«Любимые не умирают»: исповедь души Нины Яновны Павлович

У жыцці чамусьці часта так бывае: глядзіш на чалавека і не адразу вызначыш у ім галоўнае. У большасці сваёй увагу прывабліваюць другія, самаўпэўненыя, катэгарычныя, з яўным налётам штучнай прыгажосці. А побач ёсць, на першы погляд, звычайныя. Але ў іх — сіла. І калі сонечны промнік падае на іх — у поўнай меры заззяе скарб іх душы. І ўбачыш, па-сапраўднаму, незвычайных у сваёй звычайнасці, таму што яны — натуральныя, без кропельки фальшу, знешняга і ўнутранага. Гэта хіба што адэкватна імгненню, калі спякотным днём трапляеш у прахалоду разамлеўшага ад сонца ляснога гушчару, і сярод шчодрай зеляніны раптоўна выблісне перад табою звонкая крынічка. Ты адразу прыпадаеш да яе крыштальнага струменьчыка і адчуваеш шчасце вызвалення ад млоснага цяжару смагі.

Гісторыя сапраўднага кахання

Вось так і ў штодзённых будзённасцях: істота хінецца да людзей, якія, не шкадуючы, шчодра дзеляцца з табою скарбам свайго душэўнага багацця, узбагачаюць Дабрынёю, Высакароднасцю, Чысцінёю свайго сэрца. Знаёмства з імі — як тая крынічка ў гарачыню, як святы жывародны струменьчык надае сілы, выклікае захапленне і пастаянную патрэбу сустракацца зноў і зноў, каб падсілкавацца іх душэўнай цеплынёю, гаючай спагадлівасцю, прафесійнай дасведчанасцю, неабыякавасцю, людскасцю. Ніна Янаўна Паўловіч, загадчык аптэкі № 209, што знаходзіцца на вуліцы Гастэлы ў Карэлічах, — з рэдкай кагорты такіх людзей, чыя спакойная славянская прыгажосць, жаноцкая абаяльнасць, душэўнасць прыцягваюць, саграваюць…

Чатырнаццаць гадоў назад прыехала яна працаваць у Карэлічы ў прыватную аптэку, і з першых дзён яе наведвальнікі зразумелі: у аптэцы з’явіўся рэдкі спецыяліст, таленавіты прафесіянал, цудоўнейшы чалавек, які не проста адбывае працоўны дзень, а робіць усё магчымае, каб дапамагчы хвораму чалавеку парадай, псіхалагічнай падтрымкай, супакоіць, абнадзеіць, даць патрэбную кансультацыю наконт вартасці лякарства. Людзі сталі хадзіць да сваёй Ніны Янаўны (так яны называюць яе паміж сабой) і ходзяць, бо ўпэўнены: калі звернешся да яе, абавязкова дапаможа. Таму радаваліся, што пасля закрыцця прыватнай аптэкі яна засталася ў Карэлічах, прадаўжае працаваць у сістэме фармацыі. І не шкадуюць самых шчырых, удзячных слоў у адрас гэтай прыгожай, сонечнай жанчыны, аб чым сведчаць шматлікія запісы ў Кнізе водгукаў. «Цудоўнейшы чалавек наша Ніна Янаўна, — дзеліцца думкамі Т. Л. Гаўрылка. — Яна ўмее слухаць наведвальніка, дасканалым чынам пранікаецца яго праблемамі са здароўем, з’яўляючыся і кансультантам, і псіхолагам, і дарадцам, своеасаблівым анёлам-ахоўнікам яго здароўя. Тактоўная, цярплівая, паважлівая, ад яе струменяць неверагодная цеплыня, спагадлівасць душы,  якія дапамагаюць расслабіцца, зняць напружанне. Дзякуй ёй за багацце ведаў, якімі валодае, за яе залатое сэрца». «Рэдкі, незвычайны чалавек, — з захапленнем гаворыць пра Ніну Янаўну Вольга Віркоўская. — Дабрэйшая душа, добразычлівасць, чуласць, педантычнасць у рабоце, выключная прафесійная адукаванасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу любому, каму яна патрабуецца, прыроджаныя сціпласць і мяккасць — яе галоўныя рысы характару. Пабудзеш у аптэцы — і нібы паздаравееш, адчуўшы цеплыню душы Ніны Янаўны. Яна любіць людзей, шкадуе, а гэта немалаважна ў прафесіі аптэкара. Больш бы такіх спецыялістаў! Здароўя Вам, шчасця, любімая Ніна Янаўна!» «Такія работнікі сапраўды на вагу золата, — рэзюміруе загадчык Карэліцкай раённай цэнтральнай аптэкі Н.М. Краскоўская. — У яе характары спалучаюцца высокі прафесіяналізм і каштоўныя чалавечыя якасці, адказнасць у рабоце, нераўнадушша, інтэлігентнасць, самаахвярнасць, жаданне дапамагчы чалавеку, атуліць яго павагай і ўвагай, таму і любяць яе людзі, таму і карыстаецца Ніна Янаўна заслужаным аўтарытэтам сярод іх. Не хаваю, дзякуючы Ніне Янаўне аптэка № 209 запрацавала ў поўную меру сіл, карыстаецца вялікім попытам, у адрас аптэкара дасылаюцца словы ўдзячнасці ад наведвальнікаў. Да таго ж яна — таленавіты настаўнік для маладых спецыялістаў, ставіцца да іх як любячая маці, як надзейная старэйшая сяброўка». А за ўсім гэтым хаваецца яшчэ адна рэдкая, каштоўнейшая асаблівасць Ніны Янаўны — Бескарыслівасць, якая напаўняе сэнс жыцця жанчыны, словы паэта С. Доскача нібы пра яе:

Знаете, какое обстоятельство

На земле дороже всяких благ?

Это чтобы в жизни были рядышком

Те, кому нужны мы просто так…

Прашу прабачэння ў Ніны Янаўны, што парушыла нашу дамоўленасць аддаць перавагу ў артыкуле не яе асобе, а расказаць аб чалавеку, з якім звёў яе лёс у Карэлічах, аб гісторыі іх кахання, раптоўнага, нечаканага, сапраўднага. Прычына гэтаму адна: шматлікія просьбы наведвальнікаў аптэкі і маё асабістае ўдзячнае жаданне. І яшчэ таму, што ўсведамленне чалавечай сутнасці і вартасці Ніны Янаўны дазваляе ўпэўніцца: сапраўднае каханне, сатканае з ласкі, пяшчоты, клопату, вернасці, самаахвярнасці, любові, Бог дасылае толькі тым, хто валодае вялікасцю сэрца і душы…

Жыццё Ніны Янаўны складвалася, можна сказаць, звыкла, як і ў многіх: вучоба ў школе, набыццё спецыяльнасці, аб якой марыла, пачатак працоўнай дзейнасці. Выйшла замуж, нарадзіла двух сыночкаў-пагодкаў. На жаль, муж аказаўся не гатовым да сямейнага суіснавання: раздражнялі бытавыя праблемы, нават і дзеці сталі ў цяжар, што прывяло да разводу. У 25 гадоў маладая жанчына засталася адна з двума дзеткамі на руках (старэйшаму Сашку на той час споўнілася чатыры гадкі, малодшаму Валодзьку — тры). Цяжкасцей хапала, яна ж дала сабе слова не здавацца, ратавалася гаючай падтрымкай мамы, жыла толькі адным клопатам — аб сваіх родных крывіначках, любімых сыночках-сонейках, рабіла ўсё для таго, каб яны ні ў чым не адчувалі нястачы. Працавала ўвесь час на 1,5 стаўкі. Каб вырашыць жыллёвае пытанне, стала ваеннаабавязанай, перайшла на працу ў воінскую часць у аптэку. Ёй адразу ж выдзелілі пакой у інтэрнаце, а праз нейкі час — доўгачаканую кватэру! Колькі было радасці, не перадаць!

Дзеці неўзаметку падрасталі, як і марыла Ніна Янаўна, вызначаліся выхаванасцю, сардэчнасцю, дабрынёю, працавітасцю. З цягам часу, як сапраўдныя мужчыны, частку абавязкаў па доме ўзялі на сябе, акружылі яе такім жа клопатам, які самі атрымлівалі ад матулі. Вяртаючыся з вячэрняй змены дамоў, Ніна Янаўна ведала: дома яе чакаюць ідэальны парадак, падагрэтая вячэра і любячыя сэрцы. Сёння яна ганарыцца тым, што сыны сталі сапраўднымі людзьмі. Абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, стварылі дружныя сем’і, падарылі цудоўных нявестак-дачушак, чатырох лепшых у свеце ўнукаў, іх паважаюць людзі. А сыны ж употай марылі, каб мама знайшла сваё асабістае шчасце…

І каб тады сказалі, што жыццё рыхтуе ёй круты паварот лёсу, пашле сустрэчу з чалавекам, які падорыць ёй шчасце кахаць і быць каханай, не паверыла б. Богам было наканавана 14 гадоў назад апынуцца ў Карэлічах і спаткаць Шыгалу Сашу, свайго Сашу, каб насуперак усяму абудзіць у душы светлыя пачуцці і, гаворачы словамі кінарэжысёра Эльдара Разанава, пагадзіцца:

Последняя любовь – нежданный случай,

Судьба шальная нас с тобой свела.

Всю жизнь я был какой-то невезучий,

А ты ждала, ждала, ждала…

Последняя любовь – как завещанье,

Прозрение, прощенье и прощанье…

Споведзь душы

“Ведаеце, — успамінае Ніна Янаўна, — усё вяло пасля майго прыезду ў Карэлічы да таго, каб нашы шляхі з Сашкам перасякліся. Аптэка размяшчалася спачатку на цэнтральнай плошчы пасёлка, потым — у адрамантаваным будынку насупраць царквы, таму хацелася зняць жыллё побач, але прыдатны варыянт знайшоўся толькі ў двухпавярховым доме па вуліцы Гастэлы, недалёка ад былога ваенкамата. Мая кватэра знаходзілася на 1-ым паверсе, а на 2-ім жыў нежанаты мужчына (гэта быў Саша), з якім доўгі час не мелі магчымасці пазнаёміцца: я рана спяшалася ў аптэку, позна вярталася, на выхадныя ехала ў Ліду адведаць матулю, сыноў, унукаў. Ён, вадзіцель КАМАЗа ў сельгастэхніцы, таксама прападаў на рабоце (хоць новую кватарантку прыкмеціў адразу ж, толькі па яго прызнанні, не асмельваўся падысці). Прычынай жа нашага знаёмства стаў кур’ёзны выпадак, а дакладней — бульбіна, якая закупорыла ўнітаз у кватэры суседа і выклікала падтапленне маёй кухні. На двары лета, гарачыня, хацелася хутчэй дабрацца дахаты, памыцца і адпачыць. Адкрываю дзверы ў кватэру, а там – патоп… Па майму званку сусед адразу прыбег, разабраўся ў сітуацыі, ліквідаваў затор. А назаўтра, вярнуўшыся з аптэкі, я знайшла запіску ў дзвярах: “Прыдзеш з работы – пазвані мне”. Так я і зрабіла. Ён пераканаўся, што вада больш не працякае, папрасіў прабачэння за дастаўленыя нязручнасці і не адмовіўся ад кубачка гарбаты. Чаяпіцце зацягнулася да раніцы. Мы гаварылі і не маглі нагаварыцца… З таго вечара пачаўся адлік нашага ўзаемнага кахання. Саша раскрываўся штодзень у дарагіх сэрцу дробязях: то ранічкай пакіне на падаконніку маім кветкі, то цукеркі альбо яблыка ці смешную запісачку… Мужчына, які рыхтаваў сябе да суровай прафесіі марака (пасля школы з чырвоным дыпломам скончыў Гомельскае рачное вучылішча і не здзейсніў мары па сямейных абставінах), аказаўся лірыкам, дапамог зразумець:

Как мало нужно человеку в жизни:

Чтоб рядом было сильное плечо,

Чтоб кто-то близкий понимал те мысли,

Что ты и сам не высказал еще…

Саша баяўся мяне страціць, а для мяне і, што самое галоўнае, для маіх дзяцей і ўнукаў стаў клапатлівейшым мужам, бацькам, дзядулем, ратавальнікам, абаронцам, святлом у акне, шчасцем…”

Па прызнанні Ніны Янаўны, ён быў вельмі пазітыўным чалавекам, душой кампаніі, любіў святы, да дзён нараджэння яе, сыноў, нявестак, унукаў рыхтаваў сюрпрызы, падарункі, з’яўляўся ідэальным сем’янінам, лічыў сваім абавязкам дапамагаць усім, хто меў патрэбу ў гэтым, бо, здаецца, не было таго, чаго б ён не ўмеў. Дзеці і ўнукі плацілі яму ўзаемнай любоўю. У сельгастэхніцы яго цанілі як незаменнага работніка, адзначалі, што там, дзе Саша, заўсёды будзе парадак. Ніна Янаўна дзеліцца сваімі пачуццямі: “Мая мама таксама была сагрэта цеплынёю яго вялікага сэрца. Менавіта яго клопат, дабрыня дапамагалі ёй змагацца з невылечнай хваробай, а мне перанесці складаную аперацыю. Шмат разоў Сашка прапаноўваў распісацца, але ўсё не хапала часу, бо і без штампа ў пашпарце 9 гадоў мы былі шчаслівыя і збіраліся жыць доўга-доўга. Нічога не прадвяшчала бяды. Пасля маей выпіскі з бальніцы Саша адвёз мяне па маёй просьбе да мамы, павінен быў у пятніцу забраць. А ў чацвер страшэнная навіна абрынулася на нашу сям’ю: недарэчна, раптоўна, трагічна загінуў Саша, мой Саша. Рамантаваў машыну, прычэп упаў на яго. Імгненная смерць. Прыйшлося не яму мяне, а мне яго забіраць, каб правесці ў апошнюю дарогу…» Хавалі Сашу ў суботу, пад ліўневым дажджом. Нават сама прырода крычала, плакала, не пагаджалася са стратай. Ніна Янаўна не памятае, як прайшло пахаванне, не магла зразумець, што адбываецца навокал, душа скамянела, усё афарбавалася ў чорны колер. Не магла ўцяміць, як будзе існаваць без яго, а 26 верасня застанецца для яе да скону жыцця днём непапраўнай бяды і гора. Амаль кожны дзень хадзіла на могілкі, размаўляла з ім, раілася, расказвала.  Без Сашы асірацелі дзеці, унукі, для іх яго смерць стала трагедыяй, і зараз, прыязджаючы ў Карэлічы, першым чынам  яны спяшаюцца наведаць родную магілку. Узнікала жаданне пакінуць Карэлічы, вярнуцца ў Ліду. Але аднойчы каханы з’явіўся да яе ў сне і запрашаў пераехаць у новую кватэру, пабудаваную для іх дваіх. І жанчына зрабіла вывад: “Маё месца побач з ім!” Дзесьці праз паўгода, наводзячы парадак у кватэры, яна знайшла сярод посуду ў секцыі дзве каробачкі, у якіх ляжалі два залатыя заручальныя пярсцёнкі — для яе і для яго. Аказваецца, Саша рыхтаваў чарговы сюрпрыз любімай (аб ім ведалі яго сябры, але маўчалі). Планаваў распісацца перад надыходзячым Новым годам. Не паспеў…

Не хаваючы слёз, Ніна Янаўна прызналася, што тады на паперу ляглі радкі, прысвечаныя каханаму:

Прости меня в судьбе твоей!

Прости! До глубины любя,

Что в глупой слепоте своей

Не защитила я тебя.

Смешалось все в моей судьбе:

Твои глаза, лицо, ладони…

Так не завидуют Мадонне,

Как я завидую себе,

Что встретила тебя.

Судьбу мою благодарю.

И, ночью мысли теребя,

Одним дыханьем говорю:

— Прости меня.

Я до сих пор люблю тебя…

Напрыканцы хачу сказаць: не дзеля якойсьці самарэкламы даверыла Ніна Янаўна для друку споведзь сваёй душы. Гэта своеасаблівае жаданне данесці да ўсіх, хто расчараваўся ў існаванні сапраўднага кахання, веру: яно ёсць і трымаецца не на словах, а на самаахвярнасці любячага чалавека, на яго ўчынках у імя каханай. Светлыя пачуцці трэба берагчы, бо жыццё такое скарацечнае, і, самае страшнае, яно не дае нам магчымасць ведаць, што чакае нас заўтра. Памятаць: любімыя не паміраюць! Нават пакінуўшы гэты свет, яны прадаўжаюць жыць ва ўспамінах, думках. Дапамагаюць не адчайвацца, заставацца ў страі, не даюць сумнявацца ў тым, што:

Всю чашу счастья в жизни не испить,

Но два глотка нам все ж необходимы:

Один глоток — кого-нибудь любить,

Другой глоток — быть кем-нибудь любимым!

Галіна КАЛТУНОВА
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц