Кореличский льнозавод приступил к переработке нового урожая

Без сучаснай тэхнікі і абсталявання разлічваць на высокія вынікі ў любой галіне немагчыма. Льнаводства не выключэнне. Вытворчасць якаснай прадукцыі і яе выгадная рэалізацыя залежаць ад шматлікіх фактараў. Спецыялісты ААТ “Карэлічы-Лён” асаблівую ўвагу надаюць тэхналагічным складальнікам на шляху ад сяўбы даўгунца да атрымання гатовага льновалакна. І кожны сезон пацвярджаюць свой высокі клас.

Пагрузка льнотрасты

Аб рабоце ААТ “Карэлічы-Лён”  карэспандэнту газеты “Полымя” расказаў дырэктар  Фёдар Жук:

– Асноўнымі спажыўцамі вырабленага на прадпрыемстве льновалакна з’яўляюцца Аршанскі льнокамбінат і ААТ “Гранітэкс”. За 9 месяцаў года айчынным перапрацоўшчыкам адгружана  710 тон доўгага валакна і 1206 т кароткага. Дамоўленасці на пастаўкі льнокамбінату выконваюцца на 100 працэнтаў. Сёлета адгружана 141,8 т доўгага і 52,3 т кароткага валакна звыш дзяржзаказа. У Кітай экспартавана 114,7 т  ільновалакна на суму 163,277 тыс. долараў, у Расію – 568,8 т на суму 865,028  тыс. долараў.  Наогул, у асартыменце прадукцыі — ільняное валакно,  ільняны алей, ільняны жмых на корм жывёле, паліўныя кастрабрыкеты для ацяплення, кастрабрыкеты для падсцілу коней. Нягледзячы на тое, што надвор’е  ў гэтым годзе не спрыяла  добраму ўраджаю,  наш завод працуе стабільна, на поўную загрузку.

Мінулы год для прадпрыемства выдаўся асабліва  паспяховым: пры ўраджайнасці  47,6 цэнтнера з гектара валавы збор склаў  16 185 тон ільнотрасты сярэднім нумарам 1,16 і, паводле ацэнак спецыялістаў, гэта быў адзін  з лепшых паказчыкаў у краіне.  І гэта нягледзячы на тое, што лён – капрызная і пераборлівая культура, якая патрабуе асаблівай увагі: пэўны састаў глебы і тэхналогію вырошчвання.

Кожны сезон становіцца для аграрыяў сапраўднай барацьбой з прыродай, але вынік усё апраўдвае. Так і сёлета, нягледзячы на капрызы надвор’я, ільнаводы Карэліччыны  забяспечылі сябе сыравінай  новага ўраджаю, выгадавалі нядрэнны лён.  Пры ўраджайнасці 31,2 цэнтнера з гектара  нарыхтавалі 11 тысяч тон ільнотрасты сярэднім нумарам 0,74.

– Звозіць даўгунец з палёў скончылі  15 верасня, – расказвае дырэктар прадпрыемства. – Асноўны ўраджай выгадавалі на арандаваных у гаспадарак  3313 гектарах. Усяго ж сыравінная зона складае 3513 гектараў, з якіх 2150  знаходзяцца ў нашым раёне. Плюс  чатыры гаспадаркі, а гэта   200 га, у Навагрудскім раёне. З уборкай справіліся ў аптымальныя тэрміны. Як заўсёды, выдатна папрацаваў наш мехатрад з 41 чалавека.

Намаганнямі работнікаў ільнозавода  ўдалося не парушыць тэхналогію, і траста раўнамерна даспела, а затым сухая была дастаўлена на захоўванне. Літаральна адразу пасля ўборкі  сталі закладваць асновы пад ураджай будучага года. Аднымі з першых у раёне паднялі зябліва пад пасевы, правялі неабходныя хімапрацоўкі, унеслі ўгнаенні.

Здымшчыца доўгага валакна Анжэла Варановіч

Сартавальніца кароткага льновалакна Таццяна Буцкевіч

Аператар устаноўкі Пётр Кулініч

Прасаўшчык кароткага валакна Уладзімір Карабач

Аператары ўстаноўкі Алег Донь і Аляксандр Сурага

Прасаўшчык кароткага валакна Аляксандр Каляда

Мехатрад ужо прыступіў да рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Рыхтуе да зімы і ставіць  на лінейку захоўвання трактары, аўтамабілі, пагрузчыкі, ільноўборачныя камбайны і прычапныя механізмы.

Як відаць на справе, якасныя параметры канчатковай прадукцыі закладваюцца на працягу ўсяго тэхналагічнага працэсу, і дробязяў у льнаводстве няма. Менавіта гаспадарскі падыход – залог поспеху.

Прафесія льнавода  —  складаная і рэдкая, навучанне адбываецца непасрэдна ў палях і цэхах. А ў вытворчасці, нягледзячы на сучаснае абсталяванне, усё яшчэ шмат ручной працы. Ды і якасць лёну  спецыялісты вызначаюць, можна сказаць, на вока. Іншых метадаў няма — толькі вопыт. Многія  тут  працуюць не адзін дзясятак гадоў.   Кіраўніцтва прадпрыемства заўсёды праяўляе клопат аб работніках. На заводзе працуе 313 чалавек, сярэдні заробак   — 1697 рублёў.

— На нашым заводзе створаны камфортныя ўмовы для працы. Арганізаваны падвоз да месца работы транспартам прадпрыемства, дзейнічае пазменны графік. Работнікі забяспечаны сродкамі гігіены і абароны, спецвопратка выдаецца ў залежнасці ад пары года. Члены прафсаюзнай арганізацыі маюць права на выплаты да ўсіх значных падзей: шлюбу, юбілею, нараджэння дзіцяці, страты блізкага, а таксама   заахвочваюцца выплатамі і падарункамі да святаў.

Яшчэ адзін сацыяльны аб’ект — сталовая. Тут устаноўлена сучаснае абсталяванне. Меню разнастайнае, а   завадчане могуць харчавацца ў кошт будучага заробку.  Падчас палявых работ сталовая забяспечвае абедамі механізатараў, якія аплачваюць  толькі 20% ад іх кошту.  Усе жадаючыя маюць магчымасць паправіць здароўе ў санаторыях Беларусі, прапануюцца туры выхаднога дня і розныя экскурсійныя маршруты.  Бо, пагадзіцеся, калі людзі адчуваюць да сябе ўвагу, яны і працуюць з двайной аддачай, — з упэўненасцю гаворыць Фёдар Мікалаевіч.

Повар Таццяна Гоцка

Абстаноўка на прадпрыемстве рабочая. Відаць, што ўсе без выключэння адказна ставяцца да справы і перажываюць за яе вынік. Кожны  дакладна ведае, колькі ён павінен зрабіць за змену. За ўсім вядзецца штодзённы кантроль.

— Калі нешта не атрымліваецца, то аналізуем, шукаем прычыны і ўхіляем іх, — адзначае тэхнік-тэхнолаг Анастасія Шэўка і дадае: — Наша задача — даць на выхадзе добра апрацаванае валакно, бо яно паступіць на іншыя прадпрыемствы нашай краіны і з яго будуць пашыты  льняныя вырабы, якімі славіцца Беларусь.

Тэхнік-тэхнолаг Анастасія Шэўка

Кожны раз, калі сустракаюся з завадчанамі, пераконваюся, што ключавымі фактарамі поспеху з’яўляюцца зусім не матэрыяльныя, а чыста чалавечыя фактары. Тут няма выпадковых людзей, кожны аддае заводу максімум. Бо толькі людзі здольныя стварыць поспех або разбурыць яго

Сказана

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

— Лён — рэнтабельная культура, на якой можна зарабляць, і ў гэтым кірунку ў Беларусі ўжо многае зроблена.  У ранейшыя часы яго апрацоўвалі многія краіны: Францыя, Кітай, Расія, Нідэрланды, Бельгія, Казахстан і Беларусь. Мы былі на шостым-сёмым месцы, калі не браць Савецкі Саюз. А цяпер апынуліся на другім.  Людзі цэняць ільняную прадукцыю, попыт на яе толькі расце. Рашэнне аб развіцці ў краіне льняной галіны было прынята даўно, і сёння ўжо позна спрачацца, ці правільным яно было.  Увага да гэтай сферы не выпадкова, бо наша краіна  – адна з вядучых краін–вытворцаў ільновалакна. Да таго ж лён з’яўляецца адзіным штогод узнаўляльным  відам сыравіны для тэкстыльнай прамысловасці. Сёння беларускія прадпрыемствы выпускаюць спецыялізаваную тэхніку для яго вырошчвання і ўборкі, а заводы асвойваюць і развіваюць новыя напрамкі выкарыстання льновалакна, кастры  і  льнонасення. У краіне яшчэ некалькі гадоў таму вызначыліся з тэхналогіяй вырошчвання, аптымальнымі тэрмінамі сяўбы і ўборкі лёну, з падыходамі тэхнічнага перааснашчэння льнозаводаў.

 На  нарадзе па развіцці льняной галіны, 31 жніўня 2023 года.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара