Один фликер на двоих. Корреспондент «Полымя» отправился в рейд с сотрудниками ГАИ

Святловяртальны элемент — выдатны спосаб абазначыць сябе ў цемры, які паніжае рызыку наезда на пешахода ў 6-8 разоў. Аўтааматары ведаюць, наколькі добра бачны чалавек з флікерам на цёмнай дарозе. Пра карысць гэтага яркага элемента мы чулі не адзін раз. Пра гэта расказваюць у школах і дзіцячых садках, у СМІ і інтэрнэце, на плакатах і аўтобусных прыпынках. Але яшчэ сустракаюцца тыя, хто ігнаруе заклік “Стань больш заўважным у цемры”. Каб выявіць такіх парушальнікаў, адпраўляемся ў рэйд разам з супрацоўнікамі ДАІ.

 Спецыяльнага, зараней складзенага маршрута не было. Праязджаем па выпадковых вуліцах райцэнтра. Пакуль едзем, пытаю ў супрацоўнікаў ДАІ, як складваюцца справы з флікерамі на Карэліччыне.

— У цэлым сітуацыя не можа не радаваць, — расказвае інспектар ДАІ ДПС Аляксандр Фурса. — Праязджаеш па райцэнтры, аграгарадках, невялікіх вёсках — усюды сустракаеш пешаходаў са святловяртальнымі элементамі.

— Ці былі ў раёне выпадкі наездаў на пешаходаў з-за таго, што яны не былі абазначаны флікерамі?

— На жаль, былі. Літаральна ў пачатку студзеня бягучага года ў адной з вёсак раёна пешаход ішоў паралельна руху транспартных сродкаў, не меў святловяртальнага элемента, яго не заўважыў вадзіцель аўтамабіля. У выніку — наезд. На шчасце, абышлося без траўм.

Між іншым, за адсутнасць флікера штраф можа скласці ад 1 да 3 базавых велічынь, а калі пешаход у нецвярозым стане — ад 3 да 5 базавых велічынь. Калі ж дзеянні пешахода пацягнулі стварэнне аварыйнай абстаноўкі, сума штрафу вырасце да 8 базавых. Калі падлічыць, то на гэтыя грошы можна было б набыць не адзін дзясятак флікераў, калі адзін каштуе крыху больш за два рублі. Таму варта задумацца, купіць адзін і насіць яго ці ж плаціць штрафы і ствараць пагрозу на дарозе для сябе і іншых удзельнікаў дарожнага руху.

Пакуль размаўляем, выязджаем на Кастрычніцкую вуліцу. У поле зроку трапляюць двое пешаходаў. У аднаго на рукаве блішчыць святловяртальная стужка, у другога яе няма. Спыняемся.

— А дзе Ваш флікер? — пытаецца інспектар.

— Ён у мяне ёсць, але на іншай куртцы. Сёння раніцай верхнюю вопратку другую апрануў, а флікер не перачапіў. Успомніў толькі, калі сцямнела. Вось патэлефанаваў таварышу, папрасіў, каб сустрэў пасля працы, у яго флікер ёсць.

— Атрымліваецца, ён у вас адзін на дваіх?

У адказ — маўчанне.

Парушальніка запрашаюць у патрульны аўтамабіль, дзе складаюць пратакол. Паколькі ён трапляе ў поле зроку інспектараў першы раз, яму выпісваюць папярэджанне. Мужчына сваю віну прызнае і абяцае больш не забываць пра флікер. Аляксандр Фурса дорыць яму яшчэ адну святловяртальную палоску.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара