У СВК «Маяк-Заполле» па выніках 2023 года вытворчасць малака вырасла на 20,5 тыс. ц

Даільная зала на новай МТФ «Востухава»

СВК “Маяк-Заполле” — адно з флагманскіх прадпрыемстваў Карэліччыны як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі, і на атрыманых рэзультатах працаўнікі гаспадаркі спыняцца не збіраюцца. Калі ў 2022 г. жывёлаводы прадпрыемства надаілі 121 631 цэнтнер малака, то ў 2023 г. надоі выраслі да 142 129 цэнтнераў малака (усяго ў раёне надаілі 930 405 ц). Пры гэтым павысіўся і надой на адну карову, які ў 2022 годзе складаў 8060 кг, а ў 2023 — 9351 (агульнараённы паказчык — 7106). У снежні надой на рагулю за месяц склаў 783 кг, што на 83 кг больш, чым у мінулым снежні. 55% малака рэалізавана гатункам “экстра”. Аб тым, як у гаспадарцы атрымліваецца не толькі трымаць, але і павышаць такую высокую планку, мы пагаварылі з галоўным заатэхнікам СВК Васіліем Андрыевічам.

Галоўны заатэхнік СВК «Маяк-Заполле» Васілій Андрыевіч

— Вядома, хацелася б павысіць гатунак малака, — кажа заатэхнік. — Хутка пачне працаваць новая МТФ “Востухава” на 610 галоў, там створаны ўсе ўмовы для камфортнага ўтрымання і даення рагуль, за кошт гэтага мы і павялічым працэнт “экстры”.

Заатэхнік раскрывае адзін з сакрэтаў павышэння надояў у гаспадарцы. Тут другі год працуе цэх па перапрацоўцы рапсавага алею, таму ў гаспадарцы свой рапсавы шрот, прадпрыемства на 90% забяспечана бялкамі ўласнай вытворчасці, тым самым павышаецца і рэнтабельнасць малака. Пастараліся ў гэтым годзе і раслінаводы, забяспечыўшы жывёлаводаў зялёнымі кармамі на паўтара года наперад.

— Плюс да гэтага мы купляем сланечнікавы і соевы шрот, а таксама прэміксы высокай якасці, супрацоўнічаем з фірмамі “БіяКом” і “ВінерАгра”, з якімі кансультуемся па гэтым пытанні, — дадае Васілій Андрыевіч.

Заатэхнік удакладняе: высокіх рэзультатаў нельга дабіцца без дакладнага выканання тэхналогіі ўсімі, хто працуе з жывёлай, пачынаючы ад асемянатараў і ветэрынараў і заканчваючы аператамі машыннага даення і жывёлаводамі, якія кормяць і даглядаюць статак.

Дарэчы, на МТФ “Паланая” за рацыёнам рагуль сочаць праз інтэрнэт. Спецыяльная праграма адсочвае, колькі з’ела кожная карова, колькі корма засталося, колькі жывёла спажывае за суткі. Усё робіцца для таго, каб рацыён кожнай рагулі быў збалансаваным, каб не было перарасходу кармоў, а кожная жывёліна атрымала дастатковую колькасць ежы. Гэта таксама дазваляе трымаць высокі ўзровень надояў. Такая ж тэхналогія кармлення будзе ўведзена і на ферме “Востухава”.

Туды і накіроўваемся. Пакуль што ў гэтых сценах пуста, але ў хуткім часе сюды перавядуць першую групу рагуль. Васілій Міхайлавіч праводзіць невялікую экскурсію і дзеліцца планамі на будучае:

— На працягу 2024 года мы плануем павялічыць дойны статак на 100 галоў. Памяшканні, якія застануцца пасля пераводу статка ў “Востухава”, плануем перапрафіляваць для ацёла і вырошчвання бычкоў. На дадзены момант мы прадаём маленькіх бычкоў да 100 кг у СВК “Жухавічы”, у далейшым плануем вырошчваць іх у сябе. Новыя памяшканні для ацёла дапамогуць вырошчваць больш каровак, каб у далейшым павялічваць вытворчасць малака.

Заходзім у новую даільную залу. Майстры, якія ў гэты час займаюцца наладкай электраабсталявання, паказваюць, што зала ўжо гатова прымаць першых рагуль і першыя літры малака.

Жывёлаводы МТФ «Востухава» Анатолій Яваровіч і Віталій Гладкі

Жывёлаводы МТФ «Востухава» СВК «Маяк-Заполле» Аляксандр Іссар і Вольга Амелька

— Гатунак малака ў першую чаргу залежыць ад персанала, які павінен правільна выконваць сваю работу, і жывёлы, — разважае Васілій Міхайлавіч. — Мы не дапускаем да агульнага статку мастытных кароў, выяўляем хваробу на ранніх этапах, аддзяляем рагуль, лечым іх, і ў статак яны вяртаюцца здаровымі. Таксама павышаем якасць корму, сочым, каб у ім не было мікратаксінаў, таму ў нас корм вышэйшай якасці.

Васілій працуе ў “Маяку” не так даўно, усяго паўгода. Пакуль едзем на МТФ “Паланая”, мужчына кажа, што вялікае малако пачынаецца з маленькага цяляці, таму вельмі важнай з’яўляецца работа асемянатара. На “Паланой” на гэтай пасадзе якраз працуе выдатная жанчына, адданая сваёй справе, — Марыя Трусевіч.

Асемянатар МТФ «Паланая» Марыя Трусевіч

На МТФ “Паланая” нас сустракае памочнік брыгадзіра Алена Дзямідава. Жанчына працуе на гэтай ферме ўжо 8 гадоў:

— Я чалавек ідэйны, — кажа пра сябе Алена Іванаўна. — Выконваю працу з вялікім задавальненнем.

Памочнік брыгадзіра МТФ «Паланая» Алена Дзямідава

На “Паланой” дояць 26,7 кілаграма малака на карову ў дзень, 100% малака рэалізуецца класам “экстра”. Алена Дзямідава паказвае прагрэсію, з якой павялічваліся надоі. У 2020 годзе яны складалі 7706 кг, у 2021 — 7779, у наступным — 8074, у 2023 — 9881 кг на карову. Жанчына кажа, што сакрэт поспеху ў некалькіх складніках:

— Калектыў, якія добра ведае і выконвае свае абавязкі, каровы, граматна падзеленыя на секцыі, і правільнае харчаванне рагуль.

Кароў кормяць два разы на дзень. Дояць — таксама двойчы. Усяго на ферме 832 галавы, з іх 152 цёлкі і 250 цялят.

— У аператараў машыннага даення вельмі складаная праца, — расказвае Алена Іванаўна. — Яны прыходзяць на працу ў пяць гадзін раніцы, дояць з шасці да паловы на другую. Наша дойка разлічана на 400 кароў, а доім мы ў два разы больш. Чакаем, калі адкрыецца “Востухава”, тады нам стане прасцей.

Алена Дзямідава пацвярджае, што самая важная работа на ферме ў асемянатара. Не будзе асемянення — не будзе малака. За 2023 год на ферме было атрымана 1028 галоў прыплоду. На “Паланой” на гэтым фронце шчыруе Марыя Трусевіч.

— Яна таксама ідэйная, — кажа Алена Іванаўна. — Не кожны чалавек выйдзе на працу ў тры гадзіны ночы, а Марыя Аляксандраўна — як штык.

Графік у Марыі Трусевіч сапраўды напружаны. Жанчына прыходзіць на працу ноччу, ідзе выяўляць кароў “у паляванні”, асемяняе іх, затым выязджае на другую ферму, дзе стаяць першацёлкі — каровы, якія ацяліліся першы раз, таксама выяўляе там каровак “у паляванні”, асемяняе іх.

— 90% атрыманага выніку залежыць ад Марыі Аляксандраўны, — кажа Алена Дзямідава і паўтарае фразу, якую не раз прамаўлялі яе калегі: — Усё малако пачынаецца з цяляці. Калі не будзе цялят — каровы мы таксама не атрымаем.

У тэму

Прахадных, для галачкі мерапрыемстваў сёлета не будзе, — заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на першай працоўнай нарадзе ў гэтым годзе, прысвечанай Году якасці.

Паводле яго слоў, сітуацыя складваецца такім чынам, што трэба «падымацца на прыступку вышэй, а можа быць, і на дзве».

Па-першае, на краіну ідзе націск і лягчэй не стане.

«А па-другое, нельга спыніцца. Калі спынімся, пачнецца загніванне, як у гісторыі нашай дзяржавы часта бывала (і не толькі нашай)», — сказаў Прэзідэнт.

Па гэтай прычыне не трэба праводзіць мерапрыемствы для паказухі. Усе планавыя мерапрыемствы павінны даваць канчатковы вынік. А само планаванне павінна адпавядаць галоўнай ідэі бягучага года.

«Яна змяшчае цэлы спектр напрамкаў – ад беражлівых адносін да рэсурсаў да асабістай адказнасці за вынікі сваёй працы», — растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара