Да 105-годдзя з дня нараджэння пісьменніка і паэта Алеся Бажко з вёскі Даўгінава

Сёлета адзначаецца 105-годдзе з дня нараджэння нашага земляка Бажко Алеся (Аляксандра Цімафеевіча).

Беларускі пісьменнік і паэт, празаік, публіцыст, Заслужаны работнік культуры БССР  нарадзіўся 22 кастрычніка 1918 года ў вёсцы Даўгінава Карэліцкага раёна. У гэтай жа вёсцы скончыў пачатковую школу, а сямігодку  ў 1932 годзе ў Ярэмічах.

Вучыўся ў Навагрудскім музычным інстытуце імя С. Манюшкі па класе скрыпкі (1936-38 гг.), у кансерваторыі ў Варшаве (1938-39 гг.), адначасова вучыўся завочна ў гімназіі імя Ю. Бэма. Надзелены незвычайнымі музыкальнымі здольнасцямі, юнак марыў стаць не толькі музыкантам-прафесіяналам, але і скрыпачом-віртуозам. Але вучоба была спынена з-за пачатку Другой сусветнай вайны. Алесь Бажко вярнуўся на Карэліччыну і некаторы час працаваў дырэктарам Мірскага раённага Дома культуры.

У 1940 годзе мабілізаваны ў савецкае войска, удзельнічаў у вайне, быў паранены. З 1942 года працаваў на абаронным будаўніцтве ў Волагдзе, дзе прайшоў нялёгкі шлях ад простага рабочага да камандзіра ўзвода, каменданта Валагодскага ўчастка ваенна-будаўнічых работ, а па камсамольскай лініі — да сакратара камітэта. Удзельнічаў у стварэнні першых фарміраванняў Войска Польскага на тэрыторыі СССР як генеральны інструктар прапаганды Валагодскай акруговай управы Саюза польскіх патрыётаў. У 1945-46 гг. — інструктар Баранавіцкага абкама камсамола, першы сакратар Дзятлаўскага райкама камсамола.

У 1946-62 гг. — на журналісцкай рабоце (у Баранавіцкай абласной газеце, на абласным радыё, у рэспубліканскіх газетах «Савецкі селянін», «Чырвоная змена», Маладзечненскай абласной газеце «Сталінскі шлях», у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газеце «Голас Радзімы»).

У 1955 годзе завочна скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Затым — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» (з 1962 г.), намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва» (з 1970 г.), дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы (1973-77 гг.). У 1977-78 гг. — намеснік начальніка ўправы па справах мастацтва Міністэрства культуры, галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі.

Друкаваўся з 1945 года. Аўтар палітычных памфлетаў, нарысаў, гумарыстычных апавяданняў, аповесцяў, вершаў, паэм, вершаваных аповесцяў. У творах Алеся Бажко апяваюцца рэаліі вясковага побыту, паэтызуецца сялянскі лад жыцця. Перакладаў з рускай, польскай, славацкай моў.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, ганаровымі граматамі.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1957 года.

З 1979 года персанальны пенсіянер саюзнага значэння.

Пайшоў з жыцця 17 красавіка 2013 года на 94-ым годзе жыцця.

Алена Макарчык, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»

Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц