Как оставаться активным на пенсии и не подхватить «вирус» одиночества, знает кореличчанка Людмила Турлюк (+ видео)
Актывістка, спартсменка, танцорка, валанцёр і проста прыгожая жанчына: энергіі Людмілы Турлюк можна толькі пазайздросціць.
Напэўна, у асяроддзі кожнага з нас ёсць жанчына, якая прыцягвае погляды і ўвагу. Гэта не мае нічога агульнага са звышпрыгажосцю ці з нейкімі эпатажнымі паводзінамі. Не, яна проста вылучае святло і гармонію, побач з ёй лёгка і цёпла. Тры гады таму такая жанчына пераступіла парог Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна.
Энергічная, падцягнутая, яна выглядала сучасна і стыльна, гаварыла роўным і дакладным голасам, акуратна падбіраючы словы. Гэта называецца харызмай. І калі яна ёсць, адчуеш гэта з першага погляду.
Мы пазнаёміліся. Людміла Уладзіміраўна Турлюк расказала, што прыйшла да нас па парадзе сваёй знаёмай. Праўда, доўга сумнявалася, але потым усё ж вырашылася. Расказала, калі працавала, вяла актыўны лад жыцця. А цяпер… Сын з сям’ёй далёка. З’явілася шмат вольнага часу. Сум і адзінота не для яе. Рух — гэта жыццё, а яна заўсёды сябравала са спортам. Веласіпед, лыжы, канькі… Аднак хочацца больш зносін. У маладосці хацела навучыцца танцам, але не атрымалася.
Спачатку Людміла Уладзіміраўна запісалася толькі на танцавальны гурток. Але ў некаторых людзях закладзена жаданне быць у кругавароце падзей. Тады ўзрост не перашкода любому занятку.
Сёння Людміла Уладзіміраўна — актывістка ЦСАН. Веласіпед, лыжы, трэнажоры, скандынаўская хада, ёга, танцы, песні — свет яе захапленняў разнастайны. Жанчына наведвае танцавальны і спартыўны гурткі, клуб «Добрыя сустрэчы». У рамках «Школы здароўя» праводзіць майстар-класы па занятках ёгай. Актыўны ўдзельнік розных конкурсаў і спаборніцтваў: раённыя марафоны па скандынаўскай хадзе, велапрабегі, абласны фестываль творчасці «Музыка восені», міжрэгіянальнае спартыўнае свята «Крок да даўгалецця», уладальніца Дыплома І ступені ў намінацыі «Ёга — спорт» міжрэгіянальнага дыстанцыйнага конкурсу фізічных здольнасцей «Я магу, а вы?».
Гэта жанчына з вялікім сэрцам і добрай душой. Яна адразу ўступіла ў валанцёрскую групу «Напоўнім міласэрнасцю сэрцы». Па першым выкліку гатова наведаць пажылых у Доме сумеснага самастойнага пражывання г.п. Карэлічы ці Жухавіцкім доме-інтэрнаце, прыбраць тэрыторыю каля воінскіх пахаванняў.
З Людмілай Уладзіміраўнай заўсёды прыемна гутарыць, яна не толькі валодае прывабнай знешнасцю, але адкрытая, шчырая і добрая. Узрост для яе — гэта толькі лічба, а не лад жыцця. Яна радуецца гэтаму свету і дорыць радасць людзям. У такіх людзей старэйшага ўзросту ёсць не толькі багатае мінулае, але і яркая будучыня.
Вольга ЖУК, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Карэліцкага раёна
Фота Сяргея СТОЛЯРА