Яўген Чыкан: «Сям’я — ячэйка грамадства, і дзеці — наша будучыня»
З нагоды правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва Карэліцкі раён электрычных сетак наведалі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 4 райвыканкама. Яе кіраўнік, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан выступіў па асноўнай тэме: «Сацыяльная бяспека: асноўныя прынцыпы і прыярытэты». Прамоўца зазначыў, што наша краіна мае сацыяльную накіраванасць.
Яўген Мікалаевіч засяродзіў увагу прысутных на нізкай нараджальнасці, колькасць дзяцей у сем’ях застаецца невысокай. Пры гэтым дзяржава аказвае пастаянную падтрымку шматдзетным — гэта сямейны капітал і шматлікія льготы. Многія сем’і атрымліваюць дапамогі і выплаты. «Сям’я — ячэйка грамадства, і дзеці — наша будучыня», — рэзюмаваў кіраўнік ІПГ і выказаў надзею, што іх колькасць будзе павялічвацца.
Падчас правядзення сустрэчы Яўген Чычкан закрануў і дадатковыя тэмы. Пытанне пажарнай бяспекі на вуснах многіх, але яно прадаўжае хваляваць. Асноўныя прычыны пажараў — курэнне ў ложку, загаранне сухой расліннасці, незахаванне правілаў пажарнай бяспекі. Прамоўца звярнуўся да работнікаў РЭСа:
— Вы працуеце ў складзе назіральных камісій, і ведаеце, як можна засцерагчыся ад бяды. Лепш лішні раз перастрахавацца, заўсёды, усюды і ва ўсім захоўваць правілы пажарнай бяспекі.
Актуальнай тэмай з’яўляецца і інтэрнэт-махлярства. Выпадкі падману карыстальнікаў банкаўскіх картак становяцца больш частымі, таму трэба быць прадбачлівымі да незнаёмых тэлефонных званкоў і правяраць інфармацыю. Асаблівую пільнасць праяўляць і пры выбары сайта, калі вырашылі купіць неабходны тавар.
Галіна СМАЛЯНКА