В Кореличском районном краеведческом музее состоялась теплая встреча двух поколений

У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё новай экспазіцыі «Карэліччына: 2-я палова ХХ-ХХІ стст.». Яна прысвечана людзям і падзеям, якія ўслаўляюць яе на сучасным этапе. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі Лідзія Іосіфаўна Нагорная, Галіна Паўлаўна Калтунова, Ганна Канстанцінаўна Шклярж. 

Чалавек — гучыць ганарова!

Вось важныя штрыхі з біяграфіі Лідзіі Іосіфаўны Нагорнай. Нарадзілася ў вёсцы Явар Дзятлаўскага раёна. Была намеснікам старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, старшынёй Карэліцкага раённага савета жанчын. Дванаццаць гадоў працавала старшынёй раённага Савета дэпутатаў. Па яе ініцыятыве ў раёне быў створаны раённы савет стараст. Сталі традыцыйнымі сельскія сходы, злёты салдацкіх удоў, вечары-ўшанаванні сем’яў розных пакаленняў, пасяджэнні клуба даярак сямі-пяцітысячніц, арганізацыя кансультацый вядомых свяціл урачэбнай практыкі.

За шматгадовую плённую гаспадарчую і грамадскую дзейнасць узнагароджана Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, памятным знакам «2000 гадоў хрысціянству», Ганаровымі граматамі Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. За актыўную работу па сацыяльнай падтрымцы грамадзян, якія пацярпелі ад нацыянал-сацыялістычных праследаванняў у Другой сусветнай вайне, атрымала Ганаровую грамату і Падзяку Беларускага рэспубліканскага фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне». За вялікі ўклад у аднаўленне аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА Замкавага комплексу «Мір» адзначана Дыпломам. Неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі райвыканкама. Занесена ў раённую Кнігу славы.

Падчас сустрэчы Лідзія Іосіфаўна нагадала пра тое, як праводзіліся святы вёсак і вуліц у раёне. Патрэбна была вялікая падрыхтоўчая работа — наведаць кожны дом жыхара населенага пункта і з кожным пагутарыць. Значную работу праводзілі і работнікі культуры раёна. У дзень свята вёску было не пазнаць, яна маладзела, прыязджалі з гарадоў да бацькоў дзеці і ўнукі. На святах арганізоўваліся выставы народных умельцаў, нагадвалася гісторыя вёскі, ушаноўваліся лепшыя жыхары. З гармонікам і песнямі ішлі па вёсцы, а гасцінныя вяскоўцы каля сваіх дамоў выстаўлялі на сталы прыгатаваныя стравы і частавалі імі гасцей. Урачыстасці праводзіліся ў маляўнічых куточках на прыродзе. У якасці яскравага прыкладу прамоўца нагадала пра свята ў вёсцы Любанічы Лукскага сельсавета, дзе гасцінныя гаспадыні напяклі шмат караваяў і частавалі імі гасцей.

Лідзія Іосіфаўна заклікала вучняў школ райцэнтра шанаваць тое, што заваявана бацькамі і дзядамі, паважаць старэйшых, берагчы бацькоў і выказала надзею, што ў маладых усё атрымаецца, ветэраны працы ў іх вераць і ўскладваюць на іх надзеі.

Настаўнік, паэт, актывістка

Галіна Паўлаўна Калтунова нарадзілася ў вёсцы Падгайна. 38 гадоў працавала на ніве адукацыі, пад яе кіраўніцтвам утворана рэгіянальная сістэма выхавання асобы. Рэжысёр і вядучая раённых мерапрыемстваў. Мясцовая паэтэса. Аўтар кніг: «Карэліцкія мадонны», «Споведзь душы маёй», «Плыві, «Рэчанька» зямлі Карэліцкай», сааўтар «Буквара Карэліцкага раёна». Прысвоена званне «Выдатнік адукацыі». Удастоена звання «Педагог-майстар». Лаўрэат прэміі Гродзенскага абласнога Савета жанчын. Занесена ў раённую Кнігу славы.

На адкрыцці новай экспазіцыі ў раённым краязнаўчым музеі Галіна Паўлаўна адзначыла, што яна шчаслівы чалавек, на жыццёвым шляху сустракаліся такія людзі, у якіх яна вучылася. Калі не было настрою, прасілася на ўрокі да Ганны Канстанцінаўны Шклярж. Яе вучні любілі і ведалі біялогію, а педагог па-майстэрску выкладала гэты прадмет і ладзіла з дзецьмі. У кабінеце Лідзіі Іосіфаўны Нагорнай, калі даводзілася бываць па грамадскіх справах, сустракалася з прафесіяналам сваёй справы і чалавекам вялікай душы, якая імкнулася своечасова вырашаць пытанні наведвальнікаў.

Галіна Паўлаўна заклікала вучняў, каб яны прадоўжылі вучобу ў педагагічных ВНУ, каб імкнуліся тварыць дабро, бо менавіта дабром мы моцныя. Настаўнік з Вялікай Літары пераканана, што трэба любіць сваю справу, паважаць настаўнікаў, імкнуцца ў жыцці стаць людзьмі.

І, сапраўды, хто лепш можа расказаць пра настаўніка, як не вучні. Вучаніца ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Соф’я Васько выступіла з даследчай працай аб жыццёвым шляху педагога, Ганаровага грамадзяніна г.п. Карэлічы Галіны Паўлаўны Калтуновай, у якой паказала, што яна з’яўляецца яскравым прыкладам настаўніка па прызванні і таленце, творчага, аддадзенага сваёй прафесіі, служэнню сваёй справе і людзям.

У працы ёсць такія радкі: «25 гадоў адпрацавала Галіна Паўлаўна на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Шмат цікавых мерапрыемстваў яна падрыхтавала і правяла: вечары, дні самакіравання, «Музычны салон», «Зорная гадзіна». У школе быў адкрыты клуб «Аднадумцы», быў створаны хор настаўнікаў і дзіцячы хор. Існаваў тэатр, з пастаноўкамі якога выступалі ў калгасах раёна, школах і арганізацыях. Прафесійнае майстэрства Галіны Паўлаўны высока ацанілі педагогі-выхавальнікі Гродзеншчыны, што пабывалі на яе аўтарскіх курсах «Сакрэты выхавання».

Соф’я Васько прызналася, што Галіна Паўлаўна Калтунова дапамагла ёй зразумець і наглядна ўбачыць, якім павінен быць сапраўдны настаўнік. Настаўнік — гэта не толькі той, хто вядзе ўрокі, выкладае пэўны прадмет. У сваёй асобе ён павінен спалучаць многае: быць тонкім псіхолагам, з’яўляцца асветнікам, носьбітам вялікага сэрца, шчырай бязмежнай душы, бясконцай любові да дзяцей, да сваёй прафесіі, быць адданым ёй, несці выхаванцам, усім людзям наогул святло сваіх памкненняў і ўчынкаў, з’яўляцца сапраўднымі сынам ці дачкой роднага краю.

«Я моцна люблю біялогію»

Ганна Кастанцінаўна Шклярж нарадзілася ў саўгасе Нача Ляхавіцкага раёна. Была настаўнікам біялогіі ўстановы адукацыі «Дзяржаўная гімназія № 1 г.п. Карэлічы». Педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Узнагароджана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, значком «Выдатнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь». Удастоена звання «Педагог-майстар». Узнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама. З’яўлялася дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў. Прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь». Занесена ў раённую і абласную Кнігі славы.

Бадай, няма на Карэліччыне чалавека, які не ведае Ганну Канстанцінаўну Шклярж, а многім вучням яна дала пуцёўку ў жыццё. Ведучы размову аб сваёй педагагічнай дзейнасці, яна адзначала, што трэба любіць тое, што выкладаеш у школе. Педагог моцна любіць біялогію, кабінет заўсёды працаваў на поспех дзяцей, і яны жылі гэтым прадметам. Падрыхтоўка да алімпіяды патрабавала шмат намаганняў, і іншы раз нават дапамагалі вучні, якія былі ўжо студэнтамі.

Настаўніца прызналася, што зусім не шкадуе аб тым, што аддавала дзецям усе веды і сваё сэрца, бо гэта вернута сто разоў. «Для мяне галоўнае — гэта сяброўства з дзецьмі, — гаворыць Ганна Кастанцінаўна. — Мяне і сёння саграваюць адносіны з выпускнікамі, з якімі падтрымліваю сувязі. Мне пішуць і тэлефануюць, а таксама наведваюць. Гэта сапраўдны эліксір для душы, які падтрымлівае ў паважаным узросце».

Педагог нагадала далёкія школьныя гады, калі жылі дружна ўсім класам, і гэта было вельмі здорава: асенні баль, вечары вальсу і многае іншае. Да настаўнікаў вучні праяўлялі вельмі добрыя адносіны, для многіх дзяўчынак яна была сяброўкай і дарадцай. Ганна Канстанцінаўна ўдзячна лёсу за тых дзяцей і тых калег, што былі побач, за такую гіганцкую сям’ю, якая забяспечвала поспех. А поспех не прымушаў сябе доўга чакаць: Раман Пярэська праславіў родную школу і родныя Карэлічы на сусветнай арэне. Настаўнік адзначыла, што яму хацелася па-сапраўднаму вучыць біялогію, і яна дапамагала ў гэтым. «Я ганаруся поспехамі не толькі Рамана, але і ўсіх вучняў», — сказала напрыканцы сустрэчы Ганна Кастанцінаўна Шклярж і заклікала сённяшніх вучняў любіць Радзіму і школу, даражыць бацькамі, настаўнікамі, сябрамі і пажадала, каб ім заўсёды і ва ўсім спадарожнічаў поспех.

Іх жыццё і праца —  прыклад

На выставе прадстаўлена шмат фотаздымкаў людзей, якія праслаўлялі Карэліччыну. Сярод славутых — Віталій Ільіч Крамко, Браніслаў Іванавіч Крывіцкі, Уладзімір Арсенцьевіч Галавач, Кацярына Ціханаўна Ушкевіч, Валерый Аляксандравіч Жарскі, Ганна Аляксандраўна Жарская, Уладзімір Максімавіч Сатыга, Іван Сцяпанавіч Барыскін, Васілій Васільевіч Бар’яш, Станіслаў Валяр’янавіч Лычкоўскі, Анатолій Канстанцінавіч Цобкала, Іван Міхайлавіч Паўловіч, Іван Адамавіч Хоміч, Ніна Сцяпанаўна Свірыд, Мікалай Аляксандравіч Гавіна, Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі. Яны сумленна жылі і шчыра працавалі, часцінку душы стараліся падарыць людзям.

Наш раён праслаўляюць у ХХІ стагоддзі не толькі дзеячы народнай гаспадаркі і мастацтва, але і спорту. Сярод іх — спартсмены Аляксей Алфёраў, Алёна Чычкан, Ірына Мокат, Арцём Логіш, Тамара Шыманская. Медалісты праслаўляюць наш раён на рэспубліканскім узроўні.

Вядучы мерапрыемства, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Аляксей Караян шчыра правёў гэтую сустрэчу.

Цудоўныя нумары мастацкай самадзейнасці падарылі прысутным Дар’я Барабан, Станіслаў Пачынчык, Вольга Несцер.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА