Боксер Алексей Алфёров: «Победить мне помогла вера в меня моих тренеров»

14 кастрычніка баксёр з г.п. Карэлічы Аляксей Алфёраў атрымаў перамогу на Кубку Еўрапейскай канфедэрацыі бокса. У 23-гадовага спартсмена гэта не першае золата міжнародных спаборніцтваў.

Спаборніцтвы праходзілі ў горадзе Будва Рэспублікі Чарнагорыя. Спартсмен правёў чатыры паядынкі і ў кожным атрымаў перамогу. У папярэднім раўндзе беларус адолеў украінца Мікіту Гарбаценку, у чвэрцьфінале — Эльдара Гуліева з Азербайджана, у паўфінале Алфёраў быў мацнейшы за армянскага спартсмена Рафаэля Аванісяна, а ў рашаючым баі перамог расіяніна Вадзіма Шчаблыкіна. Два баі ён увогуле завяршыў датэрмінова, адправіўшы сапернікаў у накаўт у трэцім і другім раўндах.

— Асаблівай матывацыі дадавала вера ў мяне маіх трэнераў: Івана Уладзіміравіча Дзёмушкіна і Аляксея Аляксандравіча Волчана. Яны ўклалі ў мяне вельмі шмат сіл і эмоцый, а гэта акупляецца перамогай. Я стаяў на пераможным п’едэстале, быў узняты сцяг Рэспублікі Беларусь, гучаў наш гімн і мяне перапаўнялі пачуцці гонару і радасці за нашу краіну, — кажа спартсмен.

Зараз Аляксей Алфёраў з’яўляецца магістрантам факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Трэніруецца ў Гродзенскім абласным комплексным цэнтры алімпійскага рэзерву, рыхтуецца да будучых Алімпійскіх гульняў.

— Калі будзе магчымасць выступіць на Алімпіядзе, з задавальненнем гэта зраблю. Пакуль жа вучуся і ўзмоцнена трэніруюся, каб праслаўляць сваю Радзіму, — дзеліцца наш зямляк.

Іна ЛЕЙКА

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц