Многодетный отец Андрей Мазур из г.п. Мир раскрыл секреты большой и дружной семьи
Напярэдадні свята Дня бацькі, якое адзначаецца ў Беларусі ўжо ў другі раз, карэспандэнт газеты “Полымя” пагутарыла са шматдзетным татам Андрэем Мазурам, які раскрыў сакрэты вялікай і дружнай сям’і.
Спалучэнне слоў “шматдзетная маці” больш звыклае, чым “шматдзетны бацька”. Так, маці па праве карыстаюцца павагай акружаючых: на іх долю прыпадае нялёгкая ноша выхавання дзяцей, але не меншай павагі заслугоўваюць і таты ў вялікіх сем’ях. Жыццё шматдзетнага бацькі цалкам падпарадкавана патрэбам і праблемам сям’і. Акрамя таго, яны выхоўваюць сваіх сыноў і дачок ужо сваім прыкладам – адказнага стаўлення да сямейнага абавязку.
Андрэй і Святлана Мазур з г.п. Мір разам ужо больш за дзесяць гадоў. Яны выхоўваюць дзесяцігадовага Максіма, шасцігадовую Марыю і чатырохгадовую Лізавету.
— Максіму падабаецца бавіць час за маляваннем, старэйшая дачка Марыя з вялікім задавальненнем наведвае танцавальны гурток у горадзе Стоўбцы, а малая Лізачка любіць спяваць і дэкламаваць вершы, — расказвае пра сваіх дзетак глава сям’і Андрэй і з усмешкай дадае: — Пакуль што, можна сказаць, творчыя асобы, а як будзе далей, пакажа час.
Сужэнцы родам з Карэліччыны: Андрэй — з аграгарадка Аюцавічы, Святлана — з г.п. Карэлічы. Зараз вялікая дружная сям’я жыве ў сваім доме ў г.п. Мір. Будавацца пачалі адразу, калі стварылі сям’ю. Пры гэтым Мазуры падкрэсліваюць: зараз падтрымка дзяржавы шматдзетнай сям’і адчувальная.
— Адкрылі дэпазітны рахунак для шматдзетных сем’яў па праграме “Сямейны капітал”, атрымліваем матэрыяльную дапамогу да навучальнага года, харчаванне дзяцей у школе і дзіцячым садзе бясплатнае, школьныя падручнікі, білеты ў парках, забаўляльных цэнтрах, тэатрах і музеях — усё напалову, — гаворыць Святлана.
— Да знаёмства з мужам не бачыла сябе нават проста ў ролі мамы, не тое што шматдзетнай. Але ўжо пасля не сумнявалася: бацькамі нам быць. Прыйшло ўсведамленне, што дзеці — гэта наш працяг, — прызнаецца Святлана.
Андрэй Леанідавіч — галоўны інжынер Мірскага спіртзавода. Праца адказная, патрабуе шмат часу і сіл. Нягледзячы на гэта, у яго атрымліваецца знайсці баланс і надаць увагу кожнаму дзіцяці і любімай жонцы.
— Вечар і выхадныя дні цалкам прысвячаю сям’і, — кажа субяседнік. — Старэйшым дзецям дапамагаю рабіць урокі, разам з жонкай займаемся хатнімі справамі. Мы энергічныя людзі. Таму, калі прапаноўваюць паўдзельнічаць у спаборніцтвах, то мы заўсёды згаджаемся. У вольны час падабаецца ўсёй сям’ёй катацца на веласіпедах. Летам любім пасядзець на беразе ракі або возера з вудамі. Па магчымасці — падарожнічаем. Ужо пабывалі ў многіх знакавых месцах: Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, Полацку, Нясвіжы. А яшчэ мы любім туры выхаднога дня: ездзім усёй сям’ёй у санаторыі, праходзім аздараўленне.
Маладыя бацькі прывіваюць дзецям прыхільнасць да актыўнага ладу жыцця. Сваім прыкладам паказваюць, што неабходна пастаянна быць у руху, каб не заседжвацца на месцы.
Старэйшыя дзеці ва ўсім актыўна стараюцца дапамагаць бацькам.
— Гэта наша надзейная апора, — з гонарам кажа бацька. — Зручна, што дзеці вучацца ў адной школе, побач дзіцячы сад. Калі неабходна, Максім забірае малодшую Марыю з вучобы. Дзеці гуляюць разам, а мы з жонкай вырашаем бытавыя пытанні — ходзім у магазін, гатуем вячэру або робім уборку. Дзеці таксама ўдзельнічаюць у хатніх клопатах: наводзяць парадак у сваіх пакоях, даглядаюць любімага хатняга гадаванца — кошку Чарнічку.
Як і ў кожнай сям’і, у сям’і Мазур ёсць свае традыцыі: па суботах — лазня, на вялікія святы: Новы год, Каляды, Вялікдзень — яны гасцююць у бацькоў, а на дні нараджэння збіраюцца дома з усімі роднымі за вялікім святочным сталом.
На пытанне ”Якая ваша формула шчаслівага жыцця?” маладыя бацькі адказалі аднагалосна:
— Сакрэту шчасця не існуе. Усё проста і адначасова складана: каханне, узаемапавага, цярпенне. Увогул, мы не ўяўляем шчасце без дзяцей. Быць бацькамі — гэта наш свядомы выбар. І калі б нам далі магчымасць пражыць жыццё нанова, мы б зрабілі выбар на карысць бацькоўства.
— Чаму самаму галоўнаму вы б хацелі навучыць сваіх дзяцей?
— Уменню не здавацца, упэўненасці ў сабе і сваіх учынках – калі сын і дачушкі будуць ставіць мэту і ўсяляк яе дасягаць, нягледзячы на цяжкасці – значыць, мы змаглі іх гэтаму навучыць. Калі яны не будуць вінаваціць акружаючых у сваіх бедах і няўдачах, а працаваць над сабой, то ўдалося зрабіць немагчымае. Прывіць станоўчае стаўленне да спорту, каб у іх галовах заўсёды быў вобраз бацькоў, стройных, моцных, вынослівых, тады яны будуць і самі за сабой сачыць і шукаць сабе ў спадарожнікі менавіта такіх людзей – актыўных, здаровых і фізічна, і разумова, – гаворыць Андрэй.
У гутарцы Андрэй і Святлана ўвесь час дапаўнялі адзін аднаго. Муж і жонка разам арганічныя. Вельмі цікава было назіраць за ўзаемаадносінамі ў іх маладой сям’і. Яны маглі шмат расказваць і пералічваць заслугі членаў сям’і, але не свае.
– Мы стараемся быць заўсёды разам, падтрымліваць адзін аднаго, знаходзім паразуменне, бо бліжэй родных няма нікога, – сказаў муж і бацька.