Какими заботами своих избирателей живут депутаты Еремичского сельского Совета Людмила Ковалевская и Марина Мельникова
На Ярэміцкай зямлі жыве шмат шчырых і працавітых людзей, якія заслугоўваюць павагу і ўвагу. Народныя абраннікі іх падтрымліваюць і аказваюць патрэбную дапамогу.
З дэпутатамі Ярэміцкага сельскага Савета Людмілай Уладзіміраўнай Кавалеўскай і Марынай Уладзіміраўнай Мельнікавай мы пазнаёміліся бліжэй, завітаўшы ў гэты цудоўны куточак Карэліцкага краю.
«Жывём на сваёй зямлі»
Сустрэча першая
Людміла Уладзіміраўна Кавалеўская нарадзілася ў вёсцы Саленікі на Карэліччыне. Яна лічыць гэтыя мясціны цудоўным краем: недалёка знаходзіцца возера Свіцязь, а месца называе «бярмудскім трохвугольнікам», у які ўваходзілі тры невялікія вёсачкі: Саленікі, Белыя Лугі, Цінявічы. Для жанчыны гэта малая радзіма, а другой радзімай сталі Ярэмічы, цудоўны Прынёманскі край, дзе жыве амаль сорак гадоў і працуе ў галіне культуры.
— Ярэміччына — гэта самы дарагі куточак майго жыцця, дзе нарадзіўся мой любы сын Сяргей, якім вельмі ганаруся. Ён вырас сапраўдным мужчынам, сумленным чалавекам, уважлівым бацькам і мужам, клапатлівым сынам. Тут, у Ярэмічах, знайшла сваё прызванне і адбылося станаўленне як асобы, — адзначае Людміла Уладзіміраўна і дадае, што Ярэміцкі Дом культуры стаў для яе другім домам, дзе сустрэла таленавітых і творчых людзей. З удзячнасцю гаворыць ім «Шчыры дзякуй!» і ў першую чаргу Марыі Пятроўне Крэнь за яе невычэрпны талент, аптымізм, добрасумленнасць. Дзякуючы яе творчасці і залатым рукам, аматарскі калектыў «Закрытыя твары» стаў вядомым ва ўсёй рэспубліцы. Яна згуртавала калектыў у КПП вёскі Ярэмічы, а затым у 1987 годзе перайшлі працаваць у Дом культуры і пабывалі ў многіх месцах рэспублікі. На рахунку — даволі шмат цікавых мерапрыемстваў і тэатралізаваных пастановак, што дае магчымасць дарыць радасць людзям.
Людміле Уладзіміраўне даводзіцца сустракацца з дня ў дзень з вяскоўцамі. Падчас сустрэч яны выказваюць свае думкі аб мерапрыемствах і свае пажаданні. Самая высокая ўзнагарода, калі людзі гавораць «дзякуй» і іх апладысменты. Разам з тым давяраюць і свае сакрэты, просяць дапамагчы ў вырашэнні злабадзённых пытанняў. Найчасцей звярнуць увагу на дарогі, асабліва новых вуліц. Абноўлены асфальт на вуліцы Палявая, а па вуліцы Маладзёжнай пытанне застаецца пакуль адкрытым. За дапамогай і парадай звяртаецца да старшыні Ярэміцкага сельсавета Пятра Анатольевіча Навумовіча, і разам вырашаюць, як найлепш зрабіць і вызначаюць задачы на будучае.
Па меркаванні Людмілы Уладзіміраўны Кавалеўскай, людзі ў Ярэмічах цудоўныя, добразычлівыя, таленавітыя, творчыя, гатовыя прыйсці на дапамогу. Яна называе іх багаццем: душэўнай цеплыні хапае на сям’ю і працу, удзел у народным тэатры «Ярэміцкія маскі». Таму яны заслугоўваюць пашаны і павагі. Ярэміччане прыносяць вялікую радасць і добры настрой аднавяскоўцам і гасцям аграгарадка, а таксама сваё майстэрства паказваюць за межамі раёна.
— Рыхтуемся да новай выбарчай кампаніі, дзе кожны павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак і прагаласаваць за кандыдата, які, на яго погляд, дастойны быць абраным. Наша родная Беларусь прыгажэе з кожным годам і кожным днём. Мы павінны гэта разумець, захаваць і прымножыць. Жывём у сельскай мясцовасці і не можам не заўважыць, як наш быт становіцца падобным да гарадскога. Тым не менш, дыхаем цудоўным чыстым паветрам, і галоўнае — жывём на сваёй зямлі, — сказала напрыканцы сустрэчы дэпутат.
«Здароўе — вялікае багацце»
Сустрэча другая
Марына Уладзіміраўна Мельнікава родам з вёскі Даўгінава Ярэміцкага сельсавета. Закончыла Ярэміцкую сярэднюю школу, Мінскае медыцынскае вучылішча № 2. З 1995 года працуе ў Ярэмічах.
Ярэміцкі фельчарска- акушэрскі пункт абслугоўвае 11 вёсак і 618 жыхароў, з іх — 60 дзяцей да 18 гадоў. Як апавядае медыцынскі работнік, людзі звяртаюцца са сваімі праблемамі па стане здароўя. Найчасцей яны скардзяцца на павышаны ціск, захворванне апорна-рухальнай сістэмы, прастудныя захворванні, і найчасцей гэта людзі пенсійнага ўзросту, якім патрэбны асаблівыя ўвага і клопат. Хто не можа дайсці да ФАПа (а такіх нямала), фельчар наведвае дома.
Вельмі часта ў гутарках пацыенты расказваюць і пра свае хвалюючыя пытанні. Вяскоўцаў турбуе стан і якасць пітной вады, добраўпарадкаванне дарог. Што датычыць якасці вады, пытанняў цяпер не ўзнікае, хаця вуліца Прынёманская засталася для вырашэння пытання на наступны год. Даводзілася вырашаць іншыя пытанні: калі быў снегапад, чысцілі дарогі, калі патухалі ліхтары на вуліцах, іх замянялі.
— Супрацоўнічаю з прадстаўнікамі мясцовай улады, — гаворыць дэпутат. — Старшыня Ярэміцкага сельвыканкама Пётр Анатольевіч Навумовіч падтрымлівае ў дэпутацкіх клопатах, а да кіраўніка справамі сельвыканкама Юліі Вікенцьеўны Гуцуляк можна звярнуцца па многіх пытаннях, якія дапаможа вырашыць альбо дасць добрую параду.
Па меркаванні Марыны Уладзіміраўны, здароўе — асноўнае багацце, якое не купіш ні за якія грошы. Медработніку хочацца, каб людзі клапаціліся самі пра сваё здароўе. Нагадала пра неабходнасць штогадовай дыспансерызацыі: гэтым чалавеку ўдасца выявіць захворванне на ранняй стадыі.
— Я заўсёды адчуваю падтрымку сваіх калег — галоўнага ўрача УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Дануты Аляксандраўны Скварады і галоўнай медыцынскай сястры Наталлі Сяргееўны Сакаловай, а таксама загадчыка Турэцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Івана Дамінікавіча Паўлючыка і ўзначальваемага ім калектыву, — адзначае суразмоўца і дадае, што менавіта сумеснае супрацоўніцтва дапамагае трымаць руку на пульсе жыцця і стаяць на абароне здароўя вяскоўцаў Прынёманскага краю. Жыццё ў аграгарадку не стаіць на месцы. Людзі тут жывуць працавітыя, шчырыя, сціплыя, добразычлівыя, і яна бачыць свой абавязак, як дэпутата і медработніка, аказаць ім своечасовую і патрэбную дапамогу.
Слова — старшыні Ярэміцкага сельвыканкама Пятру Анатольевічу НАВУМОВІЧУ:
— На тэрыторыі Ярэміцкага сельскага Савета было абрана 11 дэпутатаў у мясцовы Савет дэпутатаў. Сярод іх — культработнікі, супрацоўнікі медыцынскай галіны, работнікі сельскай гаспадаркі і пенсіянеры. Самымі актыўнымі ў дэпутацкай дзейнасці з’яўляюцца Людміла Уладзіміраўна Кавалеўская, Марына Уладзіміраўна Мельнікава, Пётр Пятровіч Мацук, Леанід Мікалаевіч Рыжкоўскі і іншыя. Яны вырашалі пытанні добраўпарадкавання тэрыторый, асвятлення вуліц, забеспячэння палівам і іншыя. Дэпутаты былі звязуючым звяном паміж выбаршчыкамі і сельскім Саветам, што садзейнічала вырашэнню пытанняў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА