В ЦСОН Кореличского района пожилые люди могут заниматься фитболом

У восеньскія дні многія людзі пажылога ўзросту адчуваюць на сабе падвойную ўвагу і клопат. І гэта невыпадкова: Дзень пажылых людзей  адзначаецца 1 кастрычніка, а сам узрост называюць восенню жыцця. Гэта яшчэ і магчымасць знайсці занятак для душы.

Нядаўна добрая вестка прыйшла ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Выдзелена спонсарская дапамога на набыццё спартыўнага інвентару для аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту. Грашовыя сродкі атрыманы ад  таварыства з абмежаванай адказнасцю «Фиолент».

Як адзначае загадчык аддзялення Вольга Жук, гэта дазволіць павялічыць колькасць наведвальнікаў фізкультурна-аздараўленчага гуртка «Крокі да здароўя» і зрабіць больш разнастайнымі практыкаванні для яго ўдзельнікаў.

У аддзяленне набыты дыванкі для ёгі і фітнесу, масажныя фітболы, дартс, абручы хулахуп, гантэлі, палкі для скандынаўскай хады.

Зараз у гуртку «Крокі да здароўя»   займаюцца 24 удзельнікі  розных узростаў: самай малодшай — 65 гадоў, старэйшай — 82. У Цэнтры мяркуюць, што новае спартыўнае абсталяванне выкліча большую цікавасць да заняткаў фізкультурай і спортам у многіх пажылых грамадзян гарадскога пасёлка Карэлічы, і ў іх з’явіцца жаданне займацца спортам.

Да прыкладу, фітболу раней не было, цяпер жа наведвальнікам гуртка «Крокі да здароўя» можна займацца аэробікай з мячамі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Алены УЦІНАЙ