Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока: «Для нашай краіны рашэнне аб будаўніцтве АЭС было граматным і своечасовым»

На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з працоўным візітам наведаў Астравецкі раён і пабываў на Беларускай АЭС. У свой час менавіта Аляксандр Рыгоравіч стаў ініцыятарам будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў нашай краіне, бо разумеў, што гэта дасць новыя перспектывы для далейшага развіцця краіны, — адзначае член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока.

Ужо сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што для нашай краіны рашэнне аб будаўніцтве АЭС было граматным і своечасовым. Пра тое, наколькі важная гэтая станцыя для Беларусі, гавораць наступныя лічбы. На сённяшні дзень два энергаблокі Беларускай АЭС могуць забяспечыць больш як 40 працэнтаў патрэбнасці краіны ў электраэнергіі.

А з пачатку сваёй працы станцыя ўжо выпрацавала звыш 20 млрд кВт.гадз электраэнергіі і дазволіла знізіць валютную нагрузку на эканоміку краіны больш чым на 650 млн долараў. Дарэчы, у рэйтынгу краін Еўропы па таннасці электраэнергіі Беларусь займае высокае трэцяе месца.

А пачыналася ўсё вельмі няпроста. Мы памятаем, як яшчэ да пачатку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі з боку краін-суседзяў гучалі розныя прэтэнзіі, незадаволенасць будаўніцтвам. Асабліва бурна абураліся Літва і Польшча. І гэта нядзіўна: плата за электраэнергію ў жыхароў гэтых краін вырасла ў некалькі разоў. А зараз нават крытыкі БелАЭС у Літве шкадуюць, што ў свой час закрылі сваю Ігналінскую АЭС, у Польшчы запланавана будаўніцтва дзвюх новых АЭС. Таму што ўсюды ў свеце атамная энергетыка прызнана самай чыстай. Дарэчы, Беларусь і раней, і зараз выказвае гатоўнасць пастаўляць электраэнергію ў суседнія краіны. Пераканана, што ў бліжэйшым будучым партнёрскія адносіны Беларусі з Літвой і Польшчай будуць адноўлены і ў любым выпадку здаровы сэнс павінен перамагчы.