27 января — Всемирный день памяти жертв Холокоста. Воспоминания Анны Бондарик, которая видела издевательства над евреями в Еремичах

Сведчанні пра тое, як фашысты знішчалі мірнае насельніцтва Карэліччыны падчас карных аперацый, былі сабраныя яшчэ ў пасляваенныя гады, але цяпер з’явіліся новыя.

Генеральная пракуратура Беларусі амаль 3 гады вядзе расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. За гэты час па ўсёй краіне дапытаны больш за 17,5 тысяч сведак і пацярпелых, якія далі паказанні аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР.

Адной з такіх сведак, якая ў гады вайны была зусім яшчэ дзіцем, з’яўляецца Ганна Уладзіміраўна Бандарык з аграгарадка Ярэмічы. На жаль, яе не стала ў 2022 годзе, аднак дзякуючы Карэліцкаму раённаму аддзелу Следчага камітэта захаваліся яе ўспаміны.

Ярэмічы бамбілі тры дні

«Нядзеля 22 чэрвеня 1941 года, ясная сонечная раніца. Працавала царква, былі адкрыты ўсе крамы, людзі весяліліся і радаваліся гэтаму дню. Мая старэйшая сястра Валянціна працавала сакратаром Ярэміцкага сельскага Савета. А яе хлопец, Косця Станкевіч, быў старшынёй гэтага сельсавета. І вось якраз у тую нядзелю Валянціна дзяжурыла каля тэлефона ў сельсавеце. Каля гадзіны дня яна выйшла на вуліцу і з застылым ад страху тварам сказала: «Па тэлефоне перадалі, што пачалася вайна». Хтосьці заплакаў, хтосьці хутка пайшоў у бок дома, неўзабаве ўсе разышліся, вёска нібы вымерла. Назаўтра мы, дзеці, гулялі на вуліцы. Раптам пачулі ў небе нязвыклы гул: на брыючым палёце прама над намі ляціць самалёт, а лётчык схіліў галаву і глядзіць уніз. Наша сядзіба выходзіла якраз да Нёмана. Гумно стаяла, дарога, унізе быў Нёман, а крыху лявей — плывучы мост. Мы так узрадаваліся гэтаму самалёту, сталі махаць, бо не ведалі, што ён нясе смерць і разруху. Праз некалькі хвілін фашысты сталі бамбіць мост, мы разбегліся і схаваліся. Бамбёжка доўжылася дні тры. Праз Ярэмічы цягнуліся чароды машын з адступаючымі байцамі Чырвонай Арміі і бежанцамі. На машынах ехалі і дарослыя, і дзеці. Мы выносілі ім хлеб, малако. Днём фашысты разбамбяць мост, а да вечара байцы і мірныя жыхары аднаўлялі гэты плывучы мост, і далей усе рухаюцца на ўсход, праз Нёман, у лес. Так прайшло, можа, тры дні, і раптам стала ціха. Дзядуля пайшоў у гумно за саломай для жывёлы. Раптам пачуўся стогн. А гумно было якраз каля Нёмана. Дзядуля туды зайшоў, а там два байца ляжаць параненыя, трэці баец быў паранены ў галаву, бінты ўсе, нават не бінты, а анучы нейкія, усе ў крыві, засохлі, аж чорныя. Дзядуля паклікаў сястру маю Валю. Знялі яны гэтыя бінты чорныя, аказалі дапамогу, але ён у прытомнасць не прыходзіў. Усе крычаў, усё рваўся наперад, усё крычаў: «У атаку!» Два другія байцы атрымалі лёгкія раненні: адзін у плячо, другі ў нагу, яны хутка паправіліся. Праз тыдзень наляцелі нямецкія самалёты і сталі бамбіць Ярэмічы. Самалёта тры было, бамбілі страшна. Яны ні на што не глядзелі, проста кідалі бомбы, каб нічога не засталося. Людзі выкінулі на доўгім шасце белы сцяг, што тут толькі мірнае насельніцтва, але яны працягвалі бамбіць. Праз некалькі гадзін у Ярэмічы на двух крытых машынах і матацыклах заехалі фашысты. І тут жа на ўсіх платах, на ўсіх будках, студнях расклеілі загад, каб усім байцам, якія засталіся ў Ярэмічах, з’явіцца на зборны пункт да царквы. За непаслушэнства — расстрэл. Да таго часу нашы параненыя байцы ўжо пайшлі на папраўку, і мы сталі збіраць іх на зборны пункт. У рэчмяшкі паклалі хлеба, іншай правізіі. Двое чырвонаармейцаў узялі трэцяга пад рукі і пайшлі да царквы. Гэта было ў чэрвені 1941 года, а ў 1944 годзе наша вёска ўся была спалена, і да нас на пажарышча прыбег адзін з гэтых салдат, Грыша яго звалі. Па шчаслівай выпадковасці ён вызваляў Ярэмічы. Якім цудам ён уцалеў, мы не паспелі даведацца, бо ён спяшаўся дагнаць сваю часць. Пасля вайны мы перапісваліся.

Пакаранне яўрэяў

Неяк раніцай жыхароў Ярэміч фашысты сабралі каля школы. Зачыталі дакумент: за непаслушэнства — расстрэл, літаральна за ўсё — расстрэл. У натоўпе вяскоўцаў стаяў мясцовы жыхар, якога ўсе добра ведалі. Ён быў бяскрыўдны, ціхі, але псіхічна нездаровы, працаваў у людзей за кавалак хлеба. І вось недзе на сваю бяду ён знайшоў чырвонаармейскую гімнасцёрку і апрануў яе. Мой бацька, які нядрэнна валодаў нямецкай мовай яшчэ са школы, патлумачыў, што гэта хворы чалавек, а не баец. Але фашысты так збілі яго, што праз некалькі дзён ён памёр.

За яўрэяў узяліся адразу. Іх у Ярэмічах было вельмі шмат. Увесь цэнтр, усе крамы, усё гэта трымалі яўрэі. Былі сярод іх багатыя, былі і бедныя. Багатыя трымалі крамы, бедныя нарыхтоўвалі дровы, вазілі ў Мір на базар. Вазілі і па вёсках на продаж, чысцілі коміны. Былі сярод іх і шкляры, і краўцы, агароды садзілі, гусей трымалі, таму што побач Нёман.

Фашысты частку яўрэяў сагналі ў вялікую двухпавярховую драўляную сінагогу, дзе яшчэ нядаўна маліліся гэтыя людзі. Яна размяшчалася, дзе раней ларкі былі, каля крамы, трошкі там, у куце. Другую частку людзей размясцілі ў будынку школы, якую абгарадзілі дротам. Яўрэям загадалі прышыць жоўтыя зоркі на грудзі і на спіну. Самае страшнае злачынства — гэта пагромы ў гета. Іх учынялі паліцаі разам з немцамі. У непагодлівае надвор’е, дождж або вецер, яўрэяў выганялі з гета прама ў Нёман. І так яны стаялі па пояс у халоднай вадзе, пакуль паліцаі не змерзнуць на беразе і не вырашаць, што экзэкуцыя скончана. У гета немагчыма было ні абагрэцца, ні абсушыцца. Многія па дарозе падалі, але яўрэі падхоплівалі іх, каб фашысты не забілі, і дапамагалі дабрацца да гета. 4 лістапада, у дзень святкавання Казанскай іконы Божай Маці, прыехалі дзве крытыя машыны, спыніліся каля царквы. Яўрэям загадалі браць самае неабходнае, кідаць на машыну, паведамілі, што павязуць у Стары Свержань на працу. І мы, дзеці, радаваліся за іх, таму што там нашы аднагодкі былі, сябры, таварышы, з якімі вучыліся, што іх пакуты скончацца, што іх павязуць. Яўрэі пакідалі ўсё ў машыны, ім загадалі станавіцца на праверку. Дзіўна было тое, што іх паставілі тварам не ў бок Турца, а да Нёмана. Як толькі іх паставілі на праверку па чатыры чалавекі, адразу акружылі паліцаі і пагналі на раку. А там ужо была выкапана вялізная яма. Падзялілі людзей на групы. Дзеці стаялі  асобна з жанчынамі. Над ямай ставілі па 10 чалавек і білі з кулямётаў. Па ўсёй акрузе чутныя былі гэтыя чэргі, мы затыкалі вушы, плакалі. Зрабіўшы сваю крывавую справу, яны засыпалі яму, але яна яшчэ некалькі дзён дыхала. Пясок то падымаўся, то апускаўся. Да вечара гэтага страшнага дня ўсе гэтыя паліцаі цягалі з гета рэчы: пярыны, вопратку, посуд бязвінных ахвяраў.

Смерць сястры

 

Сястра мая Валянціна да вайны працавала сакратаром Ярэміцкага сельскага Савета, яе хлопец Косця Станкевіч — старшынёй. Калі пачалася вайна, адступаць было няма куды, і Косця пайшоў у лес, быў адным з першых партызан. Валя засталася дома, не было ёй куды ісці. Яе некалькі разоў забіралі ў паліцэйскі гарнізон у Турэц, білі, мучылі, пыталіся пра Косцю, але яна нічога не сказала. У апошні раз яе ўзялі ў лістападзе 1941 года. Пазней прыехалі да нашага дома паліцаі, адзін з іх, Ясінскі, сказаў: «Едзьце, забірайце, падохла». А яе некалькі разоў да гэтага забіралі на допыт ноччу, мучылі і прыносілі ў склеп, клалі на цэментавую падлогу, аблівалі вадой, білі па грудзях, але Валя тады выжыла, разумееце. Гэта было ў лістападзе 1941 года, і Валя жыла да 11 ліпеня 1942 года. 10 ліпеня 1942 года ў Ярэмічы прыехалі партызаны. У царкоўным доме, дзе жыў Саломчык, немцы захоўвалі зерне, адабранае ў насельніцтва. Партызаны прыехалі і забралі гэтае зерне. Увечары дзядуля ўбег у хату і крычыць: «Валя, ратуйся – немцы!». Куды яна пабегла, не ведаю, але казалі, у сяброўкі начавала. Наш дом тады акружылі фашысты і паліцаі, а на мосце зрабілі засаду. І вось сярод ночы, ніхто не спаў, чуем аўтаматныя чэргі, перастрэлка. А гэта Косця, хлопец Валін, і яго сябры-партызаны ішлі ў Ярэмічы і напароліся на засаду. Падчас перастрэлкі забілі Косцю. Яго пахавалі на тым баку Нёмана, каля моста. Валя ранічкай прыбегла дадому, і, каб не трапіць паліцаям на вочы, кажа: «Паганю пасвіць кароў». Каровы ідуць вулачкай, а Валя — праз сад. А ў нас у двары ўжо паліцаі і немец. Яна іх убачыла — і вярнулася. Вярнулася дзеля нас, гэта я пазней зразумела, інакш нас усіх семярых расстралялі б. Тут падбеглі паліцаі, пасадзілі яе на лаўку. Пыталіся ў яе пра Косціка. Нейкую паперку паказвалі і ўсе крычалі. Хтосьці ўдарыў яе па галаве, з носа і вушэй пайшла кроў, і яна

спаўзла з лаўкі на зямлю. Тады яе сталі біць нагамі. Дзядуля, я і сястра Оля поўзалі перад імі, прасілі: «Не біце яе». А дзядуля вось так склаў рукі, падпоўз да немца і кажа: «Паночак, забіце мяне, яна не вінаватая». Ёй было ўсяго 23 гады. Аднак біць перасталі. Немец загадаў Валі падняцца. Падняцца яна не магла. Тады немец загадаў дзядулі, каб ён дапамог. Дзядуля прыўзняў Валю, а немец ужо зачытваў прысуд: «За сувязь з партызанамі — расстрэл», і махнуў рукою ўздоўж двара. Яна бедная выпрасталася, уся скрываўленая. Праходзячы каля нас, толькі і паспела сказаць: «Бывайце». Не паспела яна прайсці і пяць крокаў, як пачуўся стрэл, стралялі ў патыліцу разрыўной куляй. Валя ўпала, закрываючыся рукамі. На левай руцэ ёй адарвала два пальцы. Твар — суцэльная рана, куля выйшла праз рот, выбіўшы два зуба. Валя ўпала. Мы падбеглі да яе, апусціліся на калені. Нам загадалі адысці. Мы плакалі, крычалі, але нам загадалі ісці ў дом. Мы ўвайшлі. Немец паклаў пісталет на стол і кажа: «Калі б яе не было, уся ваша сям’я была б расстраляна. Хавайце на Нёмане». Дзядуля зноў просіцца: «Паночак, там жа ходзіць быдла, як мы там будзем хаваць?». Ён жа загадаў за 15 хвілін яе пахаваць. А як жа за 15 хвілін пахаваць? Толькі я, сястры 22 гады і дзядулі пад 90. Ні труну няма каму зрабіць, ні яму выкапаць. Мы стаім у здранцвенні, не ведаем, што рабіць. І тут чуем, крычыць паліцай Мацук з Вобрыны: «Бандыта злавілі!». Бачым, да нас у двор вядуць брата Косціка Станкевіча, што ўначы загінуў, Мішу. Увесь скрываўлены, падраная кашуля, босы. І раптам ён пабег! Пачалася страляніна. Мы са страху пахаваліся хто пад печ, хто за печ. І тут стала ціха-ціха — і раптам мы чуем істэрычны плач і крык. Гэта прыбегла мама Косці і Мішы, Вера Лукінічна Станкевіч. Калі мы выйшлі на двор са сваіх схованак, то ўбачылі, што над мёртвым сынам на каленях стаіць яго маці. Мы дапамаглі ёй падняцца. Усё цела хлопца было пасечана кулямі, твару не было — страх. Вера Лукінічна зняла сваю хустку і абвязала ёй галаву сына, дакладней тое, што ад яе засталося. Прыехаў яе брат, Піцько Аляксандр Лукіч, яны паклалі цела Мішы на воз і пахавалі яго ў садзе. Сталі і мы рыхтавацца да пахавання. Вось тут на наша шчасце да нас у двор зайшла жанчына, якая хадзіла па вёсцы, прасіла міласціну. Яна стала нам дапамагаць. За хлявом выкапалі яму, можа, у калена. Гэтая жанчына памыла сястру, твар павязала, а труны няма. Труной паслужыла скрыня, дзядуля з хлява дастаў. Раней з яе мы давалі зерне жывёле. Паклалі ў тую скрыню сена, прасціну, падушку, Валечку накрылі прасцінай, паклалі зверху дошкі, засыпалі. Дзядуля стаў на калені перад свежым узгорачкам зямлі і толькі тады заплакаў. Усё прасіў: «Валя, унучачка, даруй, што я цябе не збярог».

Ярэмічы ў агні

25 мая 1944 года трое партызан: Бандарэнка Іван, Возераў Васіль і Матусевіч Уладзімір засталіся ў Ярэмічах на начлег. На рацэ Уша партызаны адрамантавалі млын, дзе малолі зерне для сваіх патрэб і для людзей. Неяк паліцаі і немцы вырашылі разбурыць гэты млын. У ноч з 25 на 26 мая немцы і паліцаі з Турца разбурылі млын і вярталіся назад. Яны ўжо мінулі той дом, дзе начавалі партызаны, але нехта з мясцовых жыхароў паказаў, дзе начуюць госці. Паліцаі акружылі дом, партызаны схаваліся на гарышчы, завязаўся бой. Калі ўсё было скончана, нас усіх выгналі з дамоў, паставілі каля дома, дзе начавалі партызаны. А ў гэтым доме, акрамя Гурынай Лізаветы, жыла сям’я з Сіняўскай Слабады — Парэцкія: Парэцкая Ганна, дачка Надзя і сын Леанід. З гэтага натоўпу забралі сям’ю Парэцкіх, завялі за Ярэмічы, гумно там было, і пастралялі ўсіх. Потым нас усіх пагналі да гэтага гумна. Хаты ўсе падпалілі, яны гараць, як свечкі, і нас гоняць. Бачым, паліцай на кані скача, Чыжэўскі. А ў гэтым натоўпе сястра жонкі Чыжэўскага і двое яе дзяцей. Калі яна заўважыла гэтага паліцая, закрычала: «Антон, выратуй дзяцей!», і выштурхала з гэтага натоўпу дзвюх дзяўчынак. Гэты паліцай пайшоў да канвою, стаў нешта казаць. Нам загадалі класціся на зямлю. Палеглі. Паліцай прывёў Серафімовіча, каменданта, нам загадалі падняцца. Усе кінуліся да Серафімавіча, бо ўсе ведалі яго, ён на млыне працаваў. Усе кінуліся да яго, хто крычаў: «Сеня!», хто: «Таварыш камендант!». І вы ведаеце, ён раптам сказаў: «Ідзіце, куды хочаце, толькі ў Ярэмічы не вяртайцеся». Так нам дапамог выратавацца ад смерці паліцай Чыжэўскі. Але калі б у гэтым натоўпе не было жончынай сястры і пляменнікаў, ён бы нас ніколі не выратаваў».

Падрыхтавала Іна ЛЕЙКА

Фота з архіва рэдакцыі і адкрытых інтэрнэт-крыніц

1