Перспективный кадровый резерв Кореличчины посетил заседание Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь

Перспектыўны кадравы рэзерв Карэліччыны, актыўная моладзь раёна пабывалі на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Карэліччан сустрэў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Сонгін, які правёў невялікую экскурсію па Авальнай зале, расказаў, як праходзяць пасяджэнні.

Перад членамі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі з дакладам “Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці работы будаўнічага і транспартнага комплексаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі” выступіў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак, які адзначыў, што меры, прынятыя Кіраўніком краіны і Урадам у мэтах актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці, дазволілі выйсці на станоўчыя паказчыкі работы галіны. Так, напрыклад, аб’ёмы падрадных работ за дзевяць месяцаў 2023 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выраслі на 12,3%, валавая дабаўленая вартасць у будаўніцтве павялічылася на 9,7%.Завяршыўшы даклад, прэм’ер-міністр адказаў на пытанні парламентарыяў. Таксама далі адказы на пытанні дэпутатаў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч і міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.

Пасля пасяджэння з карэліччанамі сустрэўся намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, які расказаў моладзі пра дзейнасць партыі, планы на жыццё, пра людзей, на якіх раўняецца:

— Заўжды, калі сустракаюся з моладдзю, даю ім тры парады. Па-першае, трэба марыць. Заўжды, калі я ехаў міма гэтага будынка, марыў, што буду тут працаваць. Па-другое, цаніце тое, што вы атрымалі. Я марыў трапіць сюды, а за чатыры гады працы тут пачалася руціна. Я кажу сам сабе: “Чаму ты забыўся, аб чым марыў? Павінен успомніць, што ты хацеў гэтага”. Па-трэцяе, павінны з’яўляцца новыя мары. Неабходна заўсёды ставіць перад сабою новыя задачы, новыя мэты. У канцы жыцця вы будзеце шкадаваць аб тым, што калісьці нечага не паспрабавалі з таго, што хацелі і што маглі зрабіць. Таму, калі хочаш некуды паехаць — едзь, хочаш нешта зрабіць — рабі, закахаўся — прызнайся. Не бойцеся змяняць сваё жыццё, не працуйце на нелюбімым месцы, бо чалавек, які займаецца нелюбімай працай, — нешчаслівы. Яго шкада. Нельга ісці на работу толькі таму, што там вышэй зарплата. Немагчыма працаваць, калі не любіш сваю работу.



— Партыі неабходны для таго, каб выказваць розныя меркаванні, спрачацца, шукаць ісціну ў спрэчках, — лічыць Алег Сяргеевіч. — Не бывае краіны з адным меркаваннем, заўжды будуць розныя погляды на адно і тое ж пытанне. Не верце, калі вам у СМІ кажуць, што дэпутаты прынялі закон адразу. Мы можам доўга сядзець і абмяркоўваць законапраект, высвятляць яго хібы, спрачацца аб ім. І гэта правільна. Мы павінны займацца палітыкай у сваёй краіне, іначай гэтым будзе займацца нехта за нас.


Па словах дэпутата, ён заўжды паважаў людзей, якія перавярнулі сваю сферу дзейнасці. Назваў Алег Гайдукевіч і тых, на каго ён раўняецца:

— Зразумела, гэта мой бацька. Хаця, на першым этапе жыцця я рабіў усё яму назло. Праблема дзяцей знакамітых бацькоў у тым, што яны застаюцца ў іх цені, таму я вырашыў даказаць, што змагу дасягнуць нечага сам. Тата хацеў, каб я стаў ваенным, мама — каб пайшоў у бізнес, бабуля чакала, што я стану банкірам. Таму я вырашыў паступіць у Акадэмію МУС і скончыў яе з чырвоным дыпломам. Яшчэ адзін чалавек, які паўплываў на мяне, — Уладзімір Вольфавіч Жырыноўскі. Ён у свой час перавярнуў постсавецкую палітыку. Але я ніколі не хацеў стаць падобным на яго, бо другога, як ён, не будзе. Заўжды трэба быць самім сабою. Трэці чалавек, на якога я раўняюся — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. У 1994 годзе, калі ён першы раз прымаў удзел у выбарах, то моцна выдзеліўся з тых палітыкаў, якія працавалі ў той час.

Таксама дэпутат расказаў, хто для яго патрыёт:

— Чалавек, які любіць сваіх бацькоў, сваю сям’ю. Неабходна пачынаць з гэтага, а далей трэба распаўсюджваць гэту любоў на свой населены пункт, распаўсюджваць яе далей. Любіць сваю краіну не толькі, калі там усё добра, такога не бывае, але і калі там ёсць нейкія праблемы.

Пасля сустрэчы з Алегам Гайдукевічам карэліччане наведалі музей Палаты прадстаўнікоў, дзе ім расказалі гісторыю стварэння гэтага органа ўлады.



Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара