Прокурор Кореличского района Виктор Авдокушин рассказал трудовым коллективам о геноциде белорусского народа
Пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка сустрэліся з працоўнымі калектывамі СВК “Свіцязянка-2003” і КСУП “Племзавод Карэлічы”.
Падчас сустрэчы была агучана тэма генацыду жыхароў БССР падчас Вялікай Айчыннай вайны. Віктар Аўдакушын адзначыў, што штодня пракуроры, следчыя, эксперты, гісторыкі і архівісты падчас працы следчай групы Генпракуратуры высвятляюць новыя факты злачынстваў акупантаў і іх памагатых. Работа асабліва актуальная ў святле сённяшняй міжнароднай абстаноўкі, калі ў асобных краінах робяць спробы адрадзіць нацызм, пры гэтым актыўную падтрымку і садзейнічанне ў гэтым аказвае Захад.
– На жаль, далёка не ўсе дзяржавы адгукаюцца на нашы запыты аб прававой дапамозе па крымінальнай справе, што ў чарговы раз сведчыць пра сапраўднае стаўленне палітычных элітаў гэтых краін да працы па ўсталяванні і выкрыцці фактаў злачынстваў нацысцкіх акупантаў, – сказаў Віктар Васільевіч.
Супрацоўнік пракуратуры расказаў пра планы гітлераўскіх карнікаў па вынішчэнню мірнага насельніцтва рэспублікі. І вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе гэта пацвярджаюць: на тэрыторыі БССР фашысцкія акупанты праводзілі палітыку “выпаленай зямлі”, гэта значыць татальна знішчалі беларускае, яўрэйскае насельніцтва. Выступаючы нагадаў пра трагедыю ў Хатыні, спыніўся на фактах жорсткасці нацыстаў і іх памагатых пры знішчэнні населеных пунктаў і забойстве мірных грамадзян на Карэліччыне. Прычыненая народнай гаспадарцы, інфраструктуры, культурнай спадчыне шкода ад мэтанакіраванай палітыкі знішчэння народа Беларусі значна большая, чым вызначана ў пасляваенны час надзвычайнымі камісіямі. Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе не абмяжоўваецца выключна працай крымінальна-прававога характару. Для захавання гістарычнай памяці і абароны гісторыі ад спробаў фальсіфікацыі вынікі расследавання выкарыстоўваюцца ў заканадаўчай, адукацыйнай, ідэалагічнай і інфармацыйнай рабоце. З удзелам прадстаўнікоў пракуратуры, іншых дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый і рэлігійных канфесій па ўсёй краіне адбываюцца цырымоніі перапахаванняў астанкаў ахвяр генацыду.
Да размовы далучыўся Генадзій Карпаленка, які сказаў, што ў нашым раёне знаходзіцца 181 месца ўвекавечвання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, з іх 45 пахаванняў. Мы павінны памятаць пра подзвігі нашых продкаў, пра тое, якой цаной яны перамаглі, каб не дапусціць падобнага. Наш абавязак, наша свяшчэнная місія – захаваць праўду аб той вайне, аб легендарным подзвігу народа і перадаць яе сваім дзецям.
Да ведама слухачоў была даведзена інфармацыя аб крымінагеннай абстаноўцы ў раёне. Віктар Аўдакушын адзначыў, што назіраецца высокі рост злачынстваў па фактах здзяйснення крадзяжоў маёмасці жыхароў раёна, учыненых у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт. Ахвярамі такіх злачынстваў становяцца людзі любой катэгорыі ( працуючыя пенсіянеры, індывідуальныя прадпрымальнікі і г.д.) і рознага ўзросту. Асноўным спосабам крадзяжу грашовых сродкаў грамадзян па-ранейшаму застаецца неправамернае завалодванне рэквізітамі банкаўскіх карт. Зламыснікі тэлефануюць праз месенджары і пішуць у сацыяльных сетаках, нібыта ад імя супрацоўнікаў банкаўскіх устаноў, праваахоўных органаў. Ашуканцы пад рознымі выдуманымі падставамі падманваюць грамадзян і завалодваюць рэквізітамі разліковых карт і грашовымі сродкамі. Таму неабходна быць заўсёды пільнымі і ўважлівымі, каб пазбегнуць ашуканства.
У сваім звароце да прысутных Генадзій Карпаленка праінфарміраваў аб адказнасці за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, і за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Інтэрнэце.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара