Семенной картофель из Кореличского района экспортируется в страны ЕЭС и СНГ
ТАА “Навукова-вытворчае прадпрыемства «Ніка” з 1991 года займаецца вырошчваннем насення элітнай бульбы ў Карэліцкім раёне. Прадпрыемства мае звыш 280 га ворнай зямлі, у тым ліку на 80 га штогод размнажае элітнае насенне другога хлеба.
Дырэктар прадпрыемства Сяргей Паўловіч распавядае, што ідэя стварэння такога бізнесу прыйшла да яго ў 1991 годзе. У той час ён працаваў у Інстытуце бульбаводства, дзе і быў створаны шэраг прыватных прадпрыемстваў, якія займаліся развядзеннем другога хлеба:
— На працягу гэтых трыццаці гадоў мы развіваліся самастойна, практычна ніколі не бралі крэдытаў, усё рабілі за свае грошы. Большую частку таго, што зарабляем, укладваем у вытворчасць.
На рынку цяпер вельмі высокі кошт насеннай бульбы. Мы купляем зыходны матэрыял: супер-суперэліту (насенная бульба найвышэйшай рэпрадукцыі, максімальна чысты, не заражаны інфекцыямі матэрыял для далейшага размнажэння насення бульбы) і суперэліту, у залежнасці ад плана пасадкі, і размнажаем у сябе. З супер-суперэліты атрымліваем суперэліту, затым — эліту, якую адпраўляем на рынак.
З кожнай наступнай пасадкай клас насенных клубняў зніжаецца. На другі і трэці год рэпрадукцыі ім прысвойваюцца катэгорыі суперэліта і эліта. Усе пакаленні бульбы, наступныя за элітай, не з’яўляюцца элітным пасяўным матэрыялам, таму што ад рэпрадукцыі да рэпрадукцыі караняплоды паспяваюць назапасіць максімальную колькасць вірусаў і даюць няякасны, хворы ўраджай.
Насенны матэрыял для развядзення “Ніка” купляе ў нямецкай фірмы “Норыка”, з якой яны даўно супрацоўнічаюць.
— «Норыка» — гэта былы інстытут бульбазнаўства, адкрыты калісьці ў ГДР, — распавядае Сяргей Паўловіч. — Пасля аб’яднання Германіі на яго аснове быў створаны селекцыйна-насенняводчы дом “Норыка”. Яны самі пачалі весці сваю селекцыю. У іх ёсць шэраг гатункаў, досыць папулярных на рынку Еўропы і Расіі. Самы буйны, распаўсюджаны на тэрыторыі СНД, — Гала, які якраз і з’яўляецца ўласнасцю “Норыкі”. Кожны год мы купляем у гэтай фірме насенны матэрыял, размнажаем яго. Эліту прадаём эксперыментальным базам, фермерскім гаспадаркам, сельгаспрадпрыемствам і насельніцтву Беларусі, Расіі, Казахстана і іншых краін. Сёлета адкрылі яшчэ два напрамкі: Таджыкістан і Кыргызстан.
Сяргей Паўловіч прызнаецца, што хацеў бы разводзіць насенне беларускай і расійскай селекцыі, але яны пакуль, на жаль, неканкурэнтаздольныя. Аднак кіраўнік «Нікі» сочыць за працай айчынных селекцыянераў:
— І ў Беларусі, і ў Расіі ёсць вялікія праекты па стварэнні ўласнай селекцыі. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі працуе фірма “Дока”, якая вырабляе новыя гатункі.
“Ніка”, палі якой размяшчаюцца ў аграгарадку Цырын, мае дастаткова новай магутнай тэхнікі. У фірмы два вялікіх сховішчы, наладжана эфектыўная лагістыка, дзякуючы чаму прадукцыя мае дастаткова нізкі ўзровень сабекошту.
— Мы вырошчваем бульбу па грэбневай тэхналогіі, якая забяспечвае павышэнне аэрацыі глебы і больш лёгкую ўборку ўраджаю, — кажа Сяргей Паўловіч. — Перад пасадкай усю глебу сепарыруем спецыяльным сепаратарам, толькі затым высаджваем насенне. Уборку праводзім двухрадным камбайнам «Grimme». Пры Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь ёсць эксперыментальны сельскагаспадарчы завод, які вырабляе добрую тэхніку. Мы закупілі там увесь набор транспарцёраў, загрузчыкаў і тэхніку для ўпакоўкі. Таксама набылі новыя трактары і прычэпы беларускай вытворчасці. Усе агрэгаты, якія працуюць у нас на палях і ў сховішчах, досыць эфектыўныя.
На палях “Нікі” збіраюць каля 3200 тон насення бульбы пры сярэдняй ураджайнасці 400 ц/га.
— Мы вырошчваем насенны матэрыял дыяметрам прыкладна 35-55 мм. Па тэхналогіі спальваем бацвінне на месяц раней, для чаго выкарыстоўваем спецыяльныя ядахімікаты, каб атрымаць больш якасны насенны матэрыял.
Прыязджаем у Цырын. Каля ўваходу на вытворчасць нас сустракае загадчык склада Любоў Шуляк. Жанчына працуе ў “Ніцы” ўжо больш за 20 гадоў. Яна вельмі кваліфікаваны работнік, ведае ўсе працэсы, сочыць за парадкам і правільнасцю выканання работ. У яе падначаленні ўвесь персанал “Нікі”. Кожную раніцу Любоў Сцяпанаўна арганізоўвае працу, дае ўказанні ўсім работнікам, сочыць за вытворчасцю. Зараз ідзе сарціроўка бульбы, занята пяць чалавек. Вадзіцель Віталь Гомза ў калектыве ўжо 10 гадоў. Расказвае, што зарплата добрая, ды і за рулём любіць ездзіць.
Недалёка ад склада знаходзіцца поле, на якім гудзе трактар, убірае ўраджай. За рулём — механізатар Аляксандр Карнялюк. Мужчына на прадпрыемстве ўжо 23 гады. Адзначае, што тут добры кіраўнік, які думае пра сваіх працаўнікоў. Так, напрыклад, падчас пасяўной і ўборачнай кампаній яны атрымліваюць трохразовае гарачае харчаванне за кошт прадпрыемства.
На Карэліччыне вырошчваннем бульбы займаюцца чатыры сельгаспрадпрыемствы і адна фермерская гаспадарка. На 6 кастрычніка аграрыямі раёна ўбрана 148 з 212 га другога хлеба (70%), накапана 4067 т, ураджайнасць — 275 ц/га (-12 ц/га ў параўнанні з 2022 г.). У СВК “Жухавічы” выкапалі 1 га бульбы (100%), атрымалі 45 т з ураджайнасцю 450 ц/га, ДП “Царука” — 40 га (80%), накапалі 1261 т, ураджайнасць 315 ц/га, у ДП “Лукі-Агра” — 45 га (62%), выкапалі 961 т, ураджайнасць 214 ц/га. У фермерскай гаспадарцы “Овощной край” з 62 га (70%) накапалі 1800 т пры ўраджайнасці 275 ц/га.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара