В Кореличском районе состоялось торжественное открытие благотворительной новогодней акции «Наши дети»
У Карэлічах прайшло ўрачыстае адкрыццё дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Традыцыйна канец каляндарнага года звязаны з чарадзействам, цудамі і падарункамі. Якім бы дарослым ні быў чалавек, кожны чакае ад Новага года прыемных нечаканасцей. Але больш за ўсіх у навагоднія цуды вераць дзеці. Сярод тых, хто прыйшоў на свята, дзяўчынкі і хлопчыкі з пачатковых класаў абедзвюх школ райцэнтра.
Павіншаваць юных карэліччан прыйшлі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан і начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама старшыня РА ГА “Беларускі фонд міру” Ірына Асташэвіч.
Перад маленькімі гасцямі выступіў Яўген Чычкан:
— Паважаныя дзеці! Шчыра віншую ўсіх з пачаткам цудоўнай штогадовай акцыі “Нашы дзеці”. Сённяшні дзень з’яўляецца стартам марафону добрых спраў, калі ўсе арганізацыі будуць віншаваць вас, дарагія дзеці, дарыць вам і вашым аднагодкам падарункі. Я ўпэўнены, што мы, дарослыя, зробім усё магчымае, каб надыходзячыя дні сталі для вас сапраўды святочнымі, і спадзяюся, што жаданні, якія вы напісалі ў лісце Дзядулі Марозу, збыліся.
— Акцыя “Нашы дзеці” прысвечана вам, паважаныя дзеці, — звярнулася да прысутных Ірына Асташэвіч. — У кожнай установе адукацыі раёна адбудуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Новаму году і Калядам. На Карэліччыне кожны вучань пачатковых класаў атрымае ад Карэліцкага райвыканкама салодкі падарунак. Сёлета такія сюрпрызы атрымаюць 712 дзетак. Я віншую вас з надыходзячымі святамі, хачу, каб вы правялі іх весела. Жадаю, каб Дзядуля Мароз выканаў усе вашы жаданні.
На свята да маленькіх карэліччан завіталі казачныя персанажы — Адзінарожка і Навагодняя Цацка, разам з якімі дзеткі танчылі пад вясёлую музыку, а затым паклікалі галоўных герояў усіх навагодніх казак — Снягурку і Дзядулю Мароза. Прыемным сюрпрызам для рабят сталі Вясёлы Зайчык і Чабурашка, да якіх усе адразу кінуліся з абдымкамі.
Свята вельмі прыйшлося па душы вучаніцы 1 класа СШ №1 райцэнтра Ніколь Хаўста:
— Вельмі спадабаўся Чабурашка, ён такі прыгожы. Я глядзела мульцік пра яго.
Дзяўчынка яшчэ не паспела напісаць ліст Дзядулі Марозу, але вельмі марыць пра новыя канькі.
Спадабалася свята і другакласніку СШ №1 Кірылу Лагуце. Асабліва прыйшліся па душы танцы Вясёлага Зайчыка. Кірыл кажа, што на Новы год ён загадаў квадрацыкл і вельмі спадзяецца, што Дзядуля Мароз здолее даставіць гэты падарунак.
Першакласніцы з СШ №2 Дашы Навумовіч вельмі спадабаўся Чабурашка. Дзяўчынка глядзела пра яго кіно, і была здзіўлена, што ён завітаў сюды.
— У лісце Дзеду Марозу я папрасіла парфуму, набор фламастараў і альбом для налепак, — падзялілася Дар’я.
Дашынаму аднакласніку Мішы Гаваку спадабаліся ўсе без выключэння персанажы. Ліст Дзядулі Марозу хлопчык пісаў разам з сястрой. Сярод іншых падарункаў яны замовілі ў барадатага казачніка плюшавага цацачнага слана, у якім — цукеркі.
Сяргей СТОЛЯР
Фота Іны ЛЕЙКІ