Члены літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры газеце «Полымя» пабывалі ў Лаўрышаўскім манастыры

Кожны раз, наведваючы святыя мясціны роднага краю, адчуваеш іх неверагодную гаючую сілу, якая напаўняе сэрца, лечыць душэўныя раны, надзяляе выратавальнай надзеяй на добрае, светлае, пазбаўляе ад нейкіх унутраных ваганняў, адчайных думак.

Міжволі пранікаешся верай у тое, што ёсць над намі сіла, якая дапаможа ў няпростыя хвіліны, падкажа адзіна правільны шлях для вырашэння існуючых праблемаў, абнадзеіць, прынясе палёгку. Менавіта такое ўражанне засталося пасля наведвання членамі літаб’яднання “Рэчанька” і яе прыхільнікаў Лаўрышаўскага манастыра. Дзякуючы змястоўнай экскурсіі, праведзенай сястрой Ганнай, мы спасціглі цікавыя старонкі лёсу манастыра, даведаліся, чым жыве святая абіцель сёння, што ў планах на будучае. Істоту напаўняла радасць і гордасць за тое, што ў нашай краіне шмат робіцца для захавання гістарычнай спадчыны роднай зямлі, гістарычнай памяці, а гэта вельмі важна для патрыятычнага выхавання маладога пакалення.

Паездка ўразіла, думаецца, яна паспрыяе з’яўленню новых твораў у нашых мясцовых паэтаў, стане стымулам для наведвання іншых знамянальных мясцінаў любай Беларусі.

Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць ад імя ўдзельнікаў паездкі за аказаную дапамогу ў яе арганізацыі і правядзенні намесніку старшыні райвыканкама Яўгену Мікалаевічу Чычкану. Нізкі паклон Вам за Вашу клапатлівасць, павагу да людзей, за Ваша добрае сэрца. Дасылаем таксама ўдзячнасць за тактоўнасць, уважлівасць вадзіцелю А. І. Грамыка. Мы ж будзем жыць падоранымі нам радасцю і задавальненнем, сугучнымі з думкамі, зарыфмаваных Марыяй Палуян у паэтычных радках, напісаных пасля паездкі:

…У святых мясцінах я была нямала,

Наведвала Святыню не адну,

А ў гэты час аж сорамна мне стала,

Што ў гэтым месцы я ўпершыню.

Намоленай зямлі я кланяюся нізка,

Глыбей змагла я веру ў Бога распазнаць.

Пакуль яшчэ ўражанне не знікла,

Спяшаюся пачуцці ў вершы апісаць.

Сваімі намаганнямі, вядома,

Сваім паэтам паказалі гэты край

Галіна Паўлаўна Калтунова

І Яўген Мікалаевіч Чычкан…

Марыя ПАЛУЯН, член літаратурнага аб’яднання “Рэчанька” пры газеце «Полымя»