Избран новый председатель Кореличского районного объединения профсоюзов

27 снежня ў вялікай зале Карэліцкага райвыканкама адбылося пасяджэнне Савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Надзея Сцяпура, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў.

На парадаку дня – выбары старшыні Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Надзея Аляксандраўна прапанавала на пасаду старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў кандыдатуру Наталлі Мікалаеўны Высоцкай, якая да гэтага з 2012 года працавала спецыялістам, а з 2021 года кіраўніком службы «Адно акно», загадчыкам сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Карэліцкага райвыканкама.

 

– Наталля Мікалаеўна прайшла ўзгадненне на ўзроўні Федэрацыі прафсаюзаў, яе кандыдатура была падтрымана на пасяджэнні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і выканкамам Федэрацыі, — адзначыла Надзея Сцяпура.

У падтрымку прапанаванай кандыдатуры выступіў старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў, які звярнуў увагу, што, працуючы кіраўніком раённай службы “Адно акно”, Наталля Мікалаеўна праводзіла актыўную работу, з увагай ставілася да людзей і заўсёды дапамагала вырашаць узнікаючыя пытанні. Таксама кіраўнік раёна выказаў упэўненасць, што выбраны пафсаюзны лідар годна справіцца і з новымі пастаўленымі перад ім , і ўтрымае высокую планку дасягненняў раённай прафсаюзнай арганізацыі.

– Мы ўсе добра разумеем, якую ролю адыгрывае самае масавае прафсаюзнае грамадскае аб’яднанне ў эканоміцы, палітыцы і сацыяльнай сферы нашай дзяржавы. Яны заўсёды стаялі на абароне правоў грамадзян і ў гэтым, безумоўна, вялікая заслуга прафсаюзных лідараў. Сёння грамадства напярэдадні важнай падзеі — выбарчай кампаніі, якая пройдзе 25 лютага 2024 года. Выбары будуць няпростыя, і роля прафактыву, я ўпэўнены, будзе значнай, эфектыўнай і выніковай. А з вашай падтрымкай Наталля Мікалаеўна здабудзе свой вопыт, і ў яе ўсё атрымаецца, — выказаўся Аляксандр Шкадаў.

На пасяджэнні раённага Савета прафактыў прагаласаваў аднагалосна за вылучаную кандыдатуру Наталлі Высоцкай.

Уступаючы на пасаду, Наталля Мікалаеўна падзякавала прафактыў за аказаны давер і па добрай традыцыі прынесла клятву прафсаюзнага лідара. Яна ўрачыста паабяцала адказна абараняць правы і законныя інтарэсы членаў прафсаюза, верна служыць прафсаюзнаму руху Беларусі.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара