя дакументы і свае фінансы, сакрэты і пажаданні. Фотаздымкі ў сямейным альбоме перагледзены разам і не адзін раз. Шмат успамінаў, аповедаў выслухана, радасных і сумных, са слязьмі на вачах. Вывучаны густы тых, каму купляюць і прыносяць прадукты. Дні нараджэння, Дзень Перамогі, Вялікдзень, многія святы — павіншаваць з імі не абавязак, а духоўная норма ў нашых адносінах.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ