Выпускники школ Кореличского района делятся теплотой воспоминаний
Першая субота лютага – традыцыйны дзень сустрэчы выпускнікоў. Дата насычана ўспамінамі пра школьныя і студэнцкія гады. Менавіта ў гэты дзень усе навучальныя ўстановы напаўняюцца былымі вучнямі – дарослымі людзьмі, якія, апынуўшыся ў родных сценах, адчуваюць сябе ўсё тымі ж няўрымслівымі шкалярамі. І, здаецца, усё вакол мяняецца, але толькі гэты астравок дзяцінства застаецца ранейшым – бо колькі не змяняй дэкор, галоўнае звяно гэтай нябачнай сувязі – былыя выпускнікі і педагогі. Якую ролю адыграла школа ў жыцці кожнага з іх? Чаму выпускнікі ў гэты дзень адкладваюць усе справы, каб наведацца ў родную школу? Пра гэта даведалася карэспандэнт газеты “Полымя”.
Намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы ТАА «Тусон» Уладзімір Кавальчук, выпускнік Цырынскай сярэдняй школы:
– 45 гадоў прайшло, як мы пакінулі сцены роднай школы, а здаецца, гэта было толькі ўчора. На той час было два выпускных класа па 30 чалавек у кожным. Кожныя пяць гадоў выпускнікі 1979 года з вялікім задавальненнем наведваюцца ў родную школу. Нас заўсёды збіраецца каля 20-30 чалавек з двух класаў.
Час ляціць няўмольна хутка, але кожны раз пераконваешся ў тым, што мы, вядома, знешне змяніліся, але ў душы засталіся тымі ж дзяўчатамі і юнакамі, як 45 гадоў таму. Вельмі прыемна сустракацца, успамінаць школьнае жыццё, выказаць словы ўдзячнасці першай настаўніцы Ніне Дзмітрыеўне Барэйка, класным кіраўнікам Сямёну Сяргеевічу і Але Анатольеўне Гімпель, якія далі нам не толькі веды, а былі для кожнага прыкладам прыстойнасці і чалавечнасці. Яны заўсёды падтрымлівалі нас, натхнялі і дапамагалі пераадольваць цяжкасці. Гэта была добрая матывацыя не толькі ў вучобе, але і зараз у асабістым і прафесійным жыцці. Думаю, што ў жыцці кожнага чалавека, а я не выключэнне, школа ва ўсе часы мела вялікае значэнне. Менавіта яна дапамагае сфарміравацца чалавеку як паўнавартаснай асобе. Там атрымліваем першапачатковы багаж ведаў, якія працягваем развіваць і ўдасканальваць на працягу ўсяго жыцця. Навучальная ўстанова не проста вучыць, але разам з тым выхоўвае, прывівае маральныя каштоўнасці, любоў да працы і нацэльвае на далейшае набыццё ведаў.
Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Карэліцкай ЦРБ, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Сяргей Пляскач:
– Скончыў сярэднюю школу № 1 г.п. Карэлічы ў 1989 годзе. Наша паралель першых класаў была адна з тых, хто прыйшоў на той час у новенькую школу. Перыядычныя ўспаміны пачатку школьнага жыцця захаваліся ў памяці яшчэ і сёння. Большасць школьнікаў нашага часу гарэлі энтузіязмам да вучобы і грамадскай дзейнасці. Праз трыццаць пяць гадоў магу з упэўненасцю сказаць: школа – гэта аснова жыцця. Як закладваецца падмурак будынка, гэтак жа сама школа спрыяе фарміраванню асобы, сцвярджэнню асабістага “я”. Школа дала мне пуцёўку ў жыццё, запомнілася цікавымі мерапрыемствамі, камсамольскімі справамі, сяброўствам. А сур’ёзнае стаўленне да вучобы, адказнасць за даручаную справу, дапамога вопытных педагогаў: класнага кіраўніка Тамары Ігнацьеўны Шэўкі, якая заўсёды разумела, магла знайці падыход і патрэбныя словы да кожнага, настаўніка біялогіі Зоі Фёдараўны Троскі і многіх іншых, дазволіла мне вызначыцца ў жыцці і атрымаць высакародную прафесію.
Родную школу заўсёды памятаю, па магчымасці бываю на юбілейных сустрэчах выпускнікоў. Хоць за дзесяцігоддзі тут шмат што змянілася, але ў душы захавалася цёплае пачуццё да месца, адкуль адправіўся ў дарослае самастойнае жыццё.
Наталля Какарэка, бухгалтар аддзела па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага райвыканкама:
– Вось ужо дваццаць пяць гадоў прайшло з таго часу, як мы былі выпускнікамі сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. А здаецца, што гэта было зусім нядаўна.
Школа для мяне сёння — гэта, напэўна, адзін з важных момантаў у жыцці, яна стала добрым падмуркам і дала ўсю неабходную базу для руху далей. У старэйшых класах я навучылася працаваць на ўсю моц, і ў моманты, калі трэба, у маім лексіконе няма слоў “не хачу” і “не магу”. Гэта дазволіла паспяхова скончыць Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт. Ды і зараз пераадольваць вялікі аб’ём задач нашмат прасцей, паколькі ўжо даўно выпрацаваны алгарытм, па якім дзейнічаю. Яшчэ ў школьныя гады я навучылася збірацца ў патрэбныя моманты і правільна сябе настройваць, працаваць у камандзе. У наш час гэтыя здольнасці патрэбны ў любой сферы, бо ўменне сябе прэзентаваць — залог поспеху.
Думаю, што мае аднакласнікі падтрымаюць мяне, бо для многіх з нас узорам чалавечнасці і прыкладам сапраўдных педагогаў і па гэты дзень застаюцца Вольга Віктараўна Куляка, Марыя Уладзіміраўна Беленава, Галіна Аляксандраўна Камароўская. Гэта людзі выдатнай душы, якія натхнялі на вучобу і добрыя справы.
Добра, што склалася такая традыцыя праводзіць сустрэчы выпускнікоў. Раз у пяць-дзесяць гадоў убачыць сяброў і педагогаў, сабрацца разам, пагаварыць па душах з тымі, з кім вучыўся ў школе, гэта цудоўна. Як у каго склалася жыццё, заўсёды цікава. У школьныя гады чалавек не ўсведамляе, наколькі важны для яго гэты перыяд. Аднак праз гады кожны з гонарам скажа: ”Школа – гэта мой самы галоўны настаўнік у жыцці”.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіваў герояў публікацыі