Итоги растениеводческого года комментирует первый заместитель председателя Кореличского райисполкома — начальник управления сельского хозяйства и продовольствия Евгений Бусько

Уборачная кампанія бягучага года паступова рухаецца да свайго завяршэння. Гаспадаркі ўбіраюць з палёў апошні ўраджай, імкнуцца адвезці яго ў засекі. У Беларусі на 18 кастрычніка намалочана 8 мільёнаў 701 тысяча тон збожжа, уключаючы кукурузу і рапс. Важкі ўклад у агульнарэспубліканскі каравай унеслі аграрыі Гродзеншчыны, якія сабралі звыш двух мільёнаў тон збожжа з улікам рапсу. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у краіне.

Працаўнікі Карэліччыны завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых (без уліку кукурузы) з чацвёртым паказчыкам у вобласці па валавым зборы (сабрана 105 194 т) і па ўраджайнасці (59,8 ц/га). У абласным рэйтынгу раён стаў адным з чатырох, дзе намалацілі звыш ста тысяч тон збожжа. У агульную скарбонку карэліччане дадалі 10 289 т кукурузы (ураджайнасць 111 ц/га) і 16 826 т рапсу (42,5 ц/га). Усяго ў раёне з улікам рапсу і кукурузы намалацілі 133 577 тоны збожжа.

Падводзячы вынікі ўборачнай, першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Бусько кажа, што ў цэлым Карэліччына годна сябе праявіла:

— Нягледзячы на няпростае надвор’е, якое складвалася летам, мы паказалі нядрэнны вынік. Амаль два месяцы з неба не ўпала ні кроплі дажджу, натуральна, што гэта адбілася на яравых пасевах збожжавых. Аднак мы атрымалі нядрэнны ўраджай, у чарговы раз намалаціўшы звыш ста тысяч тон збожжавых.

Нельга не адзначыць, што ў гэтым годзе 44 камбайнавых экіпажа раёна намалацілі звыш 1000 тон збожжа, 15 — звыш 2000 т. Рэкорд па намалоце зерня — 3029 т — належыць экіпажу Васіля Коўгара і Андрэя Янкоўскага з СВК «Свіцязянка-2003». 37 вадзіцеляў перавезлі звыш 1000 т збожжа, 13 — звыш 2000 т. Больш за  ўсіх — 3506,5 т — на рахунку Алега Ясевіча з СВК «Жухавічы». Звяно па дапрацоўцы збожжа ў складзе Ігара Ракача, Сяргея Ермаловіча, Аляксандра Баранава і Віталя Лашчука (ДП «Лукі-Агра») дасушыла 9070 т зерня. ДП «Племзавод Карэлічы» ўвайшло ў дзявятку прадпрыемстваў рэспублікі, якія сабралі больш за 100 ц зерневых і зернебабовых на круг. Стабільна высокая ўраджайнасць у СВК “Маяк-Заполле” (93,1 ц/га) і “Жухавічы” (87 ц/га). Лепшую ўраджайнасць па рапсе паказалі работнікі ДП “Племзавод Карэлічы” (68,7 ц/га), СВК “Свіцязянка-2003” (60,7 ц/га) і “Жухавічы” (60,3 ц/га).

— Уборачная кампанія атрымалася няпростай: у пачатку ўборкі часта ішлі дажджы, — кажа брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве СВК «Маяк-Заполле» Вячаслаў Трафімчык. — Але нягледзячы на гэта мы атрымалі годны вынік на ўзроўні мінулага года дзякуючы захаванню агратэхналогій. Своечасова былі ўнесены ўгнаенні, у час было закладзена збожжа, праведзены хімічныя апрацоўкі, праполка — усе работы праводзіліся па тэхналагічным рэгламенце. Я заўсёды кажу, што чалавека можна падмануць, а зямлю не падманеш. Вынік залежыць ад шматлікіх фактараў, але калі ўсё будзе зроблена правільна, то каравай будзе радаваць.

Карэліцкі раён займае другое месца ў вобласці па валавым зборы цукровых буракоў. Прадпрыемствамі раёна накапана 95 989 т з ураджайнасцю 498 ц/га. На першым месцы — Гродзенскі раён, дзе атрымалі 200 106 т з ураджайнасцю 765 ц/га. На Карэліччыне цалкам завершана ўборка бульбы. Накапана 5894 т пры ураджайнасці 278 ц/га. Працягваецца ўборка кукурузы. Убрана 5744 га (73%), з іх 4817 га (86%) — на сілас (ураджайнасць 369 ц/га, валавы збор 175 980 т), 927 га (41%) — на зерне (ураджайнасць 111 ц/га, валавы збор 10 289 т.)

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара