44 года вместе. Супруги Александр и Таисия Савонь из деревни Барановичи знают секрет семейного счастья
«Жыццё пражыць — не поле перайсці» — прымаўка на вуснах многіх. Іншы раз узнікаюць крутыя павароты, і трэба знайсці правільнае рашэнне. Жыццё цудоўнае, калі любіць тое, што адводзіцца лёсам, і ўсё зрабіць для таго, каб яно было цікавым і змястоўным.
Калі Бог злучыць, ніхто не разлучыць
Аляксандр і Таіса пазнаёміліся на выпускным вечары. Дзяўчына тады заканчвала дзесяць класаў, а юнак прыйшоў з арміі і іграў у ансамблі. Гэтая сустрэча аказалася лёсавызначальнай. Пасля вучобы ў Полацкім швейным вучылішчы яна вярнулася на малую радзіму і пачала працаваць у Машэвіцкім комплексна-прыёмным пункце.
Маладыя вырашылі ажаніцца, і шлюб заключылі ў Карэліцкім ЗАГСе. На вяселле сабралася каля васьмідзесяці чалавек. Першы дзень гулялі ў вёсцы Зарэчча Малюшыцкага сельсавета, у хаце нявесты, і гэта было ў пятніцу. У суботу вясельнікі пераехалі да жаніха ў Вялікія Тупалы. Весяліліся тры дні, і знакавая падзея надоўга засталася ў памяці.
Напачатку маладыя жылі ў Вялікіх Тупалах, у хаце бацькоў абранніка жыцця. «Мы пражылі са свякроўю дзесяць гадоў, і жылі вельмі дружна. Яна раіла ў складаных жыццёвых сітуацыях і дапамагала гадаваць дзяцей. Вельмі добрая па характары і мудрая па гадах, яна была памочніцай і сябрам», — з удзячнасцю ўспамінае нявестка і лічыць, што ў сям’і важная падтрымка блізкіх людзей, а дзеці прыносяць радасць.
Праца трымае і ўздымае
Аляксандр Уладзіміравіч родам з вёскі Вялікія Тупалы. Закончыў сярэднюю школу і курсы ДТСААФ, дзе атрымаў пасведчанне вадзіцеля. Пасля службы ў арміі пачаў працаваць шафёрам у калгасе «Шлях Ільіча», затым — імя Калініна, «Сцяг Перамогі», «Машэвічы-Лянок». Назвы гаспадарак мяняліся, а ён з 1973 года да выхаду на пенсію працаваў вадзіцелем — больш сарака гадоў правёў за баранкай. Як успамінае суразмоўца, аб’ездзіў палову былога Савецкага Саюза, вазіў бульбу, лён, запчасткі. Аўтамабілі былі розныя, пазней атрымаў новенькі КАМАЗ. Вельмі любіў тэхніку, стараўся ўтрымліваць яе ў добрым стане, і аўтамабілі не падводзілі ў дарозе, а праца была ў радасць.
У Таісіі Іванаўны жыццё распарадзілася па-іншаму: прайшла некалькі працоўных лесвіц. Працавала швачкай і загадчыкам Машэвіцкага КПП, у мясцовай гаспадарцы — бухгалтарам-рахункаводам, кладаўшчыком склада запчастак і мінеральных угнаенняў, дыспетчарам. На заслужаным адпачынку была вартаўніком у мясцовай школе. Выконвала і мацярынскі абавязак — дала жыццё траім дзецям, з мужам выхоўвалі і аддавалі любоў сваіх сэрцаў.
У каго дзеці — у таго шчасце
Асноўным шчасцем у сям’і Савонь лічаць дзяцей і ўнукаў. Яны ўжо дарослыя, але іх любяць па-ранейшаму і з нецярпеннем чакаюць у госці. З любоўю паведалі пра кожнага: Вольга працуе бухгалтарам у КСУП «Малюшычы», Ірына — у г. Баранавічы ў гарадскім судзе архіварыусам, Аляксандр — у г. Мінску вадзіцелем.
Яны маюць чацвёра ўнукаў і ўсімі ганарацца. Усе знайшлі справы па душы: Надзея паступіла ў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт на бюджэтнае аддзяленне, вучыцца паспяхова, атрымлівае павышаную стыпендыю. З першага па адзінаццаты класы была выдатніцай вучобы і закончыла школу з залатым медалём.
Дзяніс працуе ў сталічным аўтапарку механікам аддзела тэхнічнага кантролю, Андрэй — у метрапалітэне водзіць паязды, а Кацярына — студэнтка Мінскага гандлёвага каледжа.
— Унукі прыязджаюць летам. У агародзе дапамагаюць, косяць траву, сушаць сена, а восенню капаюць бульбу, — расказалі ў сям’і Савонь. Працу на зямлі лічаць высакароднай і патрэбнай, як і тое, што да яе важна прывучацца з малых гадоў.
Ружы каля хаты і баравікі ў лесе
У Таісіі Іванаўны шмат захапленняў. Жыццё на заслужаным адпачынку застаецца па-ранейшаму насычаным, жанчына імкнецца знайсці прымяненне сваім рукам. Яна любіць гатаваць разнастайныя стравы і займаецца іх кансерваваннем.
— З’яўляюцца ў лесе лісічкі — і раблю салянку, — апавядае гаспадыня. — Гатую розныя салаты, вару варэнне. Саджу клубніцы і маліну. Усё гэта трэба перапрацаваць, закатваю каля 600 слоікаў розных нарыхтовак. Маю шмат рэцэптаў, якія бяру ў знаёмых і ў кулінарных кнігах, якія дастаўляе бібліобус Карэліцкай раённай бібліятэкі.
Суразмоўца прызналася, што любіць наведваць лес, які радуе свежым паветрам і дарамі прыроды: лісічкамі, баравікамі, падбярозавікамі, падзялёнкамі, апенькамі, шампіньёнамі. Грыбы кансервуе і сушыць, дае дзецям, частуе знаёмых. Таіса Іванаўна назвала і свой грыбны рэкорд: за чатыры дні назбірала 700 баравікоў.
— Жыццё на пенсіі спакойнае і размеранае, і можна займацца любімай справай, — удакладніла жанчына. Яна паведала і пра тое, што любіць кветкі: аксаміткі, ружы, хрызантэмы. Асаблівую перавагу аддае ружам, карысць ад іх двайная: і радасць для душы, і ў двары прыгажосць.
Жыццё і праца
Аляксандр Уладзіміравіч і Таіса Іванаўна пражылі разам сорак чатыры гады. Як прызнаўся галава сям’і, на працягу жыцця было ўдосталь усяго, як у кожнай сям’і, але лепшага больш. Давялося ўставаць на досвітку, каб усюды паспець і ўсё зрабіць. Бралі дзялкі лёну і буракоў. Дзеці дапамагалі ў калгасе і па асабістай гаспадарцы. Гады прайшлі хутка, але шкадавання няма.
— І калі б пачаць спачатку, штосьці змянілі б? — цікаўлюся ў суразмоўцы.
— Я не мяняў бы. Усё склалася найлепшым чынам у адносінах з бацькамі, жонкай, дзецьмі, і справа была па душы, — адказаў мужчына.
Жанчына дадала:
— Усім задаволена. Не шкадую, што шмат працавала і працую. Хочацца шмат зрабіць, ад працы атрымліваю задавальненне. На стале павінны быць хлеб і да хлеба, і трэба сабраць пачастункі для дзяцей і ўнукаў. Як іх па-мацярынску не сустрэць? Гэта ж у жанчыне закладзена.
Дом у сям’і Савонь у вёсцы Баранавічы прыгожы і ўтульны, і месца тут хапае ўсім. Гаспадар напрыканцы сустрэчы папрасіў выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі і асабіста дырэктару Міхаілу Міхайлавічу Валчэцкаму, які аказаў садзейнічанне ў правядзенні газаправода. Як вядома, цёпла павінна быць і ў пакоях, і на душы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ