Кореличчане вошли в состав Молодежного парламента при областном Совете депутатов VII созыва

У Гродне прайшло першае пасяджэнне Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў VII склікання, на якое сабралася больш за 200 удзельнікаў.

Праца Маладзёжнага парламента пачалася з самага ранку. Будучыя палітыкі прадстаўлялі свае праекты, накіраваныя на развіццё рэгіёна, і ацэньвалі праекты сваіх калег. Пасля плённай працы дэлегаты перамясціліся ў будынак аблвыканкама, дзе прайшло ўрачыстае пасяджэнне з удзелам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты, намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Пранюка і старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктара Лісковіча.

Як адзначылі на пасяджэнні, гэтае скліканне будзе незвычайным, бо з бягучага года парламент будзе складацца з дзвюх палат: вучнёўскай, а таксама студэнцкай і працоўнай моладзі. Галоўная мэта новаўвядзення — пераемнасць і перадача вопыту. Важна адзначыць, што Гродзенская вобласць — піянер у гэтай справе. Такой структуры няма ні ў адным рэгіёне Беларусі.

На першым пасяджэнні Маладзёжнага парламента выбралі органы кіравання: старшыню, намеснікаў палат, членаў прэзідыума.

У рабоце Маладзёжнага парламента прынялі ўдзел і карэліччане. У вучнёўскую палату Маладзёжнага парламента ўвайшлі васьмікласнік Турэцкай СШ Макар Рожын і дзесяцікласніца СШ г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай Арына Мікула. У склад палаты студэнцкай і працоўнай моладзі ўключаны метадыст ДУ “Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Надзея Вянскевіч і намеснік галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя газеты “Полымя” Сяргей Столяр.

Сяргей СТОЛЯР

Фота прадастаўлена аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама