У фондах музея “Замкавы комплекс “Мір” з’явіўся новы набытак — старажытны складзень
Прадметы інтэр’ера, побыту, мастацтва, нумізматыкі, адзенне, аксесуары, зброя – больш за 2000 адзінак захоўваецца ў асноўным фондзе музея “Замкавы комплекс “Мір”. Фонды музея папаўняюцца рознымі шляхамі. Часцей за ўсё рэчы набываюцца ва ўладальніка за грошы або перадаюцца ў якасці дару музею.
Сярод апошніх набыткаў – складзень. Сам па сабе гэты прадмет уяўляе сабой некалькі маленькіх ікон, якія злучаны паміж сабой завесамі. Набыты музеем складзень складаецца з дзвюх ікон, датуецца кан. XVIII – пач. XIX стст. На яго левым баку знаходзіцца выява Божай Маці, на правым – Мікалая Цудатворца.
Складзень адносіцца да прадметаў культу. Яго насілі пад адзеннем у якасці абярэга. Бралі з сабою, напрыклад, у падрожжа ці ваенны паход. Згодна са сведчаннямі XVII ст.: “Ва ўсіх ратнікаў без выключэння абавязкова ёсць на грудзі прыгожая выява ў выглядзе трайнога складня, з якім ён ніколі не расстаецца, і дзе б ні спыніўся, ставіць яго на бачным месцы і пакланяецца яму”.
Унікальна тое, што набыты музеем складзень быў знойдзены на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, у ваколіцах Міра. Бясспрэчна, для музея – гэта цікавы набытак. На сённяшні дзень складзень з’яўляецца не толькі прадметам калекцыянавання, але і носьбітам інфармацыі аб працэсах рэлігійнага жыцця на тэрыторыі Беларусі. Пасля правядзення прац па рэстаўрацыі яго можна будзе дэманстраваць у экспазіцыі музея сярод іншых прадметаў рэлігійнага ўжытку.
Вераніка КРАСОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік музея Замкавы комплекс “Мір”