В ГУО «Райцевская средняя школа» в рамках акции «Наши дети» открыли обновленный компьютерный класс

Карысны тэхнічны падарунак да Новага года для дзяцей і педагогаў уручылі 26 снежня ДУА “Райцаўская сярэдняя школа”. Сучасныя камп’ютары дапамогуць ў вучобе і адкрыюць дарогу да пазнання сферы інфармацыйных тэхналогій. Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам, а камп’ютарны клас – гэта сэрца і мозг інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя школы.

 Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч.

У сваёй прамове Ірына Валер’еўна адзначыла:

– Сёння для вашай школы сапраўды сімвалічная падзея: 26 снежня 2023 года падпісана рашэнне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта аб прысваенні ўстанове адукацыі імя былога старшыні СВК «Свіцязянка-2003» У.А. Галавача, які шмат рабіў для падтрымання і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. І менавіта ў гэты дзень у рамках акцыі “Нашы дзеці” мы адкрываем клас, абноўлены васьмю вучнёўскімі і адным настаўніцкім камп’ютарамі на суму больш 14 тысяч рублёў, выдаткаваных з раённага бюджэту.
Яна пажадала новых адкрыццяў і перамог, а таксама выказала надзею, што сучасная тэхніка дазволіць пашырыць кругагляд навучэнцаў і падрыхтуе іх не толькі да праектнай дзейнасці, але і сучаснага жыцця.

Дырэктар школы Пётр Буляк адзначыў, што ў наш час вельмі важна валодаць камп’ютарнай граматай і вучні школы з гэтым спраўляюцца. Яны прымаюць удзел у міжнародным анлайн-конкурсе па інфарматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр”, у абласной дыстанцыйнай алімпіядзе па праграмаванні, а таксама ў раённых алімпіядах. А таксама выказаў спадзяванні на больш выніковы ўдзел у рознага ўзроўню конкурсах і алімпіядах.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара