Жанчына і восень
Жанчына, як восень, загадкавая і непрадказальная. Яна адорыць ці ўсмешкай, ці хмурынкай. Так і пара года: прынясе то яркае сонейка, то праліўны дождж.
Што да жанчыны ў сталым узросце, з восеньскай парой яе родніць гаспадарлівасць. Мудрая па гадах, яна добра ведае, як весці гаспадарку, а залатая пара адорвае дарамі садоў і агародаў. І гэты спіс можна прадаўжаць бясконца…
Чаму з гадамі жанчына становіцца мудрэйшай? Адны скажуць, што за плячыма пражытае жыццё, другія і таго больш: яе загартавалі цяжкасці.
Вопыт дае магчымасць не толькі ўпэўнена ісці па жыцці, але і дзяліцца з тымі, каму трэба падставіць плячо.
Вось так і восень: прыходзіць у наша жыццё і настройвае думкі на іншы лад. Па-свойму гарэзлівая, яна дапамагае лепш яго пазнаць. Пасядзіш у цішыні — і думкі ўжо не тыя, і жыццё здаецца лагодным, і фарбы яркімі.
Нават у дажджы імкнешся знайсці асалоду. Ідзеш пад парасонам і табе ўтульна. Глянеш пад ногі — там лужыны. Нечакана прыходзяць думкі: «Вось бы змыў дождж нягоды!» Сапраўды, чаму б не памарыць? Глядзіш, і дождж спыніцца, і беды адыдуць. Жанчына жыла годна, працавала шчыра, берагла сям’ю. Усюды старалася паспець, а хтосьці воз жыцця цягнуў за мужчыну…
Яна прыгожая, моцная, уся ў руху. А восень якая прыгажуня і працаўніца, аж дух захоплівае! Кружыцца кляновы ліст у паветры і кладзецца на зямлю. Жанчына ступае па гэтым залатым дыване — і ў гэтыя хвіліны самая шчаслівая на зямлі…
Галіна СМАЛЯНКА, вядучая праекта «Актыўнае даўгалецце 65+»