Лидия Гремяко из деревни Некрашевичи занимается рукоделием
Чалавек жыве на зямлі і святло сваёй душы дорыць людзям. Каля яго можна сагрэцца — ён выпраменьвае дабрыню. Пагаворыш адкрыта і шчыра — і ўзбагацішся ўдвайне. І яшчэ доўга ў памяці будзеш захоўваць цёплыя ўспаміны аб незабыўнай сустрэчы.
У доме, як у святліцы
Дом пад нумарам 3 у вёсцы Некрашэвічы вызначаецца па-асабліваму. Будынак прываблівае сваёй сонечнасцю — жоўты колер радуе вочы, і я міжволі цікаўлюся ў гаспадыні:
— Хто наводзіў парадак?
— Сыны Уладзімір і Мікалай. Прыязджаюць часта і дапамагаюць па доме. У чэрвені гэтага года пафарбавалі. Хаце шмат гадоў. Я прыйшла сюды пасля замужжа ў 1964 годзе, і сталі з мужам жыць, гадаваць дзяцей…
Лідзія Канстанцінаўна Грэмяка дадала, што таксама дбае пра парадак. Любіць, каб у хаце было чыста. У жанчыны гэта атрымліваецца: да ўсяго даходзяць рукі. У паважаным узросце няпроста, як-ніяк тры пакоі ды кухня. Вось толькі вынік не прымушае сябе чакаць: у доме, як у святліцы.
Радасць кожнага дня
— Маркота — вялікі грэх, — сцвярджае жанчына. — Калі чалавек знаходзіцца ў бадзёрым стане, яму хочацца працаваць. Устаю раніцай у сем гадзін, а іду да сну па-рознаму. Здараецца, нават у дванаццаць гадзін. Цэлы дзень знаходжуся ў руху. Раней вышывала, а цяпер вяжу сурвэткі.
У такія хвіліны майстрыха супакойваецца, забывае пра дрэннае і думае пра добрае. Вырабы дорыць нявесткам і пляменніцам. Для жанчыны ў сталым узросце — радасць для душы: і справа для рук, і прыемнае блізкім.
Любіць увіхацца і па асабістай гаспадарцы. Клопат кожнага дня — куры. Увесну шчыруе на зямлі — садзіць агародніну. Гаспадыня назірае, як з маленькай раслінкі вырастаюць морква ці бурак. Яна не адна ў сваіх памкненнях — дапамагаюць дзеці.
Слушныя парады
Як прызналася суразмоўца, яна любіць даць добрую параду. Як-ніяк за плячыма — шматлікія гады, з якімі прыйшла і мудрасць. Заходзяць да яе суседкі, каб пагаварыць па душах і пачуць параду старэйшай па гадах.
— Люблю людзей, — гаворыць Лідзія Канстанцінаўна. — Яны заўсёды каля мяне, і гэта вельмі радуе. У Некрашэвічах зараз жыве не так шмат вяскоўцаў. У асноўным пенсіянеры, і за столькі гадоў яны зжыліся і сталі блізкімі па духу. У вёсцы ўсё навідавоку: усё адзін пра аднаго ведаюць ды схаваць немагчыма. Ды і ці трэба гэта рабіць? Мы адна вялікая сям’я, у ёй галоўнае — павага і давер.
Да ўсяго справа
У Лідзіі Канстанцінаўны да ўсяго ёсць справа, яна нераўнадушны чалавек. У вёсцы функцыянуе фельчарска-акушэрскі пункт — гэта да іх пажаданняў прыслухаліся. Для людзей пажылога ўзросту медустанова мае сваю важнасць: памераць ціск і зрабіць уколы. З удзячнасцю субяседніца гаварыла пра фельчара Жанну Мікалаеўну Палуян, якая аказвае неабходную медыцынскую дапамогу.
— Газеты і пенсію паштальёны дастаўляюць своечасова, — гаворыць жанчына і адзначае, што асабліва любіць чытаць раённую газету «Полымя». У раёнцы апавядаецца пра родны край і людзей Карэліччыны. Ёсць магчымасць быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў раёне і свеце.
Задавальняе работа і аўтамагазіна, які прыязджае ў вёску па аўторках і чацвяргах і два разы ў месяц па суботах. Асартымент тавараў добры, і ад вяскоўцаў няма скаргаў.
Быць у руху
Па меркаванні субяседніцы, галоўнымі ў жыцці з’яўляюцца праца і сям’я. Лідзія Кастанцінаўна Грэмяка працавала паляводам, даяркай, свінаркай. Ніколі ў жыцці ніякай работы не баялася. Брала дзялкі буракоў і лёну. Дзеці дапамагалі пасля заняткаў у школе. Зараз сталі сапраўднымі памочнікамі. Сэрца радуюць пяць унукаў і пяць праўнукаў. У вольны час наведваюцца да роднага парога, маці і бабуля рада сустрэчам.
— Трэба жыць з радасцю, — сказала напрыканцы гутаркі жанчына. — Быць пастаянна ў руху — і будзе добры настрой. Трэба знайсці занятак па душы, бо праца ўзвышае і ўзбагачае чалавека.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ