Свинокомплекс «Луки» ГП «Луки-Агро» наращивает производство
Свінагадоўчы комплекс “Лукі” ДП “Лукі-Агра” — традыцыйна адзін з лепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Па сярэднясутачных прывагах і якасных паказчыках комплекс мае станоўчую дынаміку. За 8 месяцаў 2023 года вытворчасць свініны ў жывой вазе склала 110,6%, сярэднясутачныя прывагі — 730 г (105,8%). Лукскія свінаводы стабільна пастаўляюць сваю прадукцыю на ААТ “Слонімскі мясакамбінат”.
Начальнік свінакомплекса Аляксандр Сак кажа, што ў калектыве працуе 38 чалавек. Выпадковых людзей тут няма. Кожны спецыяліст і працаўнік дакладна ведае сваю справу і выконвае тэхналагічны рэгламент, адсюль і вынікі.
Свінагадоўчая галіна адрозніваецца высокай прадуктыўнасцю, энергетычнай каштоўнасцю вырабленай прадукцыі. Таму на прадпрыемстве створаны сур’ёзныя меры бяспекі для захавання пагалоўя, выразна адладжана вытворчая і працоўная дысцыпліна. Так, кожны дзень, прыходзячы на працу, супрацоўнікі комплексу абавязкова праходзяць працэдуру дэзінфекцыі, пасля чаго пераапранаюцца ў рабочую вопратку. На тэрыторыю нельга прыносіць прадукты харчавання, забаронена карыстанне мабільнымі тэлефонамі, пад забаронай розныя ўпрыгажэнні, самавольнае перамяшчэнне па тэрыторыі: работнік не мае права пераходзіць з аднаго жывёлагадоўчага памяшкання ў іншае, пакідаць працоўнае месца без узгаднення. Усім катэгарычна забаронена на сваім асабістым падворку трымаць свіней і наведваць лясныя масівы. Спецыялістам зоаветэрынарнай службы нельга наведваць асабістыя падсобныя гаспадаркі для аказання ветэрынарнай дапамогі. Усё гэта робіцца для таго, каб прадухіліць занясенне віруса афрыканскай чумы свіней — небяспечнага захворвання, здольнага выкасіць усё пагалоўе.
— Мы сочым, каб выконваліся ўсе неабходныя ўмовы бяспекі, — кажа Аляксандр Сак. — Кожны памятае 2013 год, калі па ўсёй краіне адзначалася ўспышка захворвання, і давялося знішчаць пагалоўе. Афрыканская чума свіней прымусіла прыняць сур’ёзныя меры бяспекі. Працуем, кіруючыся пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 758 “Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёл”.
На комплексе, дзе разводзяць свіней парод ландрас і ёркшыр, на высокім узроўні наладжана селекцыйна-племянная работа. За 8 месяцаў гэтага года атрымана 15 735 парсючкоў прыплоду, рост склаў 107,5%.
У цяперашні час на свінакомплексе змяшчаецца 12 624 галавы. Для нармальнага функцыянавання комплексу на тэрыторыі маюцца цэхі ўзнаўлення і адкорму, дагадоўвання і апаросу, пункт штучнага асемянення, бытавыя памяшканні: душавыя, пакой адпачынку і прыёму ежы. У пральні мыецца і сушыцца адзенне, у кожнага свая шафка для пераапранання, на комплексе ёсць усё неабходнае для камфортнай працы.
Гадаванцаў на комплексе кормяць камбікармамі ўласнай вытворчасці. Рэцэптуру кармоў начальнік свінакомплекса складае сам, у адпаведнасці з патрэбамі кожнай фізіялагічнай групы.
— Складаем рацыён у адпаведнасці з тэхналогіяй, выконваючы ўсе патрабаванні, — расказвае кіраўнік. — Вынік — добрая эканоміка.
У размове аб вытворчых паказчыках Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што яны дасягнуты штодзённай карпатлівай працай кожнага работніка. Адна з галоўных задач, якая стаіць перад калектывам, — павялічваць сярэднясутачныя прывагі і прыплоды, нарошчваючы прадуктыўнасць.
Гэтыя задачы можа ажыццявіць толькі зладжаная праца ўсяго калектыву, а значыць, для кожнага яго паўсядзённая праца павінна быць у радасць, толькі ў гэтым выпадку ёсць магчымасць выйсці на новыя рубяжы.
У тэму
Развіццю свінагадоўлі надае асаблівую ўвагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У верасні ён правёў нараду, прысвечаную развіццю гэтай галіны. На нарадзе Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што галіна павінна рухацца па шляху стварэння высокатэхналагічных комплексаў, як пры мадэрнізацыі ўжо наяўных, так і пры будаўніцтве новых. Трэба будзе правесці дэталёвы аналіз у разрэзе рэгіёнаў, каб вызначыцца, дзе, колькі і якіх комплексаў трэба ўзвесці або рэканструяваць, якім будзе дапамога і ўдзел з боку дзяржавы. Па аналогіі з тым, як гэта было зроблена ў краіне з малочнатаварнымі комплексамі.
За 8 месяцаў 2023 года ў раёне атрымана 7349,4 т свініны (+782 т, або 111,9%). План выкананы на 102,4%. Сярэднясутачныя прывагі — 691 г (+10 г, або 101,5%), заданне выканана на 99%.
Сяргей СТОЛЯР
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ