Бывшие военнослужащие специального подразделения №3214 посетили ЦКРОиР Кореличского района
Традыцыйна 2 лістапада у дзень стварэння спецыяльнага падраздзялення №3214 унутраных войск МУС, былыя ваеннаслужачыя, якія праходзілі службу ў вайсковай часці, адзначаюць візітам дабрачыннасці.
Сёлета былыя спецназаўцы наведалі Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна. У падарунак яны прывезлі тэлевізар, ноўтбук, падвясныя арэлі і розныя развіваючыя гульні.
Былыя вайскоўцы ўпэўнены, што служба ў арміі з’яўляецца важным і патрэбным этапам у жыцці кожнага мужчыны. Яна выхоўвае лідарскія якасці, сілу духу, вучыць дысцыплінаванасці, адказнасці і згуртаванасці. Сёння маладыя людзі, якія праходзілі службу ў гэтай вайсковай часці, падтрымліваюць цесныя сяброўскія адносіны, нягледзячы на тое, што служылі ў розныя гады.
Аляксандр Пісарук падзяліўся:
— У сучасны няпросты час вельмі важна не забываць , што такое дабрыня, міласэрнасць і шчырая дапамога усім тым, хто не можа самастойна справіцца з рашэннем праблем. Дапамагаючы іншым, мы таксама інвестуем ва ўласную будучыню і будучыню нашых дзяцей.
Спецназ — гэта сапраўднае братэрства, заснаванае на ўзаемадапамозе і ўзаемапавазе. І ўсе, хто служыў у падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння, назаўжды застаюцца вернымі таварышамі. Дзякуючы згуртаванасці вайскоўцаў нашай часці і склалася гэтая выдатная традыцыя – наведваць ў наша прафесійнае свята дзіцячыя ўстановы. Сённяшняя сустрэча стала восьмай.
Намеснік дырэктара Цэнтра Наталія Сухоцкая ад сябе асабіста і ад імені ўсіх дзяцей, якія наведваюць установу выказала словы ўдзячнасці за ўвагу і карысныя падарункі.
Усмешка дзіцяці – самая высокая ўзнагарода для любога дарослага. Сёння спецназаўцы стварылі настрой дзеткам, падарылі ім сапраўднае свята. У паняцці дабрачыннасць у тым выглядзе, у якім яна існуе сёння, ёсць мноства складальнікаў, і адны з іх — матэрыяльная дапамога і ўвага. Кожны з нас можа падарыць прыемныя хвіліны таму, каму яны неабходныя. Асабліва на гэта здольныя тыя, хто гатовы дзяліцца дабрынёй сваёй душы з іншымі, не патрабуючы нічога ўзамен.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара