Дэпутат Цырынскага сельскага Савета Святлана Русак: «Народны абраннік павінен быць чалавекам, да якога жыхары могуць звярнуцца абсалютна з любым пытаннем»

– Народны абраннік павінен быць чалавекам, да якога жыхары могуць звярнуцца абсалютна з любым пытаннем. Дэпутату часам даводзіцца шукаць выключэнні з правілаў, кіравацца не толькі заканадаўчай базай, але і чалавечымі прынцыпамі, – так лічыць дэпутат Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў 28-га склікання  Святлана Русак. Жыхары сельвыканкама неаднаразова аказвалі ёй давер, і менавіта гэта натхняе яе на новыя справы.

Дэпутат Цырынскага сельсавета Святлана Русак ганарыцца месцам, дзе жыве

– Не заўсёды мы можам самастойна вырашыць праблему, таму наша задача – дастукацца да тых людзей, якія абавязкова дапамогуць. Хай не з першага разу, але тым, хто стукае, заўсёды адчыняюць. Таму лічу, што невырашальных пытанняў не бывае, – гаворыць Святлана Канстанцінаўна.У Цырынскай  выбарчай акрузе  нумар шэсць  78 выбаршчыкаў, якія ўсклалі на яе адказнасць за выкананне іх просьбаў і патрэб.  У большасці гэта пенсіянеры, для якіх зносіны з дэпутатам  сельскага Савета з’яўляюцца інфармацыйным акенцам у свет.

– Пытанні, якія яны падымаюць, стараемся вырашыць на мясцовым узроўні. Гэта, да прыкладу,  добраўпарадкаванне вуліц, вулічнае асвятленне, электразабеспячэнне. Так, апошнім часам па дэпутацкай ініцыятыве  вырашылася  праблема цеплазабеспячэння дома №3 па вул. Завадская ў аграгарадку. Калі пачаўся ацяпляльны сезон, не ва ўсе  кватэры  дома даходзіла  цяпло. Мы звярнуліся  ў Карэліцкае РУП ЖКГ.  Камунальнікі сумесна  са спецыялістамі мясцовай гаспадаркі вырашылі праблему, за што ім вельмі ўдзячныя  жыхары дома, – расказвае  жанчына.

У дэпутата Святланы Русак і жыхароў аграгарадка Цырын агульная справа — клопат аб парадку на зямлі

Працуе Святлана Канстанцінаўна загадчыкам Цырынскага Дома культуры, які, без перабольшвання, можна лічыць цэнтрам жыцця сельсавета. Тут жанчына знаходзіцца ў пастаяннай камунікацыі з  жыхарамі. Часта яе дэпутацкая дзейнасць праяўляецца падчас  выязных канцэртаў у аддаленыя ад сельскага Савета вёскі.   Пасля іх заканчэння  жыхары могуць звярнуцца да яе як да дэпутата з набалелымі пытаннямі.  А яны бываюць рознымі. Адны – вырашаюцца на месцы, другія – патрабуюць больш дэталёвага падыходу і абмяркоўваюцца са спецыялістамі сельгаспрадпрыемства “Лукі-Агра”, устаноў, арганізацый мясцовых і раённых, участковым інспектарам. Дэпутату важна пастаянна трымаць руку на пульсе.

— У рабоце дэпутата памочнікамі з’яўляюцца старасты вёсак, якія трымаюць у курсе ўсіх праблем праз мабільную сувязь, а я іх даводжу да ведама старшыні сельскага Савета Аксаны Гомза. Кожны зварот трымаецца на кантролі. Нявырашаныя пытанні падымаюцца на сесіі сельскага Савета.

Старшыня Цырынскага сельвыканкама Аксана Гомза і дэпутат сельсавета Святлана Русак абмяркоўваюць хвалюючыя вяскоўоцаў пытанні

Я, як абраннік народа, лічу, што галоўнай рухаючай сілай развіцця вёсак з’яўляецца само насельніцтва. Без іх дзейснага ўдзелу навесці ў вёсках парадак, прывесці ў належны выгляд вуліцы, могілкі практычна немагчыма. Таму мы, дэпутаты сельскага Савета, працуем у гэтым напрамку з насельніцтвам. Праводзім сходы грамадзян сумесна са старшынёй сельскага Савета, пераконваем, угаворваем, — давяла суразмоўца.

Праца дэпутата ў акрузе не застаецца незаўважанай. Любыя пачынанні падтрымліваюць выбаршчыкі. Вясной  бягучага года Святлана Русак з’явілася ініцыятарам  устаноўкі ў аграгарадку Цырын каля шматкватэрнага жылога дома № 3 па вуліцы Завадской пясочніцы для дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту.

— Летам, калі прыязджаюць унукі,  гэты астравок становіцца месцам прыцягнення і адпачынку. Дзеткі занятыя, ды і  бацькам, і бабулям ёсць месца,  дзе сабрацца разам, — сказала жанчына.

Святлана Русак — добры памочнік вяскоўцаў у іх справах

Старшыня сельвыканкама Аксана Гомза адзначыла, што дзякуючы ініцыятыве дэпутацкага корпуса сельвыканкама   сумеснымі намаганнямі жыхароў населеных  пунктаў заўсёды праводзіцца  добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый,  высаджаны дэкаратыўныя кусты і пладовыя дрэвы,  разбіты кветнікі і клумбы ў аграгарадку Цырын. Але ёсць нявырашаныя пытанні па навядзенні парадку на пустуючых зямельных участках, на прысядзібных участках безгаспадарных дамоў  у аддаленых населеных пунктах. І ў гэтым кірунку праводзіцца работа як сельскім Саветам, так і дэпутатамі: удакладняюцца ўласнікі домаўладанняў, добраўпарадкоўваюцца зямельныя ўчасткі, зносяцца старыя будынкі.Святлана Канстанцінаўна з’яўляецца таксама членам Савета грамадскага пункта аховы правапарадку і прымае самы актыўны ўдзел у яго пасяджэннях.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у сваёй дзейнасці дэпутат лічыць працу з моладдзю. З’яўляючыся дырэктарам сельскага Дома культуры, Святлана Канстанцінаўна,  як ніхто іншы, ведае пра патрэбы і магчымасці сучаснай моладзі. Таму тут імкнуцца ўсяляк падтрымліваць любыя творчыя пачынанні рабят, бо старэйшаму пакаленню трэба ўмела наладжваць сувязь з маладымі людзьмі, не настойваць, а дамаўляцца, быць партнёрамі, аказваць уплыў праз сяброўскія ўзаемаадносіны.

— Падчас актыўнага і канструктыўнага дыялогу з маладымі людзьмі неабходна  звяртаць  увагу на тое, што сёння інфармацыя адыгрывае вялікую ролю ў жыцці нашага грамадства. Таму сучасны чалавек павінен умець арыентавацца ў навінавым патоку і адрозніваць фэйкі ад дакладнай інфармацыі, якая паступае з надзейных крыніц. І ў першую чаргу гэта адносіцца да інфармацыі, якая тычыцца найважнейшых грамадска-палітычных падзей, — лічыць яна.

Дэпутат Цырынскага сельскага Савета Святлана Русак заўсёды ў кантакце з моладдзю

Таксама Святлана Канстанцінаўна ўпэўнена, што пры арганізацыі мітынгаў,  падчас правядзення мерапрыемстваў патрыятычнага накірунку неабходна максімальна задзейнічаць моладзь, бо ў наш час вельмі важная пераемнасць пакаленняў.  Для чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, на думку  Святланы Русак, няма неістотных момантаў. Важна ўсё, што адбываецца вакол. Знаходзячыся ў пастаянных зносінах з жыхарамі сельсавета, Святлана Канстанцінаўна адзначае, што дэпутацкая праца ёй вельмі падабаецца, таму што служыць людзям — вельмі ганарова і важна. Сёння кожны павінен засвоіць: мала проста марыць і гаварыць аб шчаслівай будучыні. Яе трэба тварыць самім. Закасаўшы рукавы. І мы, дэпутаты, абавязаны данесці да кожнага выбаршчыка: наша сіла ў тым, што мы адзіныя. Разам мы — Беларусь, і разам мы дасягнем большага. Зробім наш агульны дом — родную Беларусь — прыгожым, утульным і багатым, каб у ім было камфортна жыць нам, нашым дзецям і ўнукам.

— Святлана стала для жыхароў аграгарадка сапраўдным  памочнікам, — кажа сяльчанка Ларыса Міхайлаўна Хваль.  — Яна добра ведае, хто з мясцовых жыхароў у чым мае патрэбу, часта  вырашае няпростыя пытанні, звязаныя з некаторымі бытавымі праблемамі, просьбамі аднавяскоўцаў. Неацэнная яе роля і ў інфармаванні жыхароў аб рабоце сельвыканкама і давядзенні да ведама грамадзян рашэнняў, якія прымаюцца органамі мясцовай улады. Па родзе сваёй асноўнай дзейнасці  сама не сумуе і іншым не дае.  Любіць месца, дзе жыве,  гарыць жаданнем зрабіць яго яшчэ прыгажэйшым. Дзякуючы гэтаму вядуцца  работы па добраўпарадкаванні,  ствараюцца зоны адпачынку, прыбаўляецца і дамоў узорнага парадку.

СКАЗАНА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
— Мы шчыра і сумленна сказалі, што мы будзем усяляк удзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Я маю на ўвазе вертыкаль улады. Гэта вельмі важная кампанія ў Беларусі. Важней палітычнай кампаніі ў будучым годзе няма. Следам жа фарміраванне Усебеларускага народнага сходу, абранне дэлегатаў на гэты сход.
Падчас абмеркавання даклада старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, 9 лістапада 2023 года.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара