Навінкі літаратуры Карэліцкай бібліятэкі

«Мастацкае слова ў прозе»: зборнік твораў для вывучэння ў 11 класе

У зборнік увайшлі творы вядомых беларускіх пісьменнікаў XX—XXI стагоддзяў. Яны вылучаюцца разнастайнай тэматыкай, рознымі па характары літаратурнымі героямі, асаблівасцямі ідэйна-мастацкага зместу і накіраваны на сур’ёзны дыялог з чытачом аб сэнсе жыцця і пошуку свайго месца ў гэтым свеце.

Людміла Рублеўская 

«Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага»

Завяршальны, сёмы, раман авантурнай сагі Людмілы Рублеўскай пра прыгоды шляхціца Пранціша Вырвіча і яго вучонага сябра Баўтрамея Лёдніка зноў перанясе вас у захапляльны свет ХVIII стагоддзя. Нялёгка даліся доктару Лёдніку апошнія выпрабаванні… Ці зможа амаль зламаны чалавек, які шукае ратунку ў адмаўленні ад усяго зямнога, вярнуцца ў вір палітычных інтрыгаў апошніх гадоў Рэчы Паспалітай? А трэба не толькі ратаваць сваіх блізкіх са зняволення, але і абараняць таямніцу полацкіх сутарэнняў, якую зноў хочуць прыўлашчыць хціўцы.

 «Родныя словы»: вершы і паэмы

У кнігу ўвайшлі паэтычныя творы класікаў беларускай літаратуры П. Броўкі, У. Дубоўкі, А. Куляшова, якім належыць асаблівая роля ў абнаўленні беларускай лірыкі: як на шляху светапоглядным, духоўным, так і ў кірунку жанрава-стылёвых пошукаў.

Зборнік выдаецца ў адукацыйных мэтах.

«Зборнік апавяданняў для чытання ў VII класе»

Зборнік уключае апавяданні беларускіх пісьменнікаў, якія ўваходзяць у вучэбную праграму па прадмеце «Беларуская літаратура» для VII класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання.

Міхась Сліва

«Птушка шчасця»

Новую кнігу вядомага беларускага пісьменніка Міхася Слівы склалі аповесці, навелы, мініяцюры. Галоўная тэма – каханне, тое вечнае пачуццё, што хвалюе сэрца, высакародзіць душу і робіць жыццё радасным, але часта прыносіць трывогі ды пакуты. Шчыра піша аўтар і аб сяброўстве, аб адказнасці за свае ўчынкі. Гэтым тэмам прысвечаны і творы замежных майстроў прозы, пераствораныя Міхасём Мітрафанавічам па-беларуску.

Займальныя сюжэты, неардынарныя жыццёвыя сітуацыі, шчырыя пачуцці герояў робяць кнігу цікавай, будзяць думкі і эмоцыі чытачоў.

Раіса Баравікова 

«Казачныя аповесці пра міжпланетнага пажарніка і іншых мамурыкаў»

Мамурык — з далёкай планеты Мамурыі, каго адна знаёмая дзяўчынка пісьменніцы Раісы Баравіковай, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, назвала міжпланетным Пажарнікам, даўно спадабаўся юным чытачам.

Кніга атрымала назву «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў». Але падзеі, апісаныя ў ёй, разгортваюцца не толькі на Мамурыі. Мамуры і мамурыкі вельмі ўпадабалі нашу Зямлю, і ў казачных аповесцях дапытлівы чытач знойдзе шмат прыгод гэтых займальных і проста сімпатычных істот у мясцінах, добра знаёмых нам.

Кніга будзе садзейнічаць экалагічнаму выхаванню дзяцей.