Председатель Кореличского районного Совета депутатов Александр Шкадов встретился с жителями агрогородка Луки

Выбары 2024 года і пытанні бяспечнай і камфортнай жыццядзейнасці сельскіх жыхароў. Вось спектр тых тэм, якія 12 снежня абмеркаваў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў на сустрэчы з жыхарамі аграгарадка Лукі.

Галоўная тэма сустрэчы – электаральная кампанія. Пройдзе яна па новых правілах, у адпаведнасці з прынятай летась на рэспубліканскім рэферэндуме абноўленай Канстытуцыяй. Таму асаблівую ўвагу прысутных Аляксандр Віктаравіч звярнуў на новаўвядзенні:

– 25 лютага 2024года ў нашай краіне ўпершыню ў гісторыі пройдзе адзіны дзень галасавання, калі будуць адначасова выбірацца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў. Раней гэтыя выбарчыя кампаніі арганізоўваліся ў розны час.

Сам адзіны дзень галасавання, па словах старшыні райсавета, пройдзе практычна ў традыцыйным фармаце. Розніца будзе заключацца толькі ў тым, што ў розных акругах людзі будуць атрымліваць не аднолькавую колькасць бюлетэняў. Напрыклад, сельскія жыхары атрымаюць па чатыры бюлетэні: па выбарах дэпутатаў сельскага, раённага, абласнога Саветаў дэпутатаў і па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

 

Ужо сфарміраваныя ўсе тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі.

Пэўныя навацыі закрануць працэс арганізацыі датэрміновага галасавання. Другі момант – забаронена фатаграфаваць, публічна выстаўляць на камеру альбо ў інтэрнэт бюлетэнь, у якім пастаўлены голас. Гэта звязана з забеспячэннем сакрэту волевыяўлення.

Гаворачы пра кандыдатаў на пасаду дэпутатаў, старшыня райсавета, адзначыў, што гэта павінен быць чалавек, які жыве праблемамі сваёй краіны і людзей. Таму наша задача – правесці выбары цывілізавана, на годным прававым і чалавечым узроўні, улічваючы давер як выбаршчыкаў да кандыдатаў, так і кандыдатаў, якія з павагай павінны ставіцца да людзей, што аддалі за іх свой голас. Падводзячы вынік гутаркі па гэтай тэме, Аляксандр Віктаравіч зрабіў акцэнт на высновах з падзей 2020 года:

– Кожны з нас павінен засвоіць урокі дваццатага года і зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб пазбегнуць спробаў дэстабілізацыі, не паддацца рознага роду правакацыям, засцерагчы ад усяго гэтага сваіх родных і блізкіх. Мы ўсе разам павінны шанаваць мір і стабільнасць у нашай краіне.

Напрыканцы сустрэчы спыніўся і на пытаннях бяспечнай жыццядзейнасці ў асенне-зімовы перыяд. Ён звярнуў увагу прысутных на тэму пажарнай бяспекі, зазначыўшы пры гэтым, што прычынай многіх пажараў становіцца людская нядбайнасць і бестурботнасць. Спыніўся на выпадках гібелі людзей на вадаёмах.

— Усяго гэтага можна пазбегнуць, калі людзі з усёй адказнасцю будуць адносіцца да сваіх абавязкаў і праяўляць любоў да жыцця. Трэба памятаць, што жыццё — найкаштоўнейшы дар, — заключыў прамоўца.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара