В СПК «Маяк-Заполье» идет уборка сахарной свеклы и кукурузы

У сельгаспрадпрыемствах Карэліцкага раёна немалое значэнне мае ўборка кукурузы на сілас і зерне. Гэтая культура — істотны складнік у структуры ўраджаю, што нядзіўна, бо кукурузнае зерне — выдатны стратэгічны запас для жывёлагадоўчай сферы гаспадарак. У першую чаргу яно ідзе на выраб канцэнтраваных кармоў.

Як ідуць справы з нарыхтоўкай кармоў у СВК «Маяк-Заполле», мы даведаліся падчас чарговай сустрэчы на кукурузных палетках.

Тэхніка для ўборкі выходзіць на палі не з самай раніцы. Ад расы расліна вільготная, таму механізатары чакаюць, калі яна трохі падсохне. Затое потым праца на полі працягваецца да вечара.

Плошчы пад царыцу палёў у «Маяку» займаюць 600 гектараў. 506 з іх плануюць убраць на сілас і падкормку, астатняе — на зерне.

Паблізу вёскі Бушкі кіпіць праца. Уся тэхніка ў страі: трактары, МАЗы і кормаўборачны камбайн. Зладжаная каманда працуе, як адзіны арганізм. Месца аўтамабіля з поўным кузавам кукурузнай масы адразу замяняе наступны. Усяго на адвозцы працуюць 6 адзінак тэхнікі. Свайго роду кукурузны караван. Усе разам выконваюць агульную задачу — забяспечваюць кармамі пагалоўе гаспадаркі, каб зімой атрымаць ад яго аддачу.

На кормаўборачным камбайне «Ягуар» шчыруе механізатар Сяргей Рабко. У гаспадарку прыйшоў у 2017 годзе, таму вопыт працы ў сельскай гаспадарцы маецца. Даручаную тэхніку да выхаду ў поле рыхтуе добрасумленна, штодня аглядае асноўныя вузлы, і яна не падводзіць у поле.

Аграрыі адзначаюць, што ўборка кукурузы — справа важная і адказная. Яны разумеюць, ад таго, як сёння папрацавалі, будзе залежаць наяўнасць кармавой базы.

— Сілас валодае высокай энергетычнай каштоўнасцю. Таму яго выкарыстанне вельмі важна, асабліва зімой. Такое харчаванне павышае прадуктыўнасць дойных кароў. Да ўсяго стараемся падыходзіць рацыянальна. Галоўнае — не зніжаць тэмпы, строга выконваць тэхналагічны працэс і працоўную дысцыпліну, —  адзначаюць «маякоўцы».

На завяршальнай стадыі ў прадпрыемстве ўборка цукровых буракоў. Сёлета на палях гаспадаркі караняплод быў пасеяны на плошчы 400 гектараў.

На полі за вёскай Паланая за рулём буракаўборачнага камбайна «Holmer» працуе механізатар Віктар Галавач. Праходзячы праз камбайн, буракі чысцяцца, з іх зразаецца бацвінне. За некалькі хвілін бункер напаўняецца, караняплоды тут жа выгружаюць у прычэпы трактароў, якія адвозяць іх у бурт. Тут жа дзяжурыць камбайн для загрузкі буракоў «Ropa Maus», які называюць проста «мыш». Менавіта ён загружае масу ў фуры, якія адпраўляюцца на цукровы завод. На трактарах, якія адвозяць груз да «мышы», працуюць Валерый Шэўка і Аляксей Альгамец. За плячыма мужчын амаль паўстагоддзя працы на дваіх: Аляксей у “Маяку” ўжо 18 гадоў, Валерый — 30. Яны кажуць, што ўраджай у гэтым годзе добры, аднак важна своечасова яго ўбраць, пакуль не ўдарылі маразы.

Механізатар СВК «Маяк-Заполле» Аляксей Альгамец

Механізатар СВК «Маяк-Заполле» Віталій Шэўка

На полі нас сустракае памочнік загадчыка ўчастка Міхаіл Качан. Ён працуе ў “Маяку” ўжо 33 гады, таму ведае ўсе тонкасці вырошчвання і апрацоўкі зямлі, і ахвотна распавядае пра цукровы караняплод:

— Важна строгае захаванне тэхналогій вырошчвання, кожны этап мае свае асаблівасці. Падчас закладкі ўраджаю выкарыстоўвалі высокаўраджайныя гібрыды. Перад сяўбой унеслі ў глебу неабходную колькасць мінеральных угнаенняў, а ў сезон апрацоўвалі расліны ад пустазелля, хвароб і насякомых-шкоднікаў. І ўсё ў дакладныя тэрміны. Гэта ў сукупнасці з добрым надвор’ем у верасні, калі караняплод набірае цукрыстасць і рост, дазволіла вырасціць добры ўраджай.

Акрамя фінансавага складніка, ёсць і іншае немалаважнае значэнне цукровых буракоў. Другасныя прадукты іх перапрацоўкі — жом і патака —  выкарыстоўваюцца ў якасці дадатку да кармоў для буйной рагатай жывёлы. А яшчэ гэтая сельгаскультура — добры папярэднік пад яравыя збожжавыя. У гаспадарцы адзначаюць: займацца вырошчваннем цукровых буракоў выгадна, тым больш, што атрыманы добры ўраджай: 18 924 тон пры ўраджайнасці 570 цэнтнераў з гектара. А гэта, у перспектыве, нядрэнны прыбытак. Аднак аграрыі не ўтойваюць, буракі — культура патрабавальная і клапотная.  Вынік дапамагаюць атрымаць рэгулярныя падкормкі і апрацоўкі ад пустазелля, дакладнае выкананне тэхналогій вырошчвання.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара