Імя майстра вытворчай адукацыі Мірскага дзяржаўнага каледжа Яўгена Чэрніка занесена ў Віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці

У майстэрні па апрацоўцы драўніны стаіць цішыня, прыемна пахне дрэвам. У промні асенняга сонца, што падае на падлогу, лятае лёгкі празрысты пыл, які яшчэ не так даўно быў часткай драўлянай загатоўкі. На стале стаяць мастацкія вырабы рознай ступені гатоўнасці. На некаторых толькі-толькі пачалі з’яўляцца ўзоры, іншыя чакаюць фінальнай апрацоўкі. На сценах вісяць карціны з дрэва, адмысловыя галінкі, на якіх сядзяць маленькія драўляныя птушкі, гатовыя вырабы ўпрыгожваюць паліцы. Усё гэта зроблена рукамі майстра вытворчай адукацыі Мірскага дзяржаўнага каледжа Яўгена Чэрніка. Сёлета імя выкладчыка занесена ў Віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, але не гэта для яго важна:

— Узнагароды, сертыфікаты стаяць на паліцы, медалі вісяць на сцяне, вядома, гэта гонар. Для мяне галоўнае — перадаць свой вопыт навучэнцам, прывучыць іх да працы з дрэвам.
Дарэчы, сярод узнагарод маладога майстра — “срэбра” і “золата” конкурсаў «WorldSkills Belarus 2018 і 2020”. Яўген — лаўрэат прэміі імя А. Дубко Гродзенскага аблвыканкама, стыпендыят спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Сённяшнія навучэнцы каледжа працягваюць добрыя традыцыі свайго настаўніка. На конкурсе “ProfSkills Belarus 2023” у намінацыі “Вытворчасць мэблі” перамогу атрымаў вучань Яўгена Марк Дзмітровіч, які па выніках форуму атрымаў сярэбраны медаль.

Яўген прыехаў у Мір з г. Дзяржынска Мінскай вобласці. Паступіў у каледж, адвучыўся і застаўся працаваць, бо тут атрымаў любімую прафесію. Кажа, што выкладаць яму падабаецца, занятак прыносіць задавальненне.

Юнак да гэтага часу не знайшоў адказу, чаму любіць дрэва:

— Кожная загатоўка розная. Кожны кавалачак драўніны асаблівы, са сваім колерам, тэкстурай. Адзін і той жа ўзор будзе адрознівацца, напрыклад, на ліпе і яблыні.

Не кожны ведае, што ў дрэва ёсць свая душа і свой настрой. Сапраўдны майстар іх бачыць і адчувае. Глядзіць на дрэва і разумее, што з яго атрымаецца, а што не.

Відавочна, што не ўсе яго вучні стануць разьбярамі па дрэве, каледж дае маладым людзям базавыя ўменні, далей кожны самастойна вызначае свой шлях. Сам жа Яўген пасябраваў з драўнінай у пятым класе, на ўроку працоўнага навучання:

— У мяне быў выдатны настаўнік працы Шчэпка Сяргей Уладзіміравіч. Я прыйшоў у яго кабінет, пачаў рэзаць. Магчыма, ён нешта ўва мне разгледзеў, я пачаў удзельнічаць у алімпіядах па працоўным навучанні. Праз нейкі час заваяваў “бронзу” на школьнай алімпіядзе. Мы і да гэтага часу падтрымліваем сувязь з Сяргеем Уладзіміравічам. Тады я і захацеў звязаць сваё жыццё з апрацоўкай драўніны і пасля дзявятага класа паступіў у Мір.

Юнак яшчэ са школьных часоў прывык працаваць рукамі. Падчас падрыхтоўкі да алімпіяд карыстацца станкамі забаранялася, таму асвойвалі гэблік. Малады майстар і да гэтага часу працуе з ім. На конкурсе “WorldSkills Belarus” быў адзіным з гэтым інструментам. Валодаеш гэблікам — зможаш працаваць на любым абсталяванні.

У каледжы Яўген трапіў у добрыя рукі другога майстра — Івана Іванавіча Лясько. За гады вучобы асвоіў спецыяльнасці “разьбяр па дрэве і бяросце”, “тынкоўшчык”, “мастак роспісу па дрэве”. Адвучыўся ў Івана Іванавіча па спецыяльнасці “сталяр-станочнік”. Увесь гэты час дапазна сядзеў у майстэрні, шліфаваў свае ўменні.

Малады майстар і зараз увесь вольны час праводзіць за працай. Смяецца, што ён з дрэвам усюды — і на рабоце, і дома. Майструе прадметы інтэр’ера для кухні, цацкі і сувеніры. Адным з самых незвычайных заказаў стаў домік для курыцы, выкананы ў выглядзе невялічкай хаткі. Сваёй творчасцю майстар дзеліцца на асабістых старонках у сацыяльных сетках. Мяркуючы па каментарах пад фотаздымкамі, работы людзям падабаюцца, што стымулюе маладога чалавека развіваць свае здольнасці і рабіць нешта новае.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара