Жывёлавод фермы «Волца» Ганна Аляшкевіч: «Да кожнага цяляці адношуся, быццам да дзіцяці»

Сустрэчы з вясковымі людзьмі заўсёды ў радасць. У іх шмат любові і дабрыні, мудрасці і працавітасці. Яны шчыра і адкрыта дзеляцца сваімі думкамі і жыццёвым вопытам. Да гэтай кагорты адносіцца і жывёлавод фермы «Волца»  КСУП «Малюшычы» Ганна Іванаўна Аляшкевіч.

— Ганна Іванаўна, існуе народная прымаўка «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Так і ў Вас склалася?

— Нарадзілася ў вёсцы Моладава Малюшыцкага сельсавета. У Волцы аказалася па волі лёсу: выйшла замуж за мясцовага хлопца. Тут прадаўжаю жыць і працаваць, і гэтыя мясціны дарагія  майму сэрцу.

— Жывёлагадоўля — важная галіна ў сельскай гаспадарцы. Гэта няпростая і адказная праца. Як адносіцеся да таго, што робіце з дня ў дзень?

— У жывёлагадоўлі амаль сорак гадоў. Трынаццаць  працую на пенсіі і яшчэ да гэтага рабіла дваццаць даяркай на ферме «Волца». Праца ў жывёлагадоўлі падабаецца.

— Адкуль бераце сілы?

— Бог дае сілы. Да работы — напрасткі 500 метраў, і гэта адна з прычын  прадаўжаць працаваць на ферме. Як гаворыцца, люблю варушыцца на асноўнай працы і асабістай гаспадарцы.

— Што для Вас жывёла?

— Я даглядаю цялят, ад нараджэння да двух месяцаў, іх  у мяне сорак восем. Гадаванцы —  маё роднае, блізкае, іх аберагаю, кармлю, лячу. У гэтым дапамагаюць даглядчыкі фермы. Агульны клопат дае добрыя вынікі: за  два гады працы высокая захаванасць цялят.

— Ці ёсць сакрэт поспеху?

— Любоў. Кожнае цяля, быццам дзіця, і да яго адношуся, як да немаўляці. Без ласкі і пяшчоты не абысціся. Здаецца, яно адчувае клопат, а ў выніку радуюць паказчыкі ў працы.

— Што трымае на рабоце ў паважаным узросце?

— У калектыве да мяне адносяцца з павагай. Мне па пашпарце — шэсцьдзясят дзевяць гадоў, а ў душы — сямнаццаць. Радуюць адносіны дырэктара КСУП «Малюшычы» Міхаіла Міхайлавіча Валчэцкага, галоўнага заатэхніка Крысціны Іванаўны Шчары, упраўляючага фермай  Ларысы Мікалаеўны Цівунчык — яны па-чалавечы да мяне адносяцца, і такая ўвага акрыляе і з’яўляецца жаданне з поўнай аддачай працаваць.

— Чым напоўнены Вашы будні?

— Маё жыццё — у руху. Галоўнае — раніцай узяць добры старт і  на працягу дня не спыняцца. Трымаю асабістую гаспадарку: качак, курэй, свіней. Люблю кветкі, іх саджу дома і на ферме. Яны —  для душы, і ўзнімаюць настрой. Люблю, калі яны цвітуць, навокал прыгажосць, і сэрца радуецца.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ