Вядучы спецыяліст карпаратыўнага бізнесу ААТ “Белаграпрамбанк” Жанна Кандрусік: «Грашовыя пытанні – справа сапраўдных прафесіяналаў»
Няпроста ўявіць наша жыццё без банкаўскіх структур. І як важна, калі ў іх працуюць спецыялісты, адданыя сваёй справе.
Жанна Кандрусік прысвяціла гэтай структуры больш як трыццаць гадоў сваёй працоўнай дзейнасці. Родам з г.п. Карэлічы. З 1993 года яна верная не толькі прафесіі, але і ААТ “Белаграпрамбанк”, куды прыйшла ў свой час працаваць. Як расказала Жанна Аляксандраўна, выбар прафесіі быў усвядомленым: былі схільнасці да дакладных навук, таму і вырашыла атрымаць эканамічную адукацыю. Скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “банкаўская справа”. Яшчэ падчас вучобы, будучы на практыцы, спасцігала асновы абранай справы ў Карэліцкім “Белаграпрамбанку». Стартавая пасада пасля атрымання дыплома – бухгалтар улікова-аперацыйнага аддзела, а зараз яна – вядучы спецыяліст карпаратыўнага бізнесу. У службовыя абавязкі ўваходзіць комплекснае суправаджэнне і абслугоўванне банкаўскіх аперацый кліентаў – юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх арганізацый раёна. Спецыяліст прадастаўляе кваліфікаваныя кансультацыі па пытаннях, якія цікавяць.
Сёння жанчына ўжо не ўяўляе сваё жыццё ў іншай сферы дзейнасці, кажа, што банкаўскага работніка адрознівае выканаўчасць, сумленнасць, камунікабельнасць, важна быць тактоўным і прыстойным падчас зносін з кліентамі.
– Банкаўскаю справу люблю. Як і ў любой прафесіі, узнікаюць і пэўныя складанасці. Увогуле, праца патрабуе ведання законаў, нарматыўных дакументаў, трэба заўсёды быць ветлівай і добрасумленнай. У нашай рабоце пралікаў быць не павінна. Да кожнага кліента – індывідуальны падыход, – дзеліцца суразмоўца.
Немалаважная роля ў паспяховай працы ўсяго калектыву прафесіяналаў “Белаграпрамбанка” належыць кіраўніку Віталію Васільевічу Чартко, які накіроўвае ўсе намаганні на гэта і імкнецца падтрымаць кожнага супрацоўніка.
З удзячнасцю Жанна Аляксандраўна ўспамінае і ветэранаў-калег: Аліну Мікалаеўну Макар, Ніну Мікалаеўну Жук, Алену Мікалаеўну Сап’янік, Галіну Віктараўну Кадлубай, Святлану Віктараўну Раманюк, якія заўсёды давалі слушныя парады і дзяліліся працоўным вопытам.
У завяршэнне гутаркі яна павіншавала калег з прафесійным святам:
– Хачу пажадаць усім работнікам банкаўскай сферы стабільнасці ў рабоце, дасягнення намечаных мэт, годнай аплаты працы, а таксама здароўя, шчасця, радасці, утульнасці, цяпла вам і вашым сем’ям, любові і дабрабыту!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара