Учащиеся Кореличского района приняли участие в традиционной губернаторской елке

У традыцыйнай губернатарскай ёлцы ў горадзе Гродна прынялі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі з Карэліцкага раёна. Сярод іх — вучаніца 5 «А» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы» Яна Ваўчок.

Як расказала дзяўчынка, паездка ёй вельмі спадабалася. Дарога да абласнога цэнтра няблізкая, але затое яна атрымала вельмі шмат уражанняў. На сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Сцяпанавічам Каранікам было шмат дзяцей, якім ён адрасаваў шмат шчырых і цёплых слоў. Спадабалася і пастаноўка «Ямеліна шчасце»: акцёры ігралі цудоўна, і гэта ўзняло настрой. Дзяўчынкі і хлопчыкі побач таксама радаваліся майстэрству выканаўцаў.

Пасля прадстаўлення кожны з рабят атрымаў салодкі падарунак.
Пра сябе Яна паведаміла: яна выдатніца вучобы. Асабліва любіць урокі рускай і англійскай мовы, сусветнай гісторыі. Мае шмат сяброў, у іх кагорту рада запісаць бацькоў і настаўнікаў — яны дапамагаюць у вучобе. Любіць браціка Кірыла, які вучыцца ў першым класе сярэдняй школы № 2 райцэнтра.

У Яны Ваўчок гэта першая сур’ёзная сустрэча на такім высокім узроўні, дзякуючы якой дзяўчынка адчула новае для сябе і атрымала пазітыўныя эмоцыі. «Гэта было вельмі цікава. Я б паехала ў другі раз, а для гэтага трэба добра вучыцца і займацца карыснымі справамі», — лічыць пяцікласніца.

Галіна СМАЛЯНКА