Гісторыя кахання ветэрана Афганістана з Карэліч Сяргея Скока
Залаты фонд нашай рэчаіснасці… Сярод яго каштоўнейшых рэліквій адно з пачэсных месцаў займаюць людскія лёсы, напоўненыя сонечным святлом сапраўднага кахання. Незгасальнага, чысцюткага, выратавальнага, праверанага на трываласць выпрабаваннямі. Колькі салдацкіх жыццяў зберагло яно ў гады ваеннага ліхалецця! Колькім людзям дапамагло і дапамагае ў мірны час перамагчы невылечныя, здавалася б, хваробы, перанесці страшэнныя хвіліны раптоўных стратаў, трагедый, гора! Сіла сапраўднага кахання невымерная, непахісная, яе немагчыма запляміць брудным словам, яна не паддаецца ганебным спакусам, надзейна аберагаецца ў пабудаваным Доме сямейнага шчасця, шчодра перадаецца ў спадчыну дзецям і ўнукам. Сяргей Іванавіч Скок, вопытны вадзіцель, і Наталія Яўгеньеўна, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 1 г.п. Карэлічы, ведаюць гэта не з чужых слоў і перакананы: сапраўднае каханне — не цацка дзеля забавы, якую, пагуляўшы, можна выкінуць; яго не купіш і не пазычыш, яно зараджаецца ў бацькоўскім доме, падпітваецца пастаянна матулінай ласкай і татавай мудрасцю. Сонейка іх светлых пачуццяў гаючым цяплом сагравае душы ўсіх, хто знаходзіцца побач з імі. Яны, без перабольшвання можна сказаць, — сапраўднае ўпрыгожванне залатога фонду нашай рэчаіснасці і даюць права спадзявацца: “Свет выратуе каханне…”.
Сяргей Іванавіч і Наталія Яўгеньеўна родам з суседніх тутэйшых вёсак: ён — з Тарасавіч, яна — з Рап’ёва. Яны гадаваліся ў дружных сялянскіх сем’ях, якія карыстаюцца вялікім аўтарытэтам сярод вяскоўцаў, у якіх на прыкладзе бацькоў дзеці з маленства вучыліся працавітасці, узаемапавазе, паважлівасці да людзей, сціпласці, сумленнасці, любові да роднай зямлі, да сямейнага ачага. Іх дзяцінства было радасным, бесклапотным, шчаслівым, і не сустрэцца яны проста не маглі: хлапчукі з Тарасавіч часта прыязджалі на веласіпедах у Рап’ёва да сяброў, там і ўбачыў у першы раз васьмікласнік Сярожа прыгожую, смяшлівую сямікласніцу Наташку. Спачатку гэта былі дзіцячыя, па-вясковаму дружныя, запоўненыя вясёлымі гульнямі тусоўкі, дзе зародзіцца пазней нясмелае, светлае юнацкае каханне. Яно вытрымае выпрабаванні расстаннем, зберажэ любімага ад шалёнай кулі на Афганскай вайне, дапаможа сэрцу не памыліцца, зрабіць адзіна правільнае рашэнне ў выбары суджанага, якога наканаваў лёс для сапраўднага Шчасця…
Гады адлічвалі свой несупынны бег. Сярожа, хоць і марыў стаць шафёрам, па парадзе бацькі Івана Канстанцінавіча пасля 8-га класа Вялікаслабодскай школы паступіў вучыцца ў тэхнікум на электрыка ў Мар’іну Горку, Наташа, скончыўшы 10 класаў Турэцкай СШ, працягвала адукацыю на факультэце дашкольнага выхавання Мінскага педуніверсітэта імя Горкага. Сустракаліся на канікулах, марылі, будавалі планы. Сярожа прапанаваў распісацца да арміі, дый бацькі былі не супраць, але ўсё ж вырашылі зрабіць гэта пазней. Провады ў армію не абышліся без слёз, адна надзея была на пісьмы…
Першае пісьмо прыйшло ад яго з Масквы, пасля на канвертах з’явіўся нумар палявой пошты. Ні бацькі, ні дзяўчына не разумелі, дзе праходзіць службу малады салдат, толькі пазней сэрца агнём апякла здагадка: Сярожа там, у Афганістане! А ён ніводным словам не намякнуў, што жыве за крок ад смерці, і тыя цяжкія пераходы ў гарах, калі ступні націралі да крывавых мазалёў, апісваў як нейкі забаўляльна-прыгодніцкі элемент з бесклапотнага армейскага жыцця. Ёй было дзіўным чытаць, што байцы жывуць у зямлянках, куды правялі нарэшце святло, смяялася з сяброўкамі-аднакурсніцамі пад шматлікімі пацешнымі радкамі, толькі потым зразумела, як кахаў ён яе, аберагаючы ў пісьмах ад трывогі! Чакала і верыла: бяда міне. Сярожа ж не дазволіў дакрануцца да памяці тых двух гадоў найскладанай службы ў пагранічным атрадзе на тэрыторыі Афгана нікому: ні родным, ні любімай дзяўчыне, сапраўднае каханне якой зберагло ад смерці. Для яго і яе — першае, адзінае, і на ўсё жыццё, са школьнай пары і да сённяшняга дня. Фотаздымак Наташы Сярожа насіў каля сэрца, разам з дакументамі, ён лічыў яго шчаслівым талісманам-абярэгам. Хлопцы-саслужыўцы зайздросцілі, што ў Сярожы нявеста — сапраўдная прыгажуня; ён жа, гледзячы на дарагі дзявочы твар, шаптаў: “Выжыву. Вярнуся. Дзеля каханай…” Малітва ж Наташынай істоты перапляталася са словамі папулярнай у тыя далёкія гады песняй “Афганскі вальс”.
…Белый танец, белый танец…
Как же это? Так нечестно!
Где ты, русский мой афганец?
Ждёт тебя твоя невеста!
Возвращайся, возвращайся
От обугленной границы…
І ён вярнуўся! Як цяпер памятае Наталія Яўгеньеўна сонечны лістападаўскі дзень 1989 года, калі прыбегла сяброўка: “Сярожка твой вярнуўся! Тэлефанаваў, хутка прыйдзе!” Здалося, што свет перакуліўся ад радасці. Вечарам ён з’явіўся да яе ў інтэрнат інстытута з букетам гваздзік, і яна нарэшце з палёгкай уздыхнула: “Жывы!” Сэрца тады не дазволіла засумнявацца Наталіі Яўгеньеўне, што сярод іншых паклоннікаў ён — яе шчаслівы лёс…
Адаптацыя пасля дэмабілізацыі праходзіла няпроста: палохала цішыня ў роднай хаце, не верылася, што сонейка нясе радасць, а не спалохі ад узрываў; насцярожваўся ад скрыпу веснікаў у двары, ад патрэсквання снегу пад нагамі суседа па вуліцы. Пяшчота, ласка, разуменне Наташы дапамаглі прывыкаць да звычайнай радасці існавання. Каханне тварыла цуды, а 28 красавіка 1990 года ўзляцела звонкім вяселлем, каб даць пачатак шчасцю сям’і Скок і захаваць памяць аб перажытым у пісьмах, а іх у сямейным архіве — 81! Немагчыма ў кароткім артыкуле перадаць святло, якое выпраменьвае каханне Наталіі Яўгеньеўны і Сяргея Іванавіча, аб ім можна здымаць кінафільмы. Адно хочацца сказаць: каштоўнасць яго ў тым, што за 34 гады сумеснага жыцця яно дапамагло ім стаць адным цэлым, поўнасцю растварыцца ў цудоўных дзецях і іх сем’ях — дачкі Аксаны (маёра службы па надзвычайных сітуацыях) і сына Дзяніса (працуе ў Белавія); зяця (маёр службы па НС) і нявесткі (інжынера) — другімі дачкой і сынам, а ўнукаў любіць больш за ўсіх на свеце!
І варта прыслухацца да мудрых слоў неверагодных у сваёй чалавечай вялікасці людзей: “Для нас прыкладам у жыцці ўвесь час з’яўляюцца нашы бацькі (дарэчы, бацькі Наталіі Яўгеньеўны ўжо 63 гады разам!), клопат аб іх і аб сваім бацьку (матуля памерла даўно) узяў на свае плечы Сярожа, — кажа Наталія Яўгеньеўна), яны дапамагалі нам усвядоміць, што сапраўднае каханне нельга паспрабаваць на смак, дакрануцца рукамі. Гэта такая каштоўнасць, у аснове якой — прыцяжэнне сэрцамі, пастаяннае запатрабаванне быць побач, гэта прызнанне: мне без цябе дрэнна, мне добра з табою. Гэта калі думаеш, адчуваеш аднолькава. Мы, бывае, не дамаўляючыся, купляем у магазіне адно і тое ж у адзін час. Гэта таксама ўзрастаючы з гадамі клопат адзін аб адным. Грошы — пустое, каханне — Божы Дар…І яно выратуе свет…
Галіна КАЛТУНОВА
Фота з архіва сям’і СКОК