Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Ларыса Васільеўна Яроцкая адсвяткавала 70-гадовы юбілей
Нарадзілася юбілярша ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, у в. Заполле Карэліцкага раёна. Большую частку жыцця (больш за 35 год) адпрацавала на ферме ў в. Палужжа. Укладвала ў справу ўсю душу, шчыравала з вялікай ахвотай і самаадданасцю. Аддаючы ўсю сябе працы, не забывалася і пра дзетак. Адна выхавала траіх.
За поспехі на працы ў 1989 годзе Ларысе Васільеўне было прысвоена званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, а крыху пазней жанчына атрымала Грамату Вярхоўнага Савета БССР.
— Ваш унёсак у развіццё гаспадаркі раёна вельмі цяжка пераацаніць, — сказаў першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько. — Хацелася б пажадаць Вам самага галоўнага — здароўя і моцы. Каб на Вашым шляху заўжды былі толькі светлыя падзеі.
— Мы і наша моладзь павінны раўняцца на такіх людзей, як Вы, — далучыўся да віншавання намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан. — Жадаем Вам доўгіх шчаслівых гадоў. Няхай Вашы дзеці і ўнукі акружаюць Вас сваёй любоўю і цеплынёй.
Да віншаванняў далучыўся Карэліцкі райкам прафсаюза работнікаў АПК, а таксама работнікі ЦСАН Карэліцкага раёна, якія пажадалі жанчыне заўжды заставацца жыццярадаснай і любімай.