Багацце душы настаўніка і музыканта. Карэліччанка Марыя Бажко 47 гадоў выкладае музыку

Музыка — адна з найтанчэйшых матэрый, якая размаўляе з душой чалавека. Яе Вялікасць  Музыка ніколі не фальшывіць, як і душа сапраўднага паэта, таму яны – адзінае цэлае.  Гэтыя радкі суадносны  з настаўнікам  Карэліцкай  дзіцячай школы мастацтваў па класе домра Марыяй Уладзіміраўнай Бажко.  Актыўная, пазітыўная, творчая жанчына,  выступаючы на сцэне, здзіўляе і захапляе гледачоў сваім талентам, у вучэбным кабінеце  міжвольна прымушае не толькі чуць чароўныя мелодыі, а і цалкам пранікнуцца імі.

– Марыя Уладзіміраўна, Вы педагог амаль з 47-гадовым стажам. Як пачынаўся Ваш працоўны  шлях?

– Я нарадзілася ў Бабруйску ў сям’і,  дзе заўсёды гучала музыка.  Мае бацькі хоць і былі самавучкамі,  але і спявалі, і ігралі на музычных інструментах.    Музыка  заўсёды была побач са мной.  Мне вельмі падабалася гучанне мандаліны, таму пайшла вучыцца  ў музычную школу. Потым  спасцігала навуку ў Гродзенскім музычным вучылішчы па спецыяльнасці “струнныя народныя інструменты”,  скончыла  Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці “аркестровае дырыжыраванне”. Авалодала ігрой на розных інструментах.    Я разумела, што гэта маё, і  ведала, што калі звяжу сваё жыццё з музыкай, то абавязкова буду шчаслівая.  Вядома,  даводзілася  шмат вучыцца, мастацтва патрабуе вялікіх ведаў і майстэрства. Мне  вельмі шанцавала з педагогамі. Адзін з іх, Барыс Тарасавіч Варфаламееў,   па-сапраўднаму ведаў і любіў сваю справу, і  гэта для мяне было  вельмі важна.  Пасля  таго, як атрымала адукацыю,  пяць гадоў іграла ў  Бабруйскім аркестры, працавала ў музычнай студыі  29-й школы горада па класе баян, некаторы час была дырэктарам клуба Бабруйскага гарбарнага камбіната. На Карэліччыну прыехала ў 1973 годзе. Пачынала працаваць музычным кіраўніком у дзіцячым садзе № 1 райцэнтра,  з 1976 года –  у музычнай школе настаўнікам струнных народных інструментаў. За гады працы выпусціла шмат вучняў,  некаторыя з іх: Ігар Санчук, Алена Жук – цяпер мае калегі, бо сваё жыццё вырашылі  звязаць з музыкай.

Акрамя таго, што я настаўнік,  з задавальненнем кірую народным  аркестрам народных інструментаў настаўнікаў Карэліцкай ДШМ «Жытніца». Рэпертуар  складаюць творы вядомых класікаў, сучасных рускіх і беларускіх кампазітараў, народныя апрацоўкі, арыгінальныя творы. Неаднаразова былі ўзнагароджаны граматамі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і аддзела культуры Карэліцкага райвыканкама за высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць.

– Як Вы лічыце,  чым дапамагае музычная адукацыя дзецям?

–  Калі дзіця займаецца музыкай, у яго змяняецца  кругагляд, яна выхоўвае душу чалавека.  Вучні музычнай школы вывучаюць музычную літаратуру, сальфеджыа,  удзельнічаюць у конкурсах. Заняткі музыкай спрыяюць развіццю механічнай, зрокавай і слыхавой памяці. Акрамя ўсяго іншага,  дзеці  атрымліваюць навыкі акцёрскага майстэрства, уменне падаць сябе аўдыторыі, правільна трымацца на сцэне. Усе гэтыя працэсы ўзаемазвязаны і комплексна вядуць да развіцця дзіцяці як асобы.

– Дадатковая нагрузка ў школе мастацтваў не перашкаджае асноўнаму працэсу навучання ў агульнаадукацыйнай школе?

–   Я абсалютна ўпэўнена, што гэта ўсё ідзе толькі на карысць школьніку. Калі яго прывучыць з дзяцінства планаваць свой час і праводзіць яго з карысцю, то ў будучым гэта дапаможа яму дасягнуць высокіх вынікаў у любой сферы грамадскага жыцця.

– Дзе Вы ў сваім паважаным узросце знаходзіце сілы і шукаеце натхненне?

– Натхніць можа ўсё: кіно, літаратура, музыка. Я ўвесь час гавару і дзецям, і іх бацькам, што побач павінны быць кнігі і запісы розных выканаўцаў: ты іграеш Бетховена, развучваеш складанае месца – спыніся на імгненне, вазьмі кнігу пра яго жыццё, пра яго светапогляд, паслухай запіс. Так ты паволі пачнеш разумець, пра што іграеш.  А увогуле,  натхняешся тады, калі знаходзіш сябе ў чымсьці — у нейкай гісторыі, музыцы. І я не выключэнне. Займаюся любімай справай, перадаю свае веды падрастаючаму пакаленню – і я шчаслівы чалавек.

– Марыя Уладзіміраўна, што ж такое культура, па-Вашаму?

– Гэта вышэйшая каштоўнасць любога народа, гэта яго карані. Гэта гучанне генаў у кожным з нас, і толькі прыслухаўшыся да гэтай музыкі, чалавек у стане ідэнтыфікаваць сябе  як асобу.  Задача прадстаўнікоў нашай прафесіі – несці культуру, захоўваць, перадаваць падрастаючаму пакаленню, а гэта тытанічная праца. Чалавек без культуры – гэта чалавек без гісторыі, без нацыі, без краіны.

–  Як праводзіце свой вольны час?  У Вас ёсць хобі?

– Выхадныя люблю праводзіць за чытаннем. Падабаюцца творы сучасных аўтараў, перачытваю класікаў рускай літаратуры, увогуле падабаецца гістарычная літаратура. Не адмоўлю сабе ў задавальненні пагартаць літаратуру, прысвечаную асобаснаму росту. Але музыка мяне не пакідае і дома: іграю і спяваю для душы.

 – Што б Вы хацелі пажадаць работнікам культуры ў іх прафесійнае свята?         

–   Жадаю ўсім  творчага натхнення і патэнцыялу, новых поспехаў і фантазіі і самае галоўнае – задавальнення ад сваёй працы. Моцнага вам здароўя, сіл і душэўнага спакою!

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва героя

1