Любительское объединение «Надзея» при Циринской сельской библиотеке существует 20 лет

— Аматарскае аб’яднанне «Надзея» існуе пры Цырынскай сельскай бібліятэцы дваццаць гадоў, — гаворыць бібліятэкар і яго кіраўнік Алена Пахоменка. — Каля яго вытокаў стаяла Зінаіда Аляксандраўна Наўмовіч, якая адпрацавала ў сельскай бібліятэцы больш за трыццаць гадоў. Актыўнымі ўдзельнікамі аб’яднання былі ў той час і па сённяшні дзень наведваюць пасяджэнні Зінаіда Аляксандраўна Наўмовіч, Людміла Аляксандраўна Бында, Галіна Ігараўна Калядка, Варвара Станіславаўна Таўлуй, Алена Васільеўна Манько, Ала Уладзіміраўна Зайко.

Іх рады папоўнілі  Раіса Мікалаеўна Самускевіч, Наталля Мікалаеўна Гомза, Валянціна Мікалаеўна Ахрэмка. 90 працэнтаў наведвальнікаў — людзі пенсійнага ўзросту.

Заняткі праходзяць у сельскай бібліятэцы. Удзельнікі аб’яднання прымаюць удзел у брэндавых мерапрыемствах, якія праходзяць на тэрыторыі Цырынскага сельсавета: «Мядовы спас»,  «Бульбяны разгуляй».

— Мы рыхтуем стравы і вырабы, удзельнічаем у конкурсах, — адзначае Алена Сямёнаўна і дадае, што стравы з бульбы бываюць рознымі, сярод іх  «грыбная паляна»,  «дуэт», «бульба ў капелюшы», «бульба фры», і многія займаюць прызавыя месцы.

Удзельнікі аматарскага аб’яднання на пасяджэннях абмяркоўваюць тэмы здаровага ладу жыцця, духоўнасці, арганізоўваюць выставы. Займаюцца рукадзеллем, пішуць вершы, дзеляцца кулінарнымі рэцэптамі.

Як сцвярджае кіраўнік аматарскага аб’яднання, гэта  вельмі дружны калектыў. Яны ходзяць у царкву і заўсёды прыдуць на дапамогу.  Удзельнікі «Надзеі» чакаюць з нецярпеннем чарговага пасяджэння, каб падзяліцца навінамі і даць слушныя парады адзін аднаму.