В 2023 году в Кореличском районе вырос уровень производственного травматизма

Ахове працы ў арганізацыях і прадпрыемствах Карэліччыны заўсёды надавалі пільную ўвагу: раённая мабільная група райвыканкама выязджае на аб’екты і аказвае практычную і метадычную дапамогу ў выкананні заканадаўства аб ахове працы.

У 2023 годзе наведана 88 суб’ектаў гаспадарання, абследавана 170 аб’ектаў, з якіх 34 арганізацыі наведаны як адзіны адасоблены суб’ект, накіравана 73 рэкамендацыі.

У аддзеле працы і заработнай платы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама адзначаюць, што за 2023 год на тэрыторыі Карэліцкага раёна назіраецца рост агульнага ўзроўню вытворчага траўматызму ў параўнанні з 2022 годам — з 7 да 11 выпадкаў, уключаючы рост узроўню вытворчага траўматызму з цяжкім зыходам з 2 да 5, зарэгістраваны   адзін выпадак са смяротным зыходам, у 2022 годзе такіх здарэнняў не было.

Аналіз вытворчага траўматызму па сферах дзейнасці паказаў, што найбольшая колькасць траўміраваных на вытворчасці ў бягучым годзе зарэгістравана ў арганізацыях сельскай гаспадаркі (72,7% ад агульнай колькасці).

Асноўнымі фактарамі траўміравання работнікаў з’явіліся дарожна-транспартныя здарэнні, пашкоджанні ў выніку кантакту з жывёламі, падзенне з вышыні, не захаванне патрабаванняў тэхнікі бяспекі.

Так, у СВК “Жухавічы” адбылося некалькі няшчасных выпадкаў, пры якіх працаўнікі гаспадаркі атрымалі траўмы. Напрыклад, на адной з ферм падсобны рабочы стаў на шляху руху каровы. У выніку — падзенне і траўма рукі ад капыта жывёлы. На іншай ферме бык, якога пераганялі з месца на месца, рэзка змяніў напрамак руху і зачапіў капытом нагу работніка комплексу.

У ліпені 2023 года на тэрыторыі адной з ферм СВК “Свіцязянка-2003” жывёлавод  пры перагоне быка замест электрапаганялкі выкарыстоўваў звычайную палку. Як вынік — траўма ад рагоў жывёлы.

Таксама ў ліпені механізатар КСУП “Лукі-Агра” вырашыў завастрыць нажы кормаўборачнага камбайна на полі. Пры рэзкай падачы заточнага дыска да нажоў прыладу заклініла, ахоўны кажух разбурыўся, і заточны дыск вылецеў. У выніку мужчына атрымаў цяжкую траўму правай нагі.

У жніўні трактарыст-машыніст ААТ «Карэлічы-Лён» рыхтаваў да працы самаходны абарачальнік-ачэсвальнік стужак лёну ў полі. Пры аглядзе мужчына заўважыў намот, які не атрымалася зняць. Каб справіцца з задачай, механізатар запусціў рухавік і паспрабаваў зняць намот з працуючага агрэгата. У выніку левая рука трапіла паміж шківам роліка і зубчастай стужкай, і мужчына атрымаў траўму.

Гэта толькі некалькі выпадкаў, калі людская безадказнасць прыводзіць да трагедыі. Траўміруюцца і, на жаль, гінуць людзі ў самым росквіце сіл, якія маюць вопыт і кваліфікацыю, а дома іх чакаюць сем’і. Яны маглі б яшчэ доўга прыносіць карысць грамадству і дзяржаве, расціць дзяцей і ўнукаў, радавацца жыццю.

Сяргей СТОЛЯР