Многодетная семья Кузьмич из агрогородка Малюшичи вывела свою формулу счастливого родительства
Кожны чалавек не раз задаваўся пытаннем, што такое шчасце. Для кагосьці яно ў любімай рабоце, хтосьці марыць стаць знакамітым, а шчасце шматдзетнай сям’і Дзяніса і Святланы Кузьміч з аграгарадка Малюшычы заключаецца ў любімай сям’і, клопаце аднаго аб адным і цудоўных дзетках.
– Калі я прыехала працаваць у ДП “Малюшычы“ бухгалтарам пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа, быў 2007 год. Тут сустрэла прыгожага юнака. Гэта было каханне з першага погляду, – з хваляваннем успамінае пра знаёмства з мужам маладая жанчына. – У 2008 годзе Дзяніс прапанаваў мне стаць яго жонкай, а на наступны год мы ажаніліся.
Як прызнаецца Святлана, у будучым мужы яна ўбачыла самае галоўнае – далікатнае і трапяткое стаўленне да жанчыны. Гэтым ён яе і “падкупіў”: дзяўчына зразумела, што ён – той самы, з якім хочацца пражыць усё жыццё, ідучы побач. І Святлана не пралічылася – сёння ў іх вялікая і дружная сям’я.
Калі ажаніліся, праўленне гаспадаркі выдзеліла маладой сям’і дом, які перайшоў ва ўласнасць. Гаспадары зрабілі рамонт, а зараз займаюцца дызайнам вялікага двара. Усё робяць па-сучаснаму і сваімі рукамі.
– Трэба, каб і яблык можна было з’есці, і каб дзецям занятак быў, ды і нам тут жыць, таму неабходна зрабіць так, каб было і прыгожа, і ўтульна, – запэўніў Дзяніс.
Хоць дзеці яшчэ невялікія, але, зазіраючы на перспектыву, не так даўно маладыя бацькі купілі ім кватэру ў г. Гродна, маўляў, пойдуць вучыцца, то не трэба будзе здымаць. Добрай дапамогай у набыцці нерухомасці стаў сямейны капітал, які шматдзетная сям’я аформіла пасля нараджэння трэцяй дачкі.
Дзяніс Аляксандравіч працуе начальнікам пажарнай часці г.п. Мір, Святлана – бухгалтарам Карэліцкай ЦРБ. Першынцу сям’і Кузьміч – старэйшай дачцэ Дар’і, ужо 14, сярэдняй Соф’і – 8 гадоў. Дзяўчынкі актыўныя і творчыя. Абедзве вучацца ў СШ № 2 г.п. Карэлічы. У вольны час ходзяць у Малюшыцкі Дом культуры і вельмі любяць спяваць. Прымаюць удзел у канцэртах, якія арганізоўваюцца і праводзяцца работнікамі культуры аграгарадка. Як і большасць дзяцей, дзяўчынкі шукаюць сябе. Не будзе лішнім сказаць, што Дар’я і Соф’я – незаменныя маміны памочніцы. Трэцяй дачушцы Аляксандры тры гады, яна наведвае дзіцячы сад № 1 райцэнтра. Для дзіцяці гэта першыя крокі да сацыялізацыі, бацькі цалкам яе ў гэтым падтрымліваюць. Дзяўчынка дапытлівая, актыўная і добрая. З задавальненнем гуляе са сваімі старэйшымі сястрычкамі.
Мама адзначае, што ўсе дзяўчаткі клапатлівыя і ўважлівыя. Нават калі чымсьці вельмі занятыя, то адкладваюць усе свае справы і з радасцю дапамагаюць. Сястрычкі паміж сабой дружныя, а старэйшыя заўсёды дагаджаюць і песцяць малую.
Гледзячы на Святлану, і не падумаеш, што гэтая пяшчотная і далікатная жанчына нарадзіла траіх дзяцей. Яе выдаюць толькі шчаслівыя вочы і ўсмешка на твары, калі яна расказвае пра перамогі і дасягненні сваіх дзетак.
За магчымасць мець такую дружную, моцную, вялікую сям’ю і кожны дзень адчуваць радасць мацярынства Святлана ўдзячная свайму мужу Дзянісу. Захавальніца сямейнага ачага прызналася, што, калі б яна не адчувала падтрымку, апору і моцнае мужчынскае плячо, магчыма, не адважылася б стаць шматдзетнай маці.
– Муж – эліксір майго шчасця. У ім ёсць усе якасці, якія павінны быць у сапраўднага мужчыны, – дзеліцца Святлана. – Ён, нават, калі вельмі стомлены, усё роўна імкнецца ўдзяліць увагу дачушкам.
– Дзяніс Аляксандравіч, Вы з жонкай марылі пра вялікую сям’ю ці працягнулі традыцыю пакаленняў?
– Сем’і, у якіх раслі мы, не шматдзетныя, а наша ячэйка грамадства, хутчэй, выключэнне ў нашым родавым дрэве. І гэта вялікае шчасце, да якога мы прыйшлі свядома. Так, вялікая сям’я – гэта нялёгка. Гэта работа, толькі з яе не адпросішся і не возьмеш адпачынак. Гэта праца даўжынёю ў жыццё, але яна любімая, і ўцягнутасць у яе дае адчуць усю паўнату бацькоўства.
– Як праходзіць ваш выхадны дзень з сям’ёй?
– Па магчымасці стараемся быць актыўнай сям’ёй. Лепшы час для нас – водпуск. Мы і на рыбалку ездзім, і ў грыбы, а можам адправіцца ў падарожжа. У гэты год летам ездзілі адпачываць усёй сям’ёй на возера Нарач. Гэта была цудоўная магчымасць пабыць усім разам, правесці час з карысцю і цудоўна адпачыць ад паўсядзённых будняў. Сярод навучальнага года, калі разлічана кожная хвіліна, усе разам збіраемся толькі вечарам, і ў кожнага свае справы.
– Што для Вас быць бацькам? Гэта больш пра ласку або строгасць?
– Гэта баланс. У дзяцей павінна быць дзяцінства, і запомніць яны павінны яго вясёлым, яркім і бесклапотным. Дзяцінства, дзе тата – сябар, памочнік, абаронца. Вядома, выхаваўчыя моманты могуць быць і з абмежаваннямі, але ў астатнім толькі ўсмешкі. Нельга забываць, што гэта ў першую чаргу дзеці і размаўляць з імі трэба на іх мове.
Безумоўна, бацькава ўвага для дзяўчынак – самае каштоўнае. Для іх ён лепшы сябар і прыклад.
Дзяніс і Святлана ганарацца сваёй сям’ёй, у якой пануюць любоў, мір і павага адзін да аднаго, чутны звонкі дзіцячы смех і тупат маленькіх ножак.
І сапраўды, сям’я – гэта падарунак лёсу, надзейны прытулак у вялікім свеце, дзе заўсёды пануюць каханне, узаемапавага і дапамога.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара