Пазаштатны аўтар газеты «Полымя» Леаніла Дзянькевіч: «У нашым доме раённая газета не госць, а пастаянная і жаданая жыхарка»

На золку дзён свабоды,

вызвалення

Ледзь бачнай зоркай пушчу асвятляла.

І летапісцам адраджэння

Карэліцкага краю стала.

З народам гутарку вяла

Даходлівай і простай мовай,

І госцем кожнага сяла

Тваё жывое стала слова.

А ў нашым доме газета «Полымя» не госць, а пастаянная і жаданая жыхарка. Яе выпісваў наш тата, пасля старэйшы брат Леанід, які працаваў настаўнікам, і вось ужо 60 гадоў яна мая настольная газета, пастаянная спадарожніца жыцця. Нямала рэдактараў змянілася за гэты час, а сувязь мая з газетай працягваецца. Імёны некаторых працаўнікоў рэдакцыі зберагліся ў памяці: В. Жураўскі, Б. Малышаў, І. Дораш, У. Карпук, І. Шлык, Л. Лейка, С. Лука, В. Кунашка, П. Жэбрак, Г. Смалянка і іншыя.

Я заўсёды адчувала ўвагу, добразычлівасць з боку працаўнікоў рэдакцыі, кожнаму майму вершу, артыкулу знаходзілася месца на старонках газеты. І мая праца станоўча ацэньвалася. Карэліцкі райкам КПБ, раённы Савет дэпутатаў 17 лістапада 1977 года ўзнагародзіў мяне «За шматгадовую рабселькораўскую дзейнасць» Ганаровай граматай.

24 снежня 1988 года рэдактар газеты «Полымя» Уладзімір Іванавіч Карпук уручыў мне Ганаровую грамату за шматгадовае і плённае супрацоўніцтва з раённай газетай «Полымя».

4 лютага 2014 года Іван Аляксандравіч Шлык выказаў Падзяку за шматгадовае і плённае супрацоўніцтва з раённай газетай «Полымя» і ў сувязі з 70-годдзем газеты. Такую ж Падзяку я атрымала ад рэдактара Іны Іосіфаўны Лейкі ў сувязі  з 75-годдзем газеты «Полымя».

Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт узнагародзіў мяне Дыпломам І ступені раённага літаратурнага конкурсу «Слово о земле кореличской» да 75-годдзя з дня ўтварэння Карэліцкага раёна.

Гэтыя ўзнагароды — высокая ацэнка не толькі маёй творчасці і пазаштатнай шматгадовай працы, але і рэдактараў, калектыву журналістаў, з якімі я супрацоўнічала, якія дзяліліся са мной вопытам, вучылі майстэрству журналістыкі. І ў сэрцы заўсёды цепліцца агеньчык удзячнасці за іх увагу і дапамогу.

Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць галоўнаму рэдактару Іне Іосіфаўне Лейка за штомесячны выпуск літаратурнай старонкі «Рэчанька» і яе нязменнаму кіраўніку Галіне Паўлаўне Калтуновай. Чытачы чакаюць з нецярпеннем выпуска «Рэчанькі». Яна дае магчымасць любому жыхару раскрыць свае паэтычныя здольнасці, зрабіць першую пробу пяра.

Газета «Полымя» ахоплівае ўсе планы і пастановы ўлады, усе падзеі і вынікі працы калектываў нашага рэгіёна, асобных сем’яў і грамадзян, іх радасць і гора. І яе нельга замяніць ні адным другім інфармацыйным сродкам. І я жадаю, каб на яе старонках друкавалася яшчэ больш матэрыялаў на патрыятычныя тэмы, асвятлялася арганізатарская праца раённага камітэта БРСМ  па выхаванні моладзі і падрастаючага пакалення, артыкулаў аб працаўніках палёў і фермаў.

У дзень юбілею шчыра, ад усёй душы віншую ўсіх работнікаў рэдакцыі  і жадаю здароўя, шчасця і новых творчых поспехаў у працы.