Участники торжества в честь Дня работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности делятся эмоциями
Іван ШЫШ,
былы старшыня СВК «Маяк-Заполле»,
ветэран працы:
— Настрой прыўзняты, бо адзначаецца адно з важных свят у календары — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Найлепшыя гады аддаў гэтай галіне — трыццаць пяць гадоў служыў роднай старонцы, зямлі, людзям. З года ў год сумеснымі намаганнямі дабіваліся значных вынікаў у вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Стараліся развіваць сацыяльную сферу і сябравалі са спортам. Адным з асноўных быў клопат пра працаўнікоў гаспадаркі. Яны шчыра працавалі на палях і фермах, за што былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. Гэтыя цёплыя ўспаміны саграваюць сэрца, і хочацца пажадаць ва ўрачысты дзень усім сельскім працаўнікам роднай гаспадаркі і раёна здароўя, дабрабыту, міру, шчасця.
Наталля ЗАЙЦАВА,
выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка
КСУП «Царука»:
— Мяне перапаўняе хваляванне ад таго, што накіравалі ад працоўнага калектыву на раённыя ўрачыстасці з нагоды нашага прафесійнага свята. Заатэхнік — патрэбная прафесія ў сельскай гаспадарцы: працуеш з жывёлай, якую патрэбна своечасова накарміць і падаіць, але яшчэ любіць. Да таго ж, гэта і ўзаемаразуменне ў калектыве. Я пастаянна адчуваю падтрымку кіраўніка і калег, што стымулюе ў працы. Сёння праводзіцца цудоўнае свята для сельскіх працаўнікоў, дзе душой адпачываеш ад працоўных будняў, і хочацца, каб свят было больш у нашым жыцці. Чалавек працы заслугоўвае ўвагі і павагі, шчырых слоў і цудоўных песень. Працаўнікам вёскі жадаю здароўя, удачы, цярпення, і каб у іх дамах назаўсёды пасяліліся згода і каханне. Міру і дабра!
Кірыл ГАЎРОШ,
тэхнік-праграміст СВК «Свіцязянка-2003»,
малады спецыяліст 2023 года:
— Я сам родам з Варончы. Закончыў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж. У сельгаскааператыве працую тэхнікам-праграмістам. Жыву ў Варончы з бацькамі. На роднай зямлі падабаецца ды падабраўся добры калектыў. У вольны ад працы час вучуся на курсах па вывучэнні англійскай мовы і праграмавання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфармавання і радыёэлектронікі. Мару стаць паспяховым праграмістам і развівацца ў дадзеным накірунку. Зараз стараюся прыносіць карысць сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву «Свіцязянка-2003», бо тут адбываецца маё станаўленне як асобы, і тут пастаянна адчуваю падтрымку калег па працы.
Генадзій ШЭЎКА,
слесар-рамонтнік-зваршчык
Карэліцкага сырцэха «Навагрудскія дары» філіяла
ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат»:
— Для мяне гэтае свята — павага да працаўнікоў вёскі. Сёння ў раённай установе культуры гучыць добрая музыка, і перадавікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці будуць узнагароджваць і гаварыць у іх адрас шчырыя словы. Атмасфера прыемная, мяне перапаўняе гонар за чалавека-працаўніка. Карэліцкі сырцэх падрыхтаваў выставу і дэманструе сваю прадукцыю. Нам ёсць чым ганарыцца, мы ўмеем трымаць марку. Такія святы патрэбны, каб паказаць, што сярод нашых землякоў ёсць шмат працавітых людзей, і імі трэба ганарыцца. Яны сваім розумам і сваімі рукамі ствараюць зямныя даброты. За гэта ім — нізкі паклон. Няхай ніколі яны не стамляюцца і далей шчыруюць на карысць людзей і грамадства.
Іна БОГУШ,
начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне
Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта:
— Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — вялікае свята. Большасць атрымальнікаў пенсій раёна — ветэраны сельскай гаспадаркі, якія ў свой час сумленна працавалі, за што ім выказваю словы вялікай удзячнасці. У нашай сям’і гэты дзень заўсёды адзначаўся, бо мой бацька Аляксандр Аляксандравіч Багушэвіч быў старшынёй калгаса імя Жалезняковіча і вызначаўся добрасумленнымі адносінамі да працы. Сёння яго справу з гонарам прадаўжаюць на жухавіцкай зямлі. Дык няхай і надалей не патухне святло ў хатах вяскоўцаў, пануюць у іх дабрыня і спагада, а на сталах заўсёды будзе хлеб і да хлеба.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ