Дома, дороги и дворы: что отремонтировали в Кореличском районе
Многае ў нашым светаўспрыманні залежыць ад таго, наколькі ўтульны наш дом, добраўпарадкаваны двор, вуліца, вёска, наколькі яны камфортныя для пражывання, працы і адпачынку. Менавіта таму гэтыя пытанні займаюць важнае месца ў дзейнасці арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Штогод у Карэліцкім раёне вядуцца работы па ўводзе жылля пасля капітальнага рамонту, выконваюцца мерапрыемствы па добраўпарадкаванні вуліц і дваровых тэрыторый.
Усе адценні капрамонту
У 2023 годзе Карэліцкае РУП ЖКГ правяло капітальны рамонт жылых дамоў у г.п. Карэлічы па вул. 1 Мая, 3 і па вул. Гастэлы, 32. Падрадчыкам выступіла ТАА “КрисЭнергоСтрой “ (г. Бабруйск). На 22 лістапада бягучага года капітальны рамонт гэтых дамоў завяршыўся і аб’екты ўведзены ў эксплуатацыю. Інжынер Карэліцкага РУП ЖКГ Аляксандр Зайко расказаў, што былі выкананы наступныя работы: рамонт дахавага пакрыцця, замена трубаправодаў гарачага і халоднага водазабеспячэння, замена трубаправодаў газазабеспячэння, замена сетак электразабеспячэння ў месцах агульнага карыстання і размеркавальных прылад, замена дзвярэй і вокнаў у месцах агульнага карыстання, уцяпленне тарцовых сцен, рамонт фасадаў або тарцоў фасада і цокальнай часткі (тынкоўка і афарбоўка), уваходных груп і балконаў, замена сетак цеплазабеспячэння, частковая замена сетак каналізацыі і іншае. Аляксандр Андрэевіч адзначыў:
– На правядзенне капітальнага рамонту жылога дома № 3 па вул. 1 Мая ў г.п. Карэлічы зрасходавана 432,3 тыс. руб., у тым ліку бюджэтных сродкаў – 341,8 тыс. руб., адлічэнні наймальнікаў на капітальны рамонт жыллёвага фонду склалі 90,5 тыс. руб.
На рамонт жылога дома № 32 па вул. Гастэлы райцэнтра было асвоена 254,2 тыс. руб., з іх бюджэтных сродкаў – 200 тыс. руб., адлічэнняў наймальнікаў – 54,2 тыс. руб.
Намаганнямі камунальнікаў сёлета адрамантавана адзінаццаць дахаў агульнай плошчай 2586 квадратных метраў у г.п. Карэлічы і аграгарадках Жухавічы і Палужжа, на што было прыцягнута 292,8 тыс. рублёў.
Зараз праводзіцца капітальны рамонт д. № 42 па вул. Гастэлы ў райцэнтры, а таксама працягваецца будаўніцтва кацельні на вул. Гагарына ў г.п. Карэлічы. Узведзены сцены, зроблена адмостка, часткова зманціравана абсталяванне, пачаўся мантаж лёгкаскідваемага даху. На будаўніцтва дадзенага аб’екта выдаткавана 5 млн 500 тыс. рублёў, з іх прафінансавана 3 млн 920 тыс. рублёў.
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2023/11/IMG_0278.jpg)
Будаўніцтва кацельні на вуліцы Гагарына
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2023/11/IMG_0261.jpg)
Аўтамабільная паркоўка каля прадуктовага магазіна «БелТавіс» на вуліцы Гастэла
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2023/11/IMG_0266.jpg)
Новая аўтамабільная стаянка на вуліцы Гагарына, 32
Комплекснае добраўпарадкаванне вуліц і дарог райцэнтра
Сёлета быў праведзены немалы фронт работ па добраўпарадкаванні дарог, вуліц і дваровых тэрыторый раённага цэнтра. Дарожнікі змянілі асфальтавае пакрыццё на вуліцы 8 Сакавіка, заасфальтавалі 685 кв. м вул. Чырвонаармейская. Выкананы работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый вул. Гагарына, 25а, 26, 32 і Гастэлы, 23 (асвоена 6045,58 рубля). Вымашчана 383 кв. м тратуарнай пліткай, устаноўлена 633 пагонныя метры тратуарнага борта і пакладзены асфальт. Абсталяваны пяць стаянак для аўтамабіляў.
Работнікамі Карэліцкага РУП ЖКГ таксама выкананы работы па добраўпарадкаванні пешаходнай дарожкі каля царквы райцэнтра: выкладзена 30 кв. м тратуарнай пліткі і ўстаноўлена 28 пагонных метраў тратуарнага борта. На гэтыя работы асвоена 3 265,9 рубля.
Акрамя гэтага, устаноўлены 16 новых асвятляльных ліхтароў у скверы каля возера Быкава і тры – каля Карэліцкай ЦРБ. Асвоена 21039,85 рубля.
Усе намечаныя планы па рамонце і ўтрыманні дарог, вуліц і дваровых тэрыторый райцэнтра выконваюцца ў тэрмін.
– Для людзей вельмі важна перамяшчэнне па зручных, сучасных дарогах, – гаворыць жыхарка вул. Чырвонаармейская Алена Яўсейчык. – Нам усім заўсёды хацелася, каб роўная асфальтаваная дарога была побач з кожным домам. Шмат гадоў дарожнае пакрыццё на вул. Чырвонаармейская знаходзілася, скажам прама, у непрывабным стане. Мы звярнуліся на прамую лінію ў Карэліцкі райвыканкам з просьбай аб укладцы асфальтавага пакрыцця. І нас пачулі. Жыхары ўдзячны кіраўніцтву райвыканкама, асабліва старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Шкадаву, за разуменне праблем людзей, за дапамогу ў рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця. Для нас гэта яскравы прыклад таго, як трэба клапаціцца пра насельніцтва не на словах, а на справе.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара