В Кореличском РОЧС работают две представительницы прекрасной половины человечества

Пачуўшы слова “выратавальнік”, кожны ўяўляе мужнага і адважнага чалавека, гатовага ў любы момант прыйсці на дапамогу. Часта за плячыма смелых выратавальнікаў — плечы жаночыя. У Карэліцкім РАНС служыць усяго дзве прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, перад якімі, аднак, стаяць вельмі важныя задачы.

Старшы інспектар групы справаводства райаддзела Людміла Анісім займае гэтую пасаду два з паловай гады. Да гэтага жанчына працавала ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. На пытанне, як трапіла ў МНС, адказвае, што захацела паспрабаваць нешта новае:

Старшы інспектар групы справаводства Карэліцкага РАНС Людміла Анісім

— Мой сужэнец працуе выратавальнікам ужо 22 гады. Захацелася быць бліжэй да яго, змяніць нешта ў сваім жыцці, таму і перайшла ў РАНС.

Спецыяліст сектара па прапагандзе і ўзаемадзеянні з грамадскасцю Вольга Аляшкевіч займае сваю пасаду зусім нядоўга — год і пяць месяцаў. Да гэтага працавала бухгалтарам у райвыканкаме. Да выратавальнікаў трапіла пасля таго, як атрымала запрашэнне на працу ад начальніка райаддзела Дзяніса Стадольніка:

— Першы час было няпроста, зусім іншая спецыфіка працы. Потым прывыкла. Вельмі важныя адносіны калектыва, які дапамагае, падтрымлівае. Тут служаць сапраўдныя выратавальнікі, якія ў любой сітуацыі гатовы прыйсці на дапамогу.

З гэтай думкай згаджаецца і Людміла Міхайлаўна:

— Вельмі выручае і начальнік аддзела. Дзяніс Аляксандравіч — чалавек з вялікай літары, які выслухае любога, дасць параду, падкажа. Ён заўжды гатовы дапамагчы. Да яго можна звярнуцца з любым пытаннем, і абавязкова атрымаеш адказ. Не было такога выпадку, каб якая-небудзь праблема засталася нявырашанай.

Прашу Вольгу Аляшкевіч больш падрабязна расказаць пра сваю пасаду. Што павінен рабіць спецыяліст сектара па прапагандзе і ўзаемадзеянні з грамадскасцю?

Спецыяліст сектара па прапагандзе і ўзаемадзеянні з грамадскасцю Вольга Аляшкевіч

— Самая галоўная задача — прафілактыка і папярэджанне надзвычайных сітуацый. Усе ведаюць, што прасцей папярэдзіць трагедыю, чым разабрацца з яе наступствамі. Сустракаемся з насельніцтвам на сельскіх сходах, наведваем школы і дзіцячыя садкі, супрацоўнічаем са СМІ. Расказваем людзям аб правілах бяспекі, важнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, правілах выкарыстання печаў, важнасці захавання элементарных правіл бяспекі. У гэтым плане цяжэй працаваць з пенсіянерамі. Яны ўпэўнены, што ведаюць гэта лепш за выратавальнікаў, маўляў, “я ўсё жыццё так палю печы, і бацька мой так рабіў, і дзед, я ўсё ведаю”. Стараемся знайсці падыход. Прасцей працаваць з дзеткамі. Вельмі дапамагаюць актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. Дзякуючы ім прасцей данесці інфармацыю, правесці мерапрыемства.

Выратавальнікі наведваюць школы раёна два разы на месяц. У СШ № 1 райцэнтра адкрыты іміджавы пакой, куды на заняткі прыязджаюць вучні 2-5 класаў з усіх школ раёна. Школьнікі Карэліччыны актыўна і паспяхова прымаюць удзел у конкурсах “Выратавальнікі вачыма дзяцей” і “Школа бяспекі”, у тым ліку і на абласных этапах.

Напрыканцы гутаркі Людміла Анісім і Вольга Аляшкевіч віншуюць сваіх калег з надыходзячы прафесійным святам:

— Жадаем паспяховай працы ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, стойкасці, мужнасці, даўгалецця. Каб у вашых дамах панавалі гармонія і ўтульнасць.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара