Землеўпарадкавальнікі Карэліцкага раёна дапамагаюць зямлі знайсці гаспадара
21 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Галоўнай задачай аддзела землеўпарадкавання з’яўляецца ажыццяўленне дзяржаўнага рэгулявання ў галіне зямельных адносін, аховы і выкарыстання зямель на тэрыторыі раёна. Пра асаблівасці работы аддзела землеўпарадкавання Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта гутарым з намеснікам начальніка аддзела Ірынай Уладзіміраўнай Чачоткай.
12 лютага споўнілася 20 гадоў, як Ірына Уладзіміраўна працуе ў аддзеле.
— У 2004 годзе прыступіла да працы ў землеўпарадкавальнай службе Карэліцкага райвыканкама вядучым спецыялістам, — успамінае жанчына. — Праз пэўны час прызначана галоўным спецыялістам, пазней заняла пасаду намесніка начальніка аддзела землеўпарадкавання. На ўсіх прафесійных прыступках імкнулася добрасумленна выконваць службовыя абавязкі, шмат працавала над сабой, павышала свой прафесійны ўзровень, шукала новыя падыходы ў рабоце з людзьмі. Работа ладзілася, і гэта прыносіла задавальненне: мая праца патрэбная людзям і грамадству.
Аддзел невялікі, тут працуе ўсяго чатыры чалавекі, але, кажа Ірына Уладзіміраўна, працы хапае ўсім:
— Функцый шмат: ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур, выконваемых дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян; разгляд зваротаў грамадзян рознага характару, у тым ліку зямельных спрэчак; разгляд матэрыялаў па адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў, прадаўжэнне тэрмінаў карыстання зямельнымі ўчасткамі, правядзенне ўзгадненняў гэтых матэрыялаў з зацікаўленымі асобамі; разгляд пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання раёна; праверка захавання зямельнага заканадаўства ў галіне аховы і выкарыстання зямель фізічнымі і юрыдычнымі асобамі раёна; прадастаўленне падатковым органам звестак аб наяўнасці зямель, у тым ліку з указаннем іх функцыянальнага выкарыстання і мэтавага назначэння; збор звестак, зацвярджэнне кадастравай ацэнкі зямель раёна і многія іншыя спецыфічныя функцыі ў галіне зямельных праваадносін згодна з зямельным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Для ажыццяўлення кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель выкарыстоўваецца Геапартал зямельна-інфармацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Па неабходнасці ажыццяўляецца выезд для больш дэталёвага абследавання зямельнага ўчастка на мясцовасці.
— Якія асноўныя накірункі ў працы?
— Ва ўмовах часу новых тэхналогій паток інфармацыі толькі павялічваецца. Расце патрэба ўліку і пераразмеркавання зямель, прадастаўлення звестак аб падатках на зямлю, дакладнасці вылічэння плошчаў зямельных участкаў, афармлення правоў на зямельныя ўчасткі грамадзян і юрыдычных асоб для розных мэт і г.д. Пастаянна неабходна афармляць землеўпарадкавальныя справы для выдачы дакументаў на зямельныя ўчасткі.
На дапамогу супрацоўнікам аддзела прыходзяць новыя тэхналогіі. З 2017 года працуе службовая праграма, якая дазваляе бачыць землі раёна са спадарожніка, што вельмі аблягчае работу.
— Мы можам з космасу назіраць за тым, хто як выкарыстоўвае зямлю, як павінен яе выкарыстоўваць. Бачым, што належыць змяніць, пішам прадпісанні, указваем на заўвагі. Усе нашы прадпісанні сумленна выконваюцца сельгасарганізацыямі раёна і землекарыстальнікамі.
Ірына Уладзіміраўна адзначае, што яна сама і яе калегі прытрымліваюцца ў сваёй рабоце аднаго прынцыпу — ўсё павінна выконвацца дакладна і своечасова.
— Я лічу, што гэтага прынцыпу неабходна трымацца на любой пасадзе, незалежна ад таго, дзе і кім ты працуеш.
Плённая праца жанчыны не засталася без увагі. У 2021 годзе Ірыне Уладзіміраўне была аб’яўлена Падзяка старшыні дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.
— Чаго б хацелі пажадаць сваім калегам?
— У першую чаргу цярпення. У нас сапраўды шмат працы, якая патрабуе адказнасці і добрасумленнасці.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара